Вы тут

Як дагадзіць кавунам?


Не адзін год разам з жонкай вырошчваем кавуны на сваёй фазэндзе пад Лагойскам. Вялікі вопыт дазваляе нам здымаць добрыя ўраджаі гэтай цудоўнай ягады. Першыя гады кавуны мы садзілі ў цяпліцах, дзе нескладана стварыць ідэальныя ўмовы для выспявання паўднёвай культуры. Апошнія ж тры гады практыкуем расадны спосаб вырошчвання ў адкрытым грунце, што крыху складаней і патрабуе больш карпатлівай работы па доглядзе за пладамі.


Сёння мы цвёрда ведаем: для таго каб вырасціць буйныя і спелыя плады кавуноў у адкрытым грунце, неабходна браць толькі насенне хуткаспелых сартоў. Вегетацыйны перыяд у такой расліны крыху больш за тры месяцы, шмат залежыць і ад таго, які будзе сезон. Не трэба забывацца, што кавун — святло- і цеплалюбівая расліна. Гэту ягаду трэба вырошчваць на ўзвышаных градках у добра асветленых, сонечных месцах.

Градкі пад кавуны мы рыхтуем з восені. Перакопваем глебу і добра ўгнойваем. Выкарыстоўваем выспелы кампост, куды дадаём мінеральныя ўгнаенні, аміячную салетру і попел. Вясной градкі ажыўляем і падымаем глебу на 15—20 см вышэй звычайнага ўзроўню.

Насенне на расаду сеем у сакавіку ці пачатку красавіка (!) у спецыяльныя ёмістасці і вырошчваем у цяпліцы. У адкрыты грунт на падрыхтаваныя градкі высаджваем яе ў канцы мая ці пачатку чэрвеня па разметцы, дакладна праз кожныя 1-1,2 метра! Пры перасадцы яе на пастаяннае месца робім дазіраваны паліў і лёгкую падкормку. Уздоўж па палосах пасадак ставім спецыяльныя стойкі з лёгкімі металічнымі палосамі, на якія пасля падвязваем кавуновыя плеці.

Уздоўж градак высаджваем расліны-меданосы для заваблівання пчол і іншых апыляльнікаў, а таксама апыляем расліны ўручную.

Не забываем прышчэпліваць бакавыя парасткі, каб уся сіла раслін пайшла на адно сцябло. Калі завяжуцца 3-5 пладоў, сцябліну прышчэпліваем, а слабую завязь адразу выдаляем.

Першую падкормку выконваем недзе праз тыдзень пасля пасадкі расады, а наступныя — 2-3 разы на месяц. Для гэтага выкарыстоўваем настой з зялёнай (газоннай) травы, а таксама мінеральныя ўгнаенні, аміячную салетру (15—20 г на вядро вады). А каб павысіць салодкасць пладоў, дадавайце ў падкормкі драўнінны попел.

У час выспявання дажджы для гэтай ягады могуць быць шкодныя. Лішні ці несвоечасовы паліў, да таго ж халоднай вадой — гэта адна з асноўных памылак нявопытных дачнікаў. У гэтай расліны магутныя, глыбока залягаючыя карані, якія выдатна здабываюць сабе вільгаць з зямлі, таму аднаго паліву на тыдзень цалкам дастаткова для кавуна. Пры гэтым трэба выкарыстоўваць толькі летнюю адстоеную цёплую ваду. Дарэчы, квітнеючыя расліны наогул не маюць патрэбы ва ўвільгатненні (інакш наш кавун будзе менш салодкім)! Пасля паліву глебу пад раслінай заўсёды трэба рыхліць для добрай вентыляцыі і падпіткі кіслародам.

У выспелых кавуноў — сухі хвосцік і бліскучая скурка.

Яўген САЛАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?