Вы тут

На Гомельшчыне 1 верасня за парты сядуць амаль 154 тысячы школьнікаў


На Гомельшчыне 1 верасня за парты сядуць амаль 154 тысячы школьнікаў. З іх звыш 16,5 тысячы першакласнікаў. Гэта на 500 больш, чым летась.

Пасля капітальнага рамонту школьнікаў сустрэнуць тры сярэднія школы: № 19 і № 47 у Гомелі і № 2 у Жыткавічах. Абноўлены дзве дашкольныя ўстановы ў Брагіне, па адной — у Петрыкаве, Жыткавічах і ў Жлобінскім раёне, а таксама тры сярэднія школы ў Гомелі, па адной у Светлагорску, Рэчыцы і Брагіне.


Да таго ж у 104-м мікрараёне Гомеля пачалося будаўніцтва дзіцячага садка на 190 месцаў. Яго павінны здаць ужо сёлета. Новая ўстанова дапаможа зняць напружанасць сярод ахвотных уладкаваць дзіця побач з домам у мікрараёнах-новабудоўлях. Усяго да пачатку новага навучальнага года ў вобласці створана 500 дадатковых месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, паведаміў на жнівеньскай абласной нарадзе педагагічных работнікаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Ён таксама расказаў, што ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці будуць рыхтаваць працоўныя кадры па 46 новых кваліфікацыях:

— Напрыклад, на заказ ААТ «Гомсельмаш» на базе Гомельскага аўтамеханічнага каледжа будуць рыхтаваць аўтамеханікаў. У Гомельскім прафесійным шматпрофільным ліцэі і Рагачоўскім прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў — работнікаў для масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці.

Прафарыентацыя павінна быць накіравана на вяртанне выпускнікоў пасля навучання на сваю малую радзіму. Гэту задачу паставіў перад прадстаўнікамі сферы адукацыі Гомельшчыны старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Ён адзначыў, што рэальны сектар эканомікі перажывае недахоп працоўных кадраў, і ў гэтай сувязі даручыў глыбока прааналізаваць патрэбу ў працоўных і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях у кожным з раёнаў:

— Схема бачыцца такая: закальцаваць на кожнай тэрыторыі ў адзін гарманічны арганізм прадпрыемства, школу, сістэму прафтэхадукацыі і працаваць на вынік.

У новым навучальным годзе арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці будзе праводзіцца іншым чынам. Усе школьныя аб'екты харчавання перададзены ад раённых спажывецкіх таварыстваў на баланс аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. Закуплена 913 адзінак тэхналагічнага абсталявання на суму каля 2 мільёнаў рублёў, а таксама машыны для падвозу прадуктаў. Гэтыя меры павінны станоўча адбіцца на рацыёне школьнікаў: будзе павялічаны аб'ём харчавання ў грашовым эквіваленце і асартыменце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Адукацыя і прафарыентацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?