Вы тут

Сакрэты сямейнага шчасця ад невідушчага музыканта Мікалая Варапая


І яго другой палавінкі Галіны Мальцавай.

Можна лічыць, што любоў да музыкі дзесьці паспрыяла іх сустрэчы. Але спачатку невялікі экскурс у мінулае суразмоўцы. Іграць на інструментах ён навучыўся яшчэ падчас вучобы ў Шклоўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку, пасля яе заканчэння без работы не сядзеў ні дня. Кіраваў хорам народнай песні на прадпрыемстве таварыства сляпых, быў дырэктарам культурна-рэабілітацыйнага цэнтра, начальнікам аддзела культурна-масавай работы на гэтым жа прадпрыемстве, нават паспеў папрацаваць прадпрымальнікам — займаўся музыкальным абслугоўваннем сямейных урачыстасцяў. Успамінае, як уразіла яго в'етнамскае вяселле. На стале ніякай гарэлкі і закускі, на 40 чалавек 40 бутэлек піва і столькі ж пачак семак. Пасядзелі гадзіны паўтары і разышліся. І ўсе былі задаволеныя. Бізнес — складаная рэч, але Мікалай работы не баяўся. Хапала і цяжкасцяў. Аднойчы лёс прывёў яго ў царкву, дзе ён пакаяўся і прыняў хрышчэнне. А хутка ў яго жыцці з'явілася Галіна. Спачатку іх стасункі абмяжоўваліся словамі «добры дзень!» і «пакуль». Мікалай 15 гадоў быў халасцяком і дзесьці ўжо звыкся з гэтым становішчам. Ужо і дарослая дачка нарадзіла яму дзвюх унучак — Ангеліну і Мілану. Пра сябе, адным словам, ужо і не думаў.


Мі­ка­лай і Га­лі­на.

Яна

Галіне Мальцавай у жыцці не вельмі шчасціла.

— Я пражыла ў шлюбе сем гадоў, потым збегла, — успамінае яна пра сваё першае замужжа. — Забрала дзяцей і прыехала сюды. Я ж сама з Забайкалля. Калі выходзіла замуж, не ведала, што мой абраннік так моцна п'е. А ён быў алкаголік-адзіночка. Прыходзіў дадому і піў да белай гарачкі. Словам, я не вытрымала. Збегла і 25 гадоў была адна. Думала, што ніколі больш не выйду замуж.

Да пенсіі Галіна працавала прыёмнай мамай — выхавала двух хлопчыкаў. Адзін — інвалід, у яго недаразвітыя рукі. Але гэта не перашкодзіла яму паступіць у Бабруйскі каледж мастацтваў. Ён яшчэ першакурснік, але малюе цудоўныя карціны, яго нават у прыклад ставяць. Другі сёлета ідзе ў дзясяты клас. У прыёмнай маці ён пражыў 11 гадоў, зараз вярнуўся ў біялагічную сям'ю. Галіна абодвум выхаванцам заўсёды ўнушала, што бацькі — гэта ад Бога. Яны маглі аступіцца, але для дзяцей нікога няма на свеце бліжэй, чым яны. Дзякуючы ёй хлопчыкі наладзілі адносіны са сваімі сем'ямі. «Цяпер у іх па дзве маці», — усміхаецца Галіна.

Дапамагаць іншым — гэта яе першасная задача. Доўгі час яна з аднадумцамі шэфствавала над выхаванкамі былой магілёўскай школы-інтэрната для дзяўчынак-сірот. Так атрымалася, што спецыяліст, які раней дапамагаў праводзіць музычныя вечары, не змог больш супрацоўнічаць з імі. І тады Галіна звярнулася да свайго новага знаёмага — Мікалая.

Яны

7 верасня спаўняецца роўна два гады, як яны распісаліся і павянчаліся.

— Яна прыехала да мяне і сказала: «Адпусці мяне, каб мы рассталіся, і я пра цябе больш не думала, — успамінае хвалюючыя моманты таго прызнання Мікалай. — А я стаў перад ёй на калені і сказаў: не адпушчу. У мяне да Галіны таксама былі пяшчотныя пачуцці, але баяўся, што ў адказ пачую — не.

— Мяне скарыла яго ўнутраная сіла: больш моцнага чалавека я не бачыла ў сваім жыцці. Гэта сіла дапамагла яму адбыцца і не зламацца, — Галіна з неверагоднай пяшчотай глядзіць на мужа.

— Нам добра разам, — гладзіць яе руку Мікалай. — Нават няма з-за чаго пасварыцца.

— А як спрэчныя пытанні вырашаеце? Кожнаму, напэўна, хочацца, каб паслухалі менавіта яго, — спрабую даведацца сакрэт такіх ідэальных узаемаадносін.

— У нас спрэчных пытанняў не ўзнікае, — паціскае плячыма Мікалай. І Галіна згодна ківае галавой. — Мы ўсё стараемся абмеркаваць. Напрыклад, я гавару, што пасля абеду гляджу футбол. Калі нешта трэба, давай зробім зараз. Усе спрэчныя пытанні ўзнікаюць ад нашага бязладдзя, мы самі гэтаму садзейнічаем. Трэба проста правільна расстаўляць акцэнты.

— А бывае так, што вы дазваляеце сабе, напрыклад, хадзіць дома непрыбраная? Маўляў, муж усё роўна не ўбачыць, — задаю правакацыйнае пытанне Галіне.

— Мікалай добра ведае, як і ў чым я хаджу, — усміхаецца яна.

— Я столькі гадоў пражыў у цемры, што добра навучыўся адчуваць тое, што іншыя бачаць, — кажа Мікалай.

Кожнаму з іх па 57 гадоў, Мікалай старэйшы за Галіну ўсяго на месяц. У такім узросце вельмі складана мяняць свае звычкі. Але і тут, кажуць сужэнцы, ёсць свае плюсы.

— Раней мне ўвесь час прыходзілася браць на сябе адказнасць за ўсе справы, — прыводзіць прыклад Галіна. — Цяпер я гэтыя функцыі з задавальненнем перадала Мікалаю. Ён вельмі надзейны і адказны чалавек.

Сяб­ры він­шу­юць Мі­ка­лая і Га­лі­ну з са­мым шчас­лі­вым днём у жыц­ці.

— Я жыў па-спартанску, нічым сябе асабліва не песціў, таму ад чагосьці адмаўляцца мне і не спатрэбілася. Затое цяпер Галіна замяняе мне вочы, — ва ўнісон жонцы кажа Мікалай.

Унутраны зрок

Ва ўяўленні большасці добры адпачынак удваіх — гэта паўднёвы курорт, мора, сонца амаль 12 месяцаў у год. Мае суразмоўнікі лічаць, што прыгажэй за беларускія пейзажы няма нічога. Проста ў грамадстве існуе стэрэатып, які ніхто чамусьці не падвяргае сумненню. Мікалай з Галінай вельмі любяць падарожнічаць і адкрылі для сябе цікавае месца на Браслаўскіх азёрах. Сёлета спецыяльна паехалі туды на дзесяць дзён. Знялі двухпавярховы катэдж на дзве сям'і — для сябе і для дачкі Галіны. Кухня, санвузел, усе выгоды — жыві і радуйся. Нават участак каля дома быў, дзе дазвалялася сарваць той жа агурок або кроп.

— Гэта такі сімпатычны хутарок на тры дамы, — удакладняе Мікалай. — У адным жылі мы, у другім гаспадары, а ў трэцім — фермеры. У апошніх мы куплялі малако і яйкі. Дзень пачынаўся са спеваў птушак. А пятай гадзіне раніцы ўсё навокал ажывала. Столькі птушак, як там, я яшчэ нідзе не чуў. Буслы над галовамі лёталі.

— Мы за гэтыя дзесяць дзён ні разу тэлевізар не ўключылі, і нават адзін дзень цалкам пратрымаліся без тэлефонаў, — смяецца Галіна.

Мікалай так смачна расказвае пра маляўнічыя пейзажы і так часта паўтарае слова «бачыў», што ў мяне закрадваецца сумненне — а мо чалавек не такі ўжо і невідушчы?

— Ён вельмі шмат бачыць таго, што мы нават не разумеем, — з любоўю глядзіць на мужа Галіна. — Ідзём па вуліцы дзе-небудзь, а ён папярэджвае: вунь там машына стаіць. І сапраўды стаіць. Прычым не заведзеная. Праўду кажуць: калі Бог забірае нешта адно, абвастраюцца іншыя пачуцці.

— Гэта ўсё мой унутраны зрок, — смяецца Мікалай. — Да мяне прыходзіць займацца вакалам хлопчык, якому дзевяць гадоў. Я чытаю па Брайлі, а ён пытаецца: як вы бачыце? Растлумачыў, што на кончыках пальцаў у мяне вочкі. Яму так стала гэта цікава, што ён прапанаваў згуляць у хованкі. Маўляў, знайдзіце мяне сваімі «вочкамі». Ён хаваўся, а я знаходзіў. Пасля гэтага было цяжка пераканаць яго, што я цалкам невідушчы.

Другое дыханне

Дзень сужэнцаў насычаны рознымі падзеямі і сустрэчамі. Мікалай з'яўляецца кіраўніком хору народнай песні ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Быў перыяд, калі ён адначасова ўзначальваў чатыры розныя харавыя калектывы. Зараз засталося толькі тры, два з якіх — народныя.

— Мы шмат часу праводзім сярод людзей. У Цэнтры культуры тройчы на тыдзень рэпетыцыі да позняга вечара. Вельмі шмат даём канцэртаў, за мінулы сезон — з верасня да чэрвеня — у нас было 67 выступленняў. І гэта не ўлічваючы яшчэ двух астатніх калектываў.

На Брас­лаў­скіх азё­рах з дач­кой Тац­ця­най і ўну­ка­мі.

— Я нават навучылася іграць на лыжках і трашчотках, — радуецца Галіна.

— А я спяваць стаў больш, — дадае Мікалай. — Нашы калектыўныя сустрэчы — гэта асаблівы псіхалагічны стан. Нават музыканты кажуць: пакуль ішлі на рэпетыцыю, адчувалася стома. А прыйшлі, заспявалі, і другое дыханне адкрылася. Узяць нядаўні фестываль агурка ў Шклове. Прыехалі, спякота страшная — плюс 30, на плошчы ні дрэўца. Пачалі спяваць — зарад з'явіўся. Мы адчуваем, што дастаўляем радасць іншым, і гэта натхняе. Усе нашы спевакі працуюць, але сіл хапае, каб вечарам на канцэрт паехаць. Транспарту свайго няма, карыстаемся грамадскім, але людзі не скардзяцца. Месяц былі канікулы, і ўсе засумавалі: кажуць, добра, што мы збіраемся, а то ўжо цэлую вечнасць не бачыліся. А нашы адносіны з Галінай, пасля таго як я яе ў хор пераманіў, яшчэ мацнейшыя сталі. Жывём і радуемся. У нас на траіх дзве дачкі, сын і восем унукаў. Дрэнна, калі чалавек адзін. У любым узросце хочацца стасункаў.

— Каб у сям'і былі мір і спакой, трэба ўмець размаўляць, — кажа Галіна. — Людзі могуць пражыць разам усё жыццё... і так і не навучыцца гэтаму. Яны будуць размаўляць пра здароўе, дзяцей, надвор'е, а вось сесці і расказаць адно аднаму, што адчуваюць, — не могуць. Першы час у нас таксама былі непаразуменні. Банальны прыклад. У маім доме заўсёды зімой была тэмпература плюс 21 градус — гэта камфортна для мяне. У кватэры Мікалая — 27. У мяне сэрца прыпынялася. Калі я казала, што мне дрэнна, ён думаў, што я крытыкую кватэру. Былі і іншыя дробязі. Пакуль мы не пачалі тлумачыць адно аднаму, што не так, адчувалася нейкая нацягнутасць. Менавіта таму сем'і і распадаюцца, што няма адкрытасці. Адно толькі — ты павінен, ты павінна.

— Мы стараемся нічога адзін ад аднаго не хаваць. Калі ёсць пытанні — прагаворваем, і праблемы згладжваюцца, — дадае Мікалай. — Рабочыя моманты стараемся пакідаць за дзвярыма, а калі ёсць пытанні, абмяркоўваем. Вось і ўвесь наш сакрэт.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.