Вы тут

velcom падтрымаў праекты па вывучэнні беларускай мовы праз гульні і забавы


28 жніўня ў «Кнігарні Логвінаў» адбылася прэзентацыя праекта «Скарбонка гульняў», накіраванага на тое, каб дапамагчы дзецям вывучаць беларускую мову і зрабіць яе арганічнай часткай іх штодзённага жыцця. Праект рэалізаваны пры падтрымцы кампаніі velcom.


– Праект «Скарбонка гульняў» заснаваны на прынцыпе навучання праз гульню як найбольш эфектыўным спосабе засваення новых ведаў маленькімі дзецьмі. Яго стваральнікамі распрацаваны 34 гульні, з дапамогай якіх дзеці вучаць літары беларускага алфавіта, назвы жывёл, птушак, раслін, вучацца чытаць па складах беларускія словы і любіць родную мову. Гульні можна выкарыстоўваць на занятках у дзіцячых садках і школах, а таксама гуляць у іх дома, усёй сям'ёй, - расказалі арганізатары.

Праект прайшоў у фінал конкурсу Social Weekend 11, дзе атрымаў не толькі высокую ацэнку журы, але і фінансавую падтрымку ад кампаніі velcom, якая адзначыла яго у сваёй спецыяльнай намінацыі «Па-беларуску». Такім чынам ужо ў верасні бягучага года камплекты 3 гульняў для вывучэння беларускай мовы змогуць ацаніць і тыя, для каго яны прызначаныя, – дзеці і іх бацькі.

Аўтар праекта «Скарбонка гульняў» – настаўніца пачатковых класаў з Мінска Наталля Галко з больш чым дваццацігадовым стажам работы з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

– Спакон веку дзеці вучыліся ўсяму, што спатрэбіцца ім у жыцці, менавіта праз гульню, якая ператваралася для іх у сапраўдную школу. І таму мяне так натхніла ідэя скарыстацца такім фарматам, каб дапамагчы дзецям з самага малога ўзросту пазнаёміцца з беларускай мовай, палюбіць яе гэтак жа, як яны любяць гуляць. Я вельмі ўдзячная ўсім, каго мая ідэя прывабіла і пераканала, — гэта і конкурс Social Weekend, і кампанія velcom – за дапамогу і падтрымку. І спадзяюся, нашым галоўным суддзям і крытыкам – дзецям – таксама спадабаецца вынік, – адзначыла Наталля Галко.

Дар'я СПЕВАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?