Вы тут

На пасяджэнні Савета Міністраў абмеркавалі бюджэт на наступны год


На пасяджэнні Савета Міністраў, якое адбылося ўчора, абмеркавалі бюджэт на наступны год, а таксама праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі. Як адзначыў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, гэта сустрэча — заключны элемент першага этапу фарміравання пакета прагнозных дакументаў перад накіраваннем іх на разгляд кіраўніка дзяржавы.


Сяргей Румас таксама звярнуў увагу, што на сёння дасягнутае разуменне па ўсіх ключавых пытаннях. Прынцыповым застаецца забеспячэнне выканання параметраў пяцігадовай праграмы. У дакладзе міністра эканомікі кіраўнік урада папрасіў паведаміць пра «вузкія месцы» ў вырашэнні гэтай задачы.

«Крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці старшынь гар- і райвыканкамаў з'яўляецца стварэнне новых рабочых месцаў», — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Ён папрасіў губернатараў арганізаваць працу з кіраўніцтвам выканкамаў на гэтым узроўні, як таго і патрабуюць пэўныя дакументы.

Акрамя таго, кіраўнік Савета Міністраў звярнуў увагу, што прынцыповае патрабаванне па збалансаванасці рэспубліканскага бюджэту захоўваецца. Расходы не павінны перавышаць даходы.

Што датычыцца Міністэрства фінансаў, Сяргей Румас адзначыў: «Прашу ў дакладзе акцэнтаваць увагу на асноўныя напрамкі расходаў бюджэту з улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб 10-працэнтным скарачэнні расходаў на дзяржаўную падтрымку рэальнага сектара з прапарцыянальным павелічэннем фінансавання сацыяльнай сферы. Нагадаю, што ўрад на 2019 год паставіў для сябе мэтавую задачу — дабіцца ўзроўню заработнай платы ў бюджэтнай сферы не меншага за 80 % сярэдняй заработнай платы па краіне. Памер пенсіі па ўзросце павінен быць не ніжэйшы за 40 % ад сярэдняй заработнай платы».

Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой пракаментаваў, што тэмп росту ВУП захаваны на ўзроўні 104 %. Каля 75 % гэтага прыросту чакаецца за кошт унутранага попыту і прыкладна 25 % — за кошт знешняга. «Вядома, спачатку мы планавалі, што доля экспарту будзе крыху вышэйшая. Але гэтыя знешнія ўмовы, якія змяніліся літаральна ў апошні месяц, вымусілі нас зрабіць пэўныя карэктывы», — растлумачыў міністр эканомікі.

— Асноўнымі драйверамі нашага росту застануцца налета інвестыцыі і экспарт. Мы свядома павялічылі тэмпы па інвестыцыях прыкладна ў два разы ў параўнанні з тэмпамі ВУП на ўзроўні 109,5 %. Гэта цяжкае заданне для нашых суб'ектаў гаспадарання, але па той рабоце, якую мы ўжо правялі, відаць, што 28 мільярдаў рублёў, якія мы запланавалі прыцягнуць у якасці інвестыцый у наступным годзе, цалкам рэальныя. І па крыніцах на сёння мы бачым ужо 80-працэнтнае напаўненне гэтага задання. 671 праект ужо пацверджаны, гэта значыць інвестыцыі стануць вельмі сур'ёзным драйверам на нашым унутраным рынку, — паведаміў Дзмітрый Крутой.

Што датычыцца паслуг, тэмп экспарту плануюць на ўзроўні 107,6 %. Пры гэтым ключавыя паслугі, такія як ІТ, інфармацыйныя, турыстычныя, будуць расці з тэмпам 112 %. Агульны прырост па гэтым сектары прыкладна 700 мільёнаў долараў. І ўпершыню агульная валютная выручка ад гэтага сегмента дасягне ўзроўню 9,7 мільярда долараў. На думку міністра, транспартныя, лагістычныя і ІТ-паслугі становяцца для беларускай эканомікі тымі «нафтай і газам», якіх у нас няма.

Таксама Дзмітрый Крутой паабяцаў: «У нас колькасць занятых у эканоміцы ўвогуле ў наступным годзе вырасце. Нягледзячы на адмоўны ўплыў дэмаграфічнага фактару, мы яго поўнасцю кампенсуем той пенсійнай рэформай, якая праводзіцца. І той прырост на 9-10 тысяч чалавек у цэлым будзе забяспечаны толькі за кошт эканамічнага фактару — тых новых інвестыцыйных праектаў, якія будуць рэалізоўвацца, і стварэння новых рабочых месцаў».

Сяргей Калечыц, намеснік старшыні праўлення Нацбанка, расказаў: «Мы разлічваем стрымаць інфляцыю ў межах 5 % (на снежань у адносінах да снежня папярэдняга года). Для гэтага мы будзем працаваць у рэжыме манетарнага таргетавання, гэта значыць ажыццяўляць кантроль за шырокай грашовай масай, працягнецца паступовае зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак па меры магчымасці. Курсавая палітыка па-ранейшаму захавае дастатковую гнуткасць, каб своечасова рэагаваць на тыя знешнія шокі, якія мы часам адсочваем. Захаваецца задача нарошчвання золатавалютных рэзерваў».

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Яшчэ раз пра заробкі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.