Вы тут

Заўжды... не гатовыя?


Тэма чарговай калонкі «СГ» нарадзілася, выбачайце за каламбур, з дыскусіі аб нараджэнні. Вось навіна, якую на мінулым тыдні не прапусцілі нават лянівыя. Падчас перапісу насельніцтва ў 2019 годзе беларусам будуць задаваць новыя пытанні — у прыватнасці, у жанчын пацікавяцца пра жаданне мець дзяцей. Лагічнае пытанне: чаму толькі ў жанчын? Як растлумачылі прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, «бо толькі жанчыны ў нас нараджаюць». З аднаго боку, зразумела і правільна. Але з іншага — прабачце, нараджаюць жа не ад духа святога! І ў ідэале падобны жыццёва важны крок мусяць папярэдне абмеркаваць абое — пара, сям'я. Выбачайце за пафас, але нарадзіць дзіця — гэта вам не завесці кацяня, не машыну набыць і не пазыку ўзяць, а выпусціць у свет новае жыццё, пасля чаго ваша ўласнае (спытайце бацькоў, калі не верыце) ужо больш ніколі не будзе ранейшым.


І хоць момант уключэння падобнага пытання ў перапісную анкету вельмі сумнеўны і спрэчны, нават з улікам клопату аб дэмаграфіі, але нельга адрасаваць яго толькі аднаму чалавеку, тым самым ускладваючы на яго адказнасць за агучаны адказ — якім бы ён ні быў. Нездарма і ў прыватных размовах, і на форуме ў інтэрнэце праз адзін сустракаюцца каментарыі: «Калі пра тое ж самае спытаць у мужчын, вынікі будуць зусім іншыя». А далей, як водзіцца, пайшло-паехала...

Адны канапавыя эксперты ўпэўненыя, што ўся справа ў мужчынах. Гэта яны ў пераважнай большасці спачатку ў штыкі ўспрымаюць адну толькі ідэю пайсці ў дэкрэтны водпуск (у 2017 годзе скарысталіся законнай магчымасцю водпуску па доглядзе за дзіцем 3169 татаў) і лічаць здзекам работу выхавацеля дзіцячага садка альбо, крый Божа, нянечкі. А потым яны ж гучна скардзяцца на «татальнае жаночае выхаванне» дзяцей і на тое, што ў сям'і іх успрымаюць як хадзячы кашалёк. ...Паклаўшы руку на сэрца, шаноўныя чытачы-мужчыны, асабіста вы, кожны з вас, што-небудзь зрабілі для таго, каб змяніць сітуацыю, альбо звыкла адмахнуліся: «Хай так», — і зноў рушылі зарабляць грошы?

Як водзіцца, другая частка крытыкаў вінаваціць жанчын. Маўляў, і ўласную фігуру яны шкадуюць, і фізічна ды маральна напружвацца не хочуць, і, самае галоўнае, усю дарогу маніпулююць дзецьмі: захачу — нараджу, не захачу — зраблю аборт, захачу — развядуся і высмакчу з былога мужа аліменты, а дзяцей так і так пакінуць з мамай...

Хоць, канешне, усё гэта крайнасці, і ў чыстым выглядзе яны сустракаюцца не так часта, як мы адзін аднаму даказваем. Хутчэй за ўсё, ісціна зноў недзе побач, недзе пасярэдзіне гэтых перакананняў-антаганістаў. Магчыма, яна ў тым, што ўсе мы мала або зусім не ўяўляем, з якімі складанасцямі давядзецца сутыкнуцца? Хтосьці бачыць жыццё з дзецьмі як карцінку з глянцавага часопіса і балюча б'ецца аб «нефаташопленую» рэчаіснасць, хтосьці, наадварот, загадзя прыдумвае сабе страшылкі і не рашаецца нават паспрабаваць зрабіць крок наперад, прыдумляючы адгаворку пра «не хачу пладзіць галечу» і «мы яшчэ не гатовыя»... А магчыма, мы самі вельмі часта не ўмеем дамовіцца на беразе — шчыра пагутарыць са сваёй палавінкай пра жыццёвыя планы: хто марыць пра пяцёра дзяцей і сабаку, а хто не задумваўся пра дзяцей наогул?

Ніхто не ведае вашы жаданні лепш за вас саміх, і ніхто, нават блізкі чалавек, не мусіць іх угадваць. Таму пакіньце развагі пра гатоўнасць ці негатоўнасць для каструлі з баршчом, а сабе і каханаму — галоўнае, не хлусіць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.