Вы тут

Аб чым думаюць жанчыны, калі яны... думаюць


«Вам што — дагэтуль прыходзяць звычайныя лісты ў звычайных канвертах?» — здзівілася маладая каляжанка. І, здаецца, ёсць чаму: сёння пісьмо ад рукі і сапраўды нагадвае прывітанне з мінулага — калі не жыцця, то стагоддзя ўжо дакладна.

Мар'янаўна з усімі сваімі лістуецца па-сучаснаму. Ну чаму б і не, калі ва ўсіх мабільнікі, інтэрнэт: можна абменьвацца хоць пісьмамі, хоць так званымі эсэмэскамі, размаўляць па скайпе (найболей — з сынам, калі той дзе ў ад'ездзе, за межамі), дасылаць фатаграфіі... Адзінае тады — трэба момант злавіць. Яна вось надоечы, сеўшы плесці цыбулю, атрымала пачатак ліста: сын павітаўся, спытаў, як здароўе, ды паведаміў: «А ў нас навіна: Віка за...»

На гэтым пісьмо абрывалася.


Маці патрэсла мабільнікам, патыцкала на ўсе знаёмыя кнопкі. На «экране» нічога не змянілася. Набрала нумар, — пачула знаёмае «Абанент недасяжны» і стала думаць, ну што ж там зрабілася: што з Вікай, якая ўжо сёмы гадок замужам за сынам яе, за Лёнікам?.. Дачушка ў іх, Карына — можна сказаць, бабуліна гадаванка: нявестка з ёй, маленькай, у вёску прыехала (маці — недзе ў Чэлябінску, там — ніякіх умоў, а ўжо экалогія...). Тут жа, у свекрыві, свой дом з выгодамі і амаль што ў лесе, свежае паветра, малачко. Дзіця як сыр у масле купалася, на руках у бабулі, у дзеда, — мама і не вельмі патрэбная...

У горад вярнулася, на работу пайшла. Няхай, — думала тады свякроў. — Яны маладыя, ім разам пабыць ахвота, пагуляць, па канцэртах якіх пахадзіць. А малое ж ёсць каму дагледзець: яны з дзядулем першы год на пенсіі, гаспадарка невялікая. Так што часу хапае, і бавіць яго з дзіцем адно задавальненне, абы здаровае — яно. А вось маці яго...

«Віка за...» — па-ранейшаму «вісела» на экране.

Захварэла, ці што? — спужалася свякроў.

Бо яно ж здараецца, а па сённяшнім часе тым больш: гнілы нейкі свет стаў, розныя хваробы да людзей чапляюцца. І гэта за шчасце яшчэ, калі прастудныя, лёгкія, а калі...

У суседкі вунь таксама адзін сынок і адна нявестка. За Віку яна трохі старэйшая, але ж якія там гады — сарака нямашака, двое дзетак, і ўжо дзве аперацыі. Анкалогія... Расказвала, што іх, вось гэтакіх хворых, у бальніцах цэлы паток: і маладых, і старых, і рабочых, і розных начальнікаў. Пакутуюць бедныя...

Вось і ў гэтай жанчынкі толькі скура ды косці засталіся: грудзей (суседка па сакрэце сказала) няма, валасоў няма, ад той «хіміі» нават бровы ўсе павылазілі. Але ж яна малайчына: не паддаецца хваробе, змагаецца! Кажа, што любой атруты з'ела б ці выпіла, калі б ведала, што хоць крыху дапаможа, што дазволіць пажыць яшчэ — падгадаваць дзяцей, паклапаціцца пра мужа, пра бацькоў — і сваіх, і ягоных.

У Вікі, іхняй нявесткі, падобных думак ніколі не было: дзякуй богу, здаровая. Толькі і клопату мае, як пахудзець ды ў што прыбрацца. Валасы ўсё фарбуе — то рыжай прыедзе, то белай, а то аднойчы — зеленкаватай. Дзіця тады да слёз спужалася...

А вось пазногці матульчыны малая любіць. Яны, бывае, іх разам малююць. На кожны пальчык тады — ці не асобны колер, асобны лак, плюс розныя бубачкі-малюнкі зверху. Творы мастацтва ў выніку, а не пазногці! Малая потым усім паказвае, фарсіць. Ды і «вялікая» любіць пакрасавацца — без пальчатак нічога не робіць.

Зрэшты, і ў пальчатках таксама. Сын прыязджае, каб нешта дапамагчы, нявестка — каб пагасціць, адпачыць, дадому ежы набраць. А тут... Добра, калі гатовае на стол паставіць ды кубак ад кавы за сабой памые. Усё астатняе — так і цікуе, каб нехта зрабіў, бо ў яе ж дзіця, пазногці.

Вось і ў гэтыя выхадныя з Карынай іх размалёўвалі. Значыць, здаровая? Бо, калі б хворая, напэўна, не прыехала б? І не малявала б?..

Тады што ж за навіна ў іх? Што за гэтым абарваным «Віка за...»?

Зацяжарала? Божухна, няўжо?!

Апошнім часам яны з Лёнем нейкую дурную моду ўзялі: сталі прыязджаць паасобку. Пытала ў сына, чаму без жонкі? Той спярша прычыны выстаўляў, потым — хіба адмахваўся: маўляў, пустое, не звяртай увагі...

Тады на хітрай казе да нявесткі пад'ехала: спытала, можа, котка якая паміж імі прабегла, можа, нейкі камар укусіў?

Віка таксама доўга маўчала, але ж нядаўна як варам абліла — ляпнула: «Наш брак, похоже, исчерпан».

Свекрыві тады аж мову адняло: дзіця малое — як гэта «исчерпан»? Калі і хто яго «исчерпал»? Дзе вы ў гэты час былі? Куды глядзелі?

І потым — ну чаму не напаўнялі гэты свой «брак»? Клопатам пра дачушку, любоўю... Апроч таго сёння столькі магчымасцяў! Можна па свеце паездзіць — паглядзець, як людзі жывуць, можна далей вучыцца ды грошы зарабляць — на лепшыя машыны, на большую кватэру, на другое дзіця...

Мар'янаўна з мужам хацелі, каб трое было як мінімум, але ж...

Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Першае іх малое трох дзён не жыло (у бацькоў розныя рэзусы крыві). І з другім, з Лёнікам, яна паўгода па розных бальніцах ляжала: ледзь данасіла і сама пасля родаў выжыла. Так што яшчэ раз цяжараць ёй не выпадала.

А тут маладыя, здаровыя, ёсць каму дапамагчы...

Няўжо зразумелі? Няўжо памірыліся?

У іх цяпер, як выглядае, і сысціся, і разысціся, як плюнуць: толькі, здаецца, жаніліся — і «ўся любоў» ужо: гэты дрэнны, маўляў (ці дрэнная)...

А ты дык што? Паглядзіся ў люстэрка: «сама дасканаласць», аніводнага недахопу няма?..

І побач, можна падумаць, чарга стаіць — з гэткіх жа бездакорных, якія толькі і чакаюць, пакуль ты развядзешся, каб ажаніцца ці замуж узяць — з аліментамі, з дзецьмі, з вопытам ранейшых адносін...

Гэта ў кіно цяпер любяць паказваць, што айчымы ды мачахі лепшыя за родных бацькоў, а па жыцці...

Мар'янаўна такіх не бачыла. У іх вунь заатэхнік малады. Такая любоў была, ну такая любоў... Узяў маладзіцу з дзіцем — усынавіў, гадуе... Як з родным носіцца, калі цвярозы, а як лішніцы возьме, байструком малога заве.

Лёнік іх, дзякаваць богу, не п'яніца, не гультай, не гуляка, дзіця глядзіць, зарабляе.

Праўда, грошы жонцы не ўсе аддае...

І правільна, мусіць, робіць, бо той колькі ні дай — патраціць, прычым — ні на што. Не ўмее яна гаспадарыць: грошы, казаў, як вада ў прыгаршчах — вось толькі наліў, была і ўсё — нямашака...

А з мужа, бач ты, нечага хоча.

Мар'янаўна далікатна неяк спытала, чаго — якога ж ражна?

Тая носік задраўшы: «Вы не поймете, пожалуй».

Дык ты скажы — каб «поняла».

Віка абяцала — і падумаць, і адказаць.

Значыць, такі падумала? Яны будуць жыць, разам гадаваць дачушку?!

Цікава: хто гэтым разам народзіцца? Можа, хлопчык? Вось дзеду радасць была б. Той спіць і бачыць, можна сказаць, каб некаму сваю сталярку перадаць. Сын не вельмі ёй зацікавіўся, дык можа ўнук? А можа, дзяўчынка народзіцца — сястрычкай Карыне?

Добра і так, і гэтак. Абы дзіцятка...

Першае — толькі зацяжараўшы — нявестка хацела Сашам назваць. Ці Сашай. Прыгожае імя хоць для хлопчыка, хоць для дзяўчынкі. Усім падабалася. І ўжо звалі...

Віка ў апошні момант раздумала: запісала малую Карынай.

Дык Аляксандрам ці Аляксандрай, мо, назаве другое?

Пахрысціць яго можна тут — у іхняй цэркаўцы, як некалі дзеда, як Лёніка, як малую Карыну. Там прыгожа цяпер і да кожнага дзіцяткі столькі ўвагі... Вядома — вёска, хрысцін, можа, з дзясятак — за год, а ў горадзе — за гадзіну.

І хросныя ў іх ужо ёсць. Харошыя людзі. Не варта ж мяняць?

І ложак дзіцячы ў кладоўцы стаіць, і рэчаў ды цацак паўнюткая шафа. Лёня з усіх паездак прывозіў, Віка, можна сказаць, без ліку купляла, што трэба і не трэба.

Потым, праўда, раздавала ўсё — то два разы адзетае, то ні разу... Але ж нештачка свякроў «заціснула», прыхавала — нават з Лёневых рэчаў яшчэ, бо ад бабуль калісьці пачула, што брацікі-сястрычкі, вырасшы ў адных пялюшках, кашульках ды касцюмчыках, болей дружныя па жыцці.

Трэба, значыць, усё перабраць-перагледзець, адлажыць, што можа спатрэбіцца раней, што пазней. І рамонт у хаце зрабіць — пабяліць столі, паклеіць прыгажэйшыя шпалеры ў дзіцячым пакоі, у спальні маладых, пафарбаваць падлогі. Віка ж з дзіцем сюды прыедзе — хоць на гадок? А там, глядзіш, яны з Лёнем большую кватэру купяць — сын планаваў, каб Карына ўжо з новай у школу пайшла...

У садок яе не хацеў аддаваць. Тым больш — з двух гадкоў.

Нявестка на сваім настояла, усё даводзіла, што дзеці ў горадзе болей развітыя, чым у вёсцы, што ім патрэбна нейкая «ранняя сацыялізацыя», то-бок кантакты з іншымі дзецьмі, з адмысловымі спецыялістамі-выхавацелямі.

Мар'янаўна тады ледзьве змаўчала, так хацела сказаць, што яна, Вікуся, са сваёй гарадской «сацыялізацыяй» толькі прафтэхвучылішча скончыла, а Лёнік без яе (не было ў вёсцы садка) — і школу з медалём, і ўніверсітэт з чырвоным дыпломам...

Не, не дарэмна кажуць, што баба, пакуль з печы ляціць, сем дум перадумае: Мар'янаўна шмат што ўспомніла, на тры гады наперад спланавала жыццё — і сваё, і дзяцей. Калі б крама бліжэй ад дома была, нават шпалеры ўжо купіла б!..

«Хвост» ліста атрымала праз дзве гадзіны. Лёня паведаміў, што Віка...

Не, не захварэла, дзякаваць богу...

І не зацяжарала... На вялікі жаль.

Яна забрала дзіця і з'ехала ў Чэлябінск.

Валянціна ДОЎНАР

Загаловак у газеце: Недапісанае пісьмо

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.