Вы тут

Як дапамагчы дзіцяці наладзіць школьнае жыццё


У хуткім часе ў школах празвіняць першыя званкі, і чарговы вучэбны год дадасць клопатаў і школьнікам, і бацькам. Асабліва няпросты гэты час для тых, хто сёлета сядзе за парты ўпершыню. Нават для самых падрыхтаваных першыя месяцы ў школе абарочваюцца стрэсам. Як дапамагчы адаптавацца ўчарашнім дзетсадаўцам у новых абставінах і стварыць камфортныя ўмовы дома, чаго нельга ад іх патрабаваць і як не прапусціць трывожныя званочкі, расказала псіхолаг Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Галіна СТАНЧЫК.


Гатовы не гатовы?

— Ці крытычна, калі не зусім падрыхтаванае дзіця ідзе ў школу?

— Сапраўды, у першы клас ідуць розныя дзеці: і гатовыя, і не зусім гатовыя, і зусім не гатовыя — так званыя ўмоўныя дашкольнікі. Крытэрыяў гатоўнасці шмат, і ў іх няпроста арыентавацца бацькам. Часта кіруюцца педагагічнымі: здаецца, што дзіця разумненькае, чытае-лічыць, чаму б яму і не вучыцца ў школе?
А потым аказваецца, што такое дзіця не мае матывацыйнай гатоўнасці — не разумее, што яно робіць у школе, асобасная гатоўнасць «Я школьнік, і гэтым ганаруся» не сфарміравана. Часам у першакласніка гульнявая матывацыя: ён ідзе ў школу радасны, з адчуваннем свята. Але яно доўжыцца не доўга, бо наступае вялікае расчараванне: вучыцца надакучыла, хочацца ўстаць з-за парты і пагуляць. Але з гэтымі фактарамі яшчэ можна працаваць, у адрозненне ад фізіялагічнай гатоўнасці, на якую мы не можам паўплываць. Калі ў дзіцяці яшчэ не развіты долі галаўнога мозга, якія даюць магчымасць рабіць тое, што не вельмі падабаецца, яно не гатова сядзець за партай. Дашкольнікі ўспрымаюць мора інфармацыі, але толькі той, што ім цікавая, а нецікавая праходзіць міма. У школе ж важна ўспрымаць тое, што прапануе праграма. І такім дзецям вельмі складана. Фізіялагічную гатоўнасць дыягнастуюць сумесна з урачамі псіхолагі, і яе важна ўлічваць.

— На што самі бацькі павінны звярнуць увагу?

— Часам гэта відавочна: дзіця мяняецца на вачах, можа даўжэй пасядзець, яму падабаецца займацца, не абавязкова нават пазнавальнай дзейнасцю. Падчас любога хатняга занятку бачна, што гэта ўжо не проста гульня, а імкненне да выніку, жаданне зрабіць так, як дарослыя. Вельмі добра гуляць «у школу»: гэта рэкамендацыя і перад 1 верасня, і пасля, каб разумець, што з дзіцем адбываецца, паназіраць, якія ёсць канфлікты, што дзіця непакоіць. Вельмі паказальныя гульні па правілах. Падчас іх можна ўбачыць, ці можа дзіця прытрымлівацца правілаў, ці ўмее прайграваць і як на гэта рэагуе. Добра, калі рэакцыя — «я ўсё выпраўлю». Калі ж вельмі эмацыянальная — «я больш не гуляю», то, на жаль, такое дзіця і ў школе, калі ў яго не атрымліваецца нейкі «кручок», кідае і кажа: я больш не пішу.

Адаптацыя — не час для выхавання

— Дзіця ідзе ў школу, дзе ў яго новы калектыў, новы настаўнік, новы распарадак дня — усё кардынальна мяняецца. Як дапамагчы адаптавацца да гэтых умоў?

— Нават ідэальна гатовае да школы дзіця перажывае стрэс. Яго, дарэчы, перажываюць і бацькі, нават калі гэта не першае іх дзіця, якое ідзе ў школу. І трэба разумець, што гэта няпросты час, прычым праяўляцца стрэс у дзіцяці можа па-рознаму. Напрыклад, здараецца так званы рэгрэс, калі дома дзіця ператвараецца ў маленькага. Здавалася б, даўно апраналася-распраналася самастойна, і ў школе залатое дзіця, а дома так знясілела, што патрэбна, каб мама распранула, зняла абутак. Часам мова робіцца зусім дзіцячай, хоць да гэтага добра размаўляла. Тут трэба разумець, што перыяд адаптацыі, а доўжыцца ён у норме ад двух месяцаў да паўгода, не час для выхавання. Дзіцяці складана ў школе, дзе яго таксама выхоўваюць. Нездарма кажуць, што больш за ўсё дзеці маюць патрэбу ў любові, калі яны яе... не заслугоўваюць — калі дрэнна сябе паводзяць. Гэта трэба памятаць, падтрымліваць малое і дапамагаць яму.

Дзіця можа часта пытаць у бацькоў: «А вы мяне любіце?» Школьнікі адчуваюць, што іх ацэньваюць, што яны, магчыма, не адпавядаюць патрабаванням, іх параўноўваюць, нягледзячы на тое, што адзнакі пакуль не ставяць. І ім неабходная безумоўная бацькоўская любоў, якую яны імкнуцца атрымаць, зноў становячыся маленькімі. Да гэтага трэба ставіцца з разуменнем. І тут зноў на дапамогу прыходзіць гульня. Можна пагуляць у маленькіх дзетак, нават у немаўля. Гэта і цялесны кантакт з бацькамі, асабліва з мамай. Калі стрэс сур'ёзны і адаптацыя праходзіць складана, дзіця пачынае хварэць часцей, чым звычайна. Часам бываюць неўратычныя праявы — цікі, энурэз. Калі гэта разава, то не страшна, калі ж зацягваецца, варта звяртацца да спецыялістаў.

— Што яшчэ павінна насцярожыць бацькоў і даць зразумець, што нагрузка вялікая і штосьці ідзе не так?

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

— Звычайна бацькі гэта адчуваюць: дзіця зусім на сябе не падобна, і тады лепш звярнуцца да ўрача ці псіхолага. Капрызнасць дома — гэта нармальна, бо дзіця стамляецца ў школе. Ёсць вельмі правільныя дзеці, якія прачынаюцца ў пяць гадзін раніцы, бо баяцца праспаць і спазніцца ў школу. Такім важна прыйсці раней за астатніх, каб іх сустрэла настаўніца, паразмаўляла, пасля яны сустракаюць астатніх дзяцей. У першыя дні, тыдні гэта своеасаблівая норма, але важна, каб працэс не зацягваўся. Бо тут таксама могуць быць неўратычныя праявы, саматычныя хваробы. У перыяд адаптацыі важна захоўваць усялякія прыемныя сямейныя звычкі, рытуалы, якія былі раней, каб дзіця дома знаходзілася ў звыклай абстаноўцы. Гэта дапамагае аднаўляць рэсурсы арганізма і спраўляцца з тым новым, што прыносіць у жыццё школа.

Ёсць псіхалагічны тып дзяцей, якія з цяжкасцю адаптаваліся ў дзіцячым садку, але ім значна прасцей у школе, дзе ёсць правілы і усё ўпарадкавана. Часам такім дзецям урокі падабаюцца больш, чым перапынкі. Бо падчас перапынку настаўнік не можа пастаянна быць у класе, і правільных дзяцей вельмі раздражняе, што правілы парушаюцца астатнімі дзецьмі. Таксама могуць раздражняць шум, кантакты з астатнімі дзецьмі, тое, што іх могуць штурхнуць. Такое дзіця, як правіла, не адыходзіць ад настаўніцы, бо дзеці непрадказальныя. Да гэтага дзяцей варта таксама рыхтаваць. Для зняцця стрэсу вельмі важны цялесны кантакт. Можна пагуляць і ў «школу», і ў «скалу»: спачатку мама — скала, якую трэбу ссунуць, потым дзіця. Падыдуць любыя вясёлыя гульні, звычайна іх любяць таты: валтузня, калі трэба выварочвацца, гэта яшчэ называюць мядзведжыя свавольствы. Яны дапамагаюць зразумець, што дотыкі, нават не вельмі мяккія, — гэта не агрэсія, а гульня.

Вельмі часта правільныя дзеці баяцца прасіцца ў прыбіральню. Іншых дзяцей, хто вельмі часта выходзіць з класа, настаўніца ўжо не выпускае. А правільныя дзеці баяцца папрасіць, бо думаюць, што і іх не выпусцяць. У выніку здараюцца не вельмі прыемныя казусы. Бацькі павінны растлумачыць: калі некага не пусцілі, зусім не значыць, што і цябе не пусцяць.

Секцыі і гурткі лепш адкласці на год

— Ці варта нагружаць дзіця дадатковымі заняткамі ў гуртках, секцыях, музычнай школе?

— На гэты конт шмат разнастайных рэкамендацый. Але з уласнага вопыту скажу, што вельмі непажадана ўключаць штосьці новае ў гэты перыяд. Нават калі гэта вельмі зручна: дзіця пайшло ў школу і, напрыклад, у музычную школу ці ў гурток побач са школай. Важна ўлічваць, што гэта зноў новыя абставіны, новыя адносіны. Часам нават трэнеры ці кіраўнікі гурткоў кажуць: дзіця вельмі таленавітае, але вам лепш прыйсці праз год. Дзіця можа пачаць часта хварэць, прапускаць і школу, і гурток, а ў першым класе гэтыя пропускі і кантакт з равеснікамі складана аднавіць, адаптацыя пачынаецца нанова. Праўда, калі дзіця чымсьці зацікаўлена, наведвала секцыю раней, то гэта своеасаблівы спосаб падтрымкі: затое на танцах, дзе ўсё звыкла, я паспяховы. Нядрэнны варыянт — гурток пры школе, і падчас прадоўжанкі дзіця мае магчымасць яго наведваць, звычайна малыя гэта любяць. Тут патрэбны індывідуальны падыход, ёсць дзеці, якія і ў школу ідуць лёгка, і гурток успрымаюць з задавальненнем.

— Як правільна расказаць дзіцяці пра школу? Не рэкамендуецца казаць, што школа — гэта весела, і ў той жа час няправільна настройваць, што там чакае сур'ёзная праца...

— Матывацыю — для чаго мы ідзём у школу, важна абмеркаваць. Калі дзіця да школы гатова, у яго сфарміравалася пазіцыя «быць, як дарослы», ён гэтым ганарыцца. Можна расказаць, што ён ідзе ў школу, каб потым быць, як мама ці тата, мець магчымасць працаваць. А зараз трэба атрымаць шмат ведаў. Пасыл «школа — гэта няпростая праца» матывацыі не дадасць. Самім бацькам варта быць гатовымі, што першы год мы вучымся вучыцца і будуем пазітыўнае стаўленне да школы. Важна, каб дзіцяці там было камфортна. Не страшна, калі яно за першы год не многаму навучылася, але калі яно робіць гэта з жаданнем, то навучыцца потым. На жаль, у нас бывае, што ўжо ў другі клас пасля канікул дзеці ісці не хочуць.

— Тым больш яны не хочуць ісці, калі гэта ўжо, скажам, восьмы клас... Як, дарэчы, матываваць такіх дарослых дзяцей?

— У малодшай школе асноўная дзейнасць — вучэбная, і тут важна падключаць цікавасць. У падлеткавым узросце — у шостым, сёмым, восьмым класе — важна кантактаваць з равеснікамі. Паспяховасць у такім узросце, як правіла, зніжаецца. Потым, у старэйшых класах, калі з'явіцца сур'ёзная матывацыя, яна можа павысіцца. У сёмым-восьмым класе бацькам да адзнак трэба ставіцца з разуменнем. Наадварот, насцярожыць павінна, калі дзіця ўвесь час занята толькі вучобай і зусім не кантактуе з сябрамі. А калі крыху знізілася паспяховасць, але ёсць дзейнасць, якая цікавіць, гэта не страшна. У такім узросце дзеці рэдка любяць школу.

І не забудзьце пра рэжым!

— Ці варта першакласніка настройваць, што ён павінен добра вучыцца, слухаць настаўніка?

— У сем-восем гадоў у дзяцей недэферэнцаваная адзнака. Гэта значыць, што калі ім кажуць «ты дрэнна напісаў кручок», то яны чуюць «ты дрэнны». Не дарэмна ў нас адзнакі ставяць толькі ў трэцім класе. Задача бацькоў — безумоўная любоў. Дзіця павінна ведаць, што для вас яно самае лепшае. Школьнікі часта пытаюць: «Мама, калі я буду дрэнна вучыцца, ты мяне будзеш любіць?» Патрабаванні ў школе прад'яўляюцца, і бацькам важна іх падтрымліваць і тлумачыць, навошта яны. Але сваіх выстаўляць пакуль не трэба. Заўважаць варта толькі станоўчае. Няхай дзіця напісала радок жудасна, але знайдзіце там адзін акуратны кручочак і скажыце: «Які прыгожы, пастарайся, каб такіх было паболей». Тады дзіця разумее, куды яму рухацца далей. Даводзілася чуць ад дзіцяці, што ў яго нічога не атрымліваецца ў жыцці, бо ў першым класе яму сказалі: «Як ты будзеш жыць і працаваць, калі ты пісаць не навучыўся?» Не знішчайце ў дзяцей веру ў сябе.

— Што варта зрабіць у апошнія дні перад школай?

— Пастарацца наладзіць школьны рэжым дня. Часта бацькі даюць дзіцяці летам паспаць лішнюю гадзіну. І атрымліваецца, што менавіта першага верасня яно ўстае нязвыкла рана, прыходзіць у школу ў дрэнным настроі. Да рэжыму варта падстройвацца паступова, таму за некалькі дзён перад школай пачынайце рыхтавацца. Прычым гэта важна не толькі для першакласнікаў, але і для ўсіх школьнікаў.

Бацькам важна памятаць, што школа — толькі частка жыцця. Галоўнае, каб у дзіцяці заставалася жаданне вяртацца дадому і дзяліцца з блізкімі сваімі радасцямі і няўдачамі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Першы раз у першы клас

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...