Вы тут

Дзённiк XXV навукова-асветнiцкай экспедыцыi «Дарога да Святыняў»


Дваццаць пяць гадоў таму экспедыцыя прайшла па сваім першым маршруце. Арганiзатары яе задумалi сабраць невялiкую групу энтузiястаў каб з лампадаю, у якой гарэў Дабрадатны агонь ад Гроба Гасподняга, i з цудатворным Загор'е-Сталавiцкiм абразом пабываць у розных гiстарычных мясцiнах Беларусi. Пабываць не толькi дзеля таго, каб сустрэцца з жыхарамi i пачуць ад iх расповеды пра свой край, але i падзялiцца з аўдыторыяй сваiмi ведамi. У склад экспедыцыi увайшлi вядомыя гiсторыкi, пiсьменнiкi, дзеячы мастацтва, вучоныя тэолагi i святары. 


Такi склад, такая ж мэта экспедыцыi захоўваецца на працягу чвэрцi стагоддзя. За гэты час сотнi энтузiястаў працавалi у складзе экспедыцыi. Больш за 30 тысяч тысяч кiламетраў складае агульны маршрут, праведзена мноства навукова-творчых канферэнцый у гарадах i вёсках, асвечаны Благадатным агнём сотнi пахаванняў абаронцаў Радзiмы, пасаджаны Сады супольнай малiтвы. Больш трох мiльёнаў чалавек прайшлi у супольным Хросным ходзе з лампадаю, у якой гарыць Дабрадатны агонь.

Зрэшты, экспедыцыя, як састаўная частка свята Дня беларускага пiсьменства вядомая шырока. Юбiлейная ХХI экспедыцыя адправiлася 29 жніўня ранiцай, каб несцi асвету i духоўнасць. 

У пяцiдзённы шлях паломнiкаў праводзiў епiскап Венiямiн, ён прачытаў слова на дарогу ад Мiтрапалiта Паўла. 


Вечарам 1 верасня экспедыцыю "Дарога да Святыняў" урачыста сустракалi ў Iванава  - сёлетняй сталiцы Дня беларускага пiсьменства. Хрэсным ходам разам з жыхарамi раённага цэнтра паломнiкi прайшлi да храма Пакрову  Прасвятой Багародзiцы, дзе адбыўся малебен, прагучалi пропаведзi святарства i выступленнi удзельнiкаў экспедыцыi. На лампадкi i свечкi гараджан быў перададзены Дабрадатны Агонь ад Гроба Гасподняга. 

Ранiцай першай нядзелi верасня каля сярэдняй школы N 3 быў пасаджаны Сад малiтвы. Пасля Божай лiтургii, наперадзе агульнага урачыстага шэсця прысвечанага 595-годдзю Iванава i XXV Дню беларускага пiсьменства удзельнiкi экспедыцыi прыйшлi на галоўную святочную пляцоўку. 


Максiм (хлапчук з паселку Целеханы Iвацэвiцкага раёна) дапамагаў мне выбраць прыгаршню жалудоў у высокай траве пад старымi дрэвамi. Дрэвы ўзвышалiся перад мясцовай царквой. Калi я сказаў яму, што хачу пасадзiць жалуды пад Мiнскам - хлапчук сур'ёзна параiў: "То сачыце, каб не папсаваць, бо не вырастуць!"

Каб раслi здаровымi ды разумнымi - жадалi удзельнiкi экспедыцыi усiм сваiм юным суразмоўцам на сустрэчах прысвечаных першаму верасня. Пiсьменнiк Анатоль Бутэвiч выступiў у Крайскай школе i перадаў для школьнай бiблiятэкi дзiцячыя кнiгi i духоўную лiтаратуру, а я расказаў iм пра найстарэйшую беларускую газету "Звязда" i параiў глядзець анлайн-рэпартаж пра дзейнасць экспедыцыi. 

Напярэдадні, у Целяханах, наша экспедыцыя удзельнiчала у супольным набажэнстве, музыкi i паэты выступалi на iмправiзаванай сцэне каля увахода у храм. 


Узнёслым спевам вiтаў хор "Амофар" прыезд нашай экспедыцыi ў старажытныя Ружаны. Каля муроў дварцовага комплексу рода Сапег прайшла урачыстая сустрэча.

Тут у рукi ганаровага кiраўнка экспедыцыi пiсьменнiцы Нiны Загорскай быў перададзены вiтальны хлеб-соль. Пасля хрэснага хода да мясцовай царквы адбыўся малебен i сустрэчы з жыхарамi. Перад ад'ездам паломнiкi мелi магчымасць паглядзець, як выглядаюць прыгожыя вулiцы старога пасёлка а на развiтанне - пасадзiлi перад сценамi старажытнай царквы дваццаць пяць малодзенькiх дрэўцаў (у гонар 25-й па лiку Мiжнароднай экспедыцыi).


Святое поле каля вёскi Загор'е (Баранавiцкi раён) - месцавызначальнае для экспедыцыi "Дарога да Святыняў". У зямлi гэтага поля быў калiсьцi знойдзены Загор'е-Сталавiцкi абраз, прызнаны ў наш час цудадзейным. Па гэтай зямлi ў мiнулыя стагоддзi кацiлiся крывавыя хвалi розных войн. На гэтым полi намаганнямi экспедыцыi за апошнiя гады створаны праваслаўны мемарыял памяцi ўсiх ахвяр - невялiчкая каплiчка, сiмвалiчнае пахаванне,  высаджаны алеi памяцi. 

Таму Святое поле значыцца на ўсiх маршрутных картах экспедыцыi.  Вось i сёлета дваццаць пятая юбілейная экспедыцыя прыбыла сюды, каб разам з архiепіскапам Стэфанам правесцi малебен, пагутарыць з вяскоўцамi, пазнаёмiць iх з выданнямi духоўнай i асветнiцкай лiтаратуры. 


Старажытны Клецк сустракаў экспедыцыю познiм вечарам. Запаленыя лiхтары на вулiцах яшчэ супернiчалi са светлай, вузкай палоскай светлага неба на захадзе. Але ўсё гэта хутка саступiла новай прыгажосцi - ад сцен старой царквы паплылi ва ўсе бакi агеньчыкi свечак. Гэта пасля набажэнства, ад лампады прынесенай экспедыцыей, запалiлi свае свечкi гараджане. 

Неўзабаве на сцэне ў цэнтры горада загучала музычна-паэтычная кампазiцыя - прывiтанне ад удзельнiкаў прыехаўшай ў Клецк экспедыцыi. Народная артыстка Беларусi Марыя Захарэвiч чытала любiмыя ўсiмi вершы, выступаў паэт Вадзiм Спрынчан, спяваў бард Алесь Камоцкi, а ганаровы кiраўнiк экспедыцыi лаўрэат прэмii "За духоўнае адраджэнне" Нiна Загорская распавядала пра нашу агульную духоўную спадчыну. 


Блiзу вёскi Верхлес Чэрвеньскага раёна экспедыцыйны караван прыпынiўся сярод бяскрайняга поля перад пагоркам, парослым гонкiм беразняком. Тут на ўзвышшы знаходзяцца унiкальны камень-следавiк i каменны крыж. Некалькi пратаптаных у густой траве сцежак з усiх бакоў i дагледжаная, абнесеная каванай агароджай пляцоўка сведчаць пра тое, што вяскоўцы шануюць сваю рэлiквiю, прыходзяць да яе часта. 

Паводле паданняў, калiсьцi Мацi Божая тройчы бывала ў гэтым месцы. Першы раз яна накiравалася адгэтуль да вёскi Дудзiчы. Другi раз - да вёскi Навасёлкi. Трэцi раз - пакрочыла да вёскi Ляды. На камянi застаўся адбiтак яе стапы. 

Паданне i па сёння прыцягвае сюды мноства тых, хто звяртаецца да Мацi Божай з малiтвай пра дапамогу. 

Археолага-этнаграфiчнае даследванне пацвердзiла, што пагорак з'яўляецца малым гарадзiшчам VIII-X ст. У дахрысцІянскiя часы, верагодна - месцам паганскага культу.


 

Прыезд экспедыцыi у вёску Малыя Ляды Смалявiцкага раёна не парушыў размеранае жыццё мясцовага Мужчынскага манастыра. Адзiн з летапiсцаў гэтай старажытнай святынi паўтара стагоддзя таму узгадваў мясцовае паданне пра тое, як жонка мiнскага ваеводы Завiша ў знак падзякi за ацаленне ад хваробы паспрыяла ўзнiкненню тут святога прытулку.

Святарства гасцiнна сустрэла паломнiкаў юбiлейнай, дваццаць пятай экспедыцыi, пазнаёмiла з мiнулым i сёнiшнiм днём манастыра. У час навукова творчай канферэнцыi узгадывалася, як манастырскi уклад садзейнiчаў духоўнай асвеце, спрыяў кнiгадрукаванню. 

Выступленне ўдзельнiка экспедыцыi, вядомага археолага Пятра Лысенкi стала для насельнiкаў манастыра i жыхароў вёскi найцiкавейшым экскурсам у мiнулае. 


Першы пункт маршрута - горад Лагойск, дзе на ускраiне ля скульптуры Лагойскага абраза Божай Мацi нас сустракалi жыхары. Тут прагучалi вiтальныя словы ад духавенства, прадстаўнiкоў улад. Хрэсным ходам усе разам прайшлi да мясцовай Свята-Мiкалаеўскай царквы, якая пабудаваная ў 1866 годзе. Пасля набажэнства удзельнiкi экспедыцыi раз'ехалiся на творчыя сустрэчы з жыхарамi. Здымкi гэтага фотарэпартажу знаёмяць з памятнымi момантамi у час набажэнства перад ад'ездам i сустрэчы ў Лагойску.

Адзiн са здымкаў знаёмiць з удзельнiцай экспедыцыi Марыяй Грыб (яна майстар залатога шыцця, вязе з сабой падарунак - адзенне для святара, якое пашыла сама).

Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».