Вы тут

Рэцэпты


Марынаваны вінаград са спецыямі

Спатрэбіцца: 1 кг вінаграду, 5 шт. духмянага перцу, 5 шт. гваздзікі, палачка карыцы, 1,5 л вады, 0,5 кг цукру, 100 г лімоннай кіслаты.

Падыдзе вінаград любога сорту, таксама можна выкарыстоўваць некалькі відаў, чаргуючы іх пластамі ў слоіках. Падзяліце гронкі вінаграду на галінкі па шэсць ягад. Складзіце вінаград у слоікі, перад гэтым паклаўшы на дно спецыі. Гатуем марынад з вады, цукру і лімоннай кіслаты і, калі ён будзе кіпець, заліваем у слоікі з ягадамі. Даём пастаяць пяць хвілін, зліваем марынад, зноў даводзім яго да кіпення і заліваем кіпнем ягады. Закатваем, ставім слоікі накрыўкай уніз і ахінаем цёплай коўдрай на суткі.

Захоўваем у цёмным прахалодным месцы.


Пірог «Натхненне»

Спатрэбіцца: мука — 250 г, яйка курынае — 5 шт., масла — 200 г, цукар — 210 г (150 г — у цеста, 60 — у крэм), малако — 50 мл, разрыхляльнік цеста — 1 ч. л., ванільны цукар — 1 пач., соль (дробка), персік — 800 г свежых або 1 бляшанка кансерваваных, груша — 0,5 кг, смятана 25 % — 400 г, міндальныя пялёсткі альбо цэлыя арэхі — 50 г.

Свежыя персікі разрэзаць на палавінкі, выдаліць костачкі і заліць крутым кіпнем на дзве хвіліны, затым абліць халоднай вадой і зняць скурку. Пакласці палавінкі ў міску, засыпаць цукрам і пакінуць на 20 хвілін.

Для цеста масла ўзбіць міксерам з цукрам, соллю і ванілінам, дадаць яйкі і зноў добра ўзбіць. Затым прасеяць муку з разрыхляльнікам, уліць малако і замясіць цеста.

Бляху 30х25 см вышмараваць маслам або заслаць пякарскай паперай, выкласці цеста і разраўняць яго. Зверху радамі выкласці парэзаныя долькамі персікі. Грушы ачысціць і нарэзаць маленькімі кубікамі, апырскаць лімонным сокам і насыпаць паміж долькамі персікаў. Выпякаць пры 180 °С каля 40 хвілін.

Для крэму за дзве-тры хвіліны да гатоўнасці пірага змяшаць смятану з цукрам, трохі ўзбіць міксерам. Пірог выняць з духоўкі і адразу ж, на гарачы, выкласці халодны крэм са смятаны, тады ён лепш застывае і становіцца больш далікатным.

Хвілін праз 20 можна пасыпаць пірог здробненымі міндальнымі арэшкамі або міндальнымі пялёсткамі, злёгку падсмажыць у духоўцы. Трохі астудзіць пірог і затым асцярожна выняць з формы. Калі пірог цалкам астыне, паставіць яго на дзве-тры гадзіны ў халадзільнік.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?