23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» прайшлі сцежкамі ракаўскіх кантрабандыстаў


Кажучы на журналісцкім арго, інфармацыйных падстаў для таго, каб выправіцца ў гэтую вандроўку, было адразу некалькі. Па-першае, сёлета спаўняецца 80 гадоў з таго часу, як на Нобелеўскую прэмію па літаратуры быў намінаваны раман нашага земляка Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Гэта пра вірлівае жыццё памежжа пачатку 1920-х (якраз у адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай была вызначана мяжа паміж савецкім і польскім бакамі).


Адна з дарог на ўскраiне Ракава, па якой у свой час прайшло шмат пакаленняў старажытнага мястэчка.

Да таго ж «надышоў жнівень. Набліжаўся залаты сезон. На ўсёй граніцы запанаваў рух». Гэта ўжо цытата з «Каханка». Губляць час было нельга, таму мы з фотакарам Яўгенам Пясецкім па гродзенскай трасе накіраваліся на захад ад сталіцы. Тым больш што маршрут быў загадзя вызначаны па «навігатары» рамана. Атрымалася, выехалі з Пясецкім, каб прайсціся сцежкамі яго легендарнага цёзкі — беларускага Бонда. Нашым «гідам» падчас своеасаблівай літаратурна-гістарычнай рэканструкцыі стаў кіраўнік фонду «Краіна замкаў» Алесь ВАРЫКІШ. Так «на трох» мы «распісалі» адметны маршрут.

Тут амаль сто гадоў таму пракладалі свае таямнiчыя сцежкi мясцовыя кантрабандысты - персанажы твораў Сяргея Пясецкага.

...«Рушым па старой менскай трасе, — заўважае Алесь Варыкіш. — Наперадзе — вёска Гарані (на гары стаіць). Зусім хутка даімчым да тых мясцін, дзе праходзіла мяжа». І сапраўды — праз колькі хвілін спыняемся на колішняй савецка-польскай мяжы, толькі цяпер гэта мяжа Мінскага і Валожынскага раёнаў. «Вунь там, унізе, ручай бяжыць, якраз тут амаль стагоддзе таму праходзіў падзел, — тлумачыць Алесь. — Пакуль яшчэ на колішнім савецкім баку знаходзімся, а ступім пару крокаў — і ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі апынёмся». Толькі лясы цяпер іншыя. Калісьці гэта была Налібоцкая пушча, часцяком дубровы. «Размясціўся на ўскрайку дубовага бору. Ён быў цудоўны. Дубы стаялі высокія, стромкія. Кроны пачыналіся высока над зямлёй», — так апісваў наваколле Пясецкі (Сяргей, зразумела). Магутны гушчар актыўна высякалі — і да Вялікай Айчыннай, і пасля, калі патрэбна была драўніна, каб адбудоўвацца пасля ваенных віхур.

Ускраiна Ракава. За лугам - абрысы касцёла, пабудаванага ў неагатычным стылi.

 

Злева можна прыкмеціць стары савецкі дот, які, праўда, быў узведзены пазней часоў, якія апісваюцца ў «Каханку», — напрыканцы 1930-х. А вось траса згадваецца Пясецкім неаднойчы. Вось напрыклад: «Сяджу на беразе высокага, у некалькі метраў, адхону, унізе якога ляжыць тракт, што вядзе з Ракава на Менск. У левай руцэ трымаю ліхтарык, у правай зараджаны парабелум». Як вам такі «антураж»? Вось і я, увайшоўшы ў ролю, пачынаю нервова аглядацца па баках.

Пакуль на савецкай тэрыторыі. Зразумела, не толькі лес наўкола, а і сцежкі цяпер зусім іншыя. Але захавалася ўсё ж у гэтых мясцінах нешта, што і сёння прыцягвае быццам магнітам. Тым часам выязджаем на другую кальцавую. «Гэтая траса пракладзена якраз уздоўж старой мяжы, прынамсі на гэтым участку, — заўважае Алесь Варыкіш. — Каля Ракава колішняя мяжа паварочвала на поўдзень».

Рэчка Іслач на ўскраiне адлюстроўвае бяздонны блакiт апошнiх летніх дзён.

 

Рушым менавіта ў гэты «кут». Аксакаўшчына, пасля тое самае Вялікае Сяло. Менавіта тут, паводле «Каханка» варта шукаць адметны курган. «Капітан з дачкой даехалі да Менска, а пасля пехатой пайшлі ў Ракаў. Уначы каля Вялікага Сяла заблудзіліся, і недалёка ад граніцы іх пераняў савецкі патруль», — піша Пясецкі. Скончылася ўсё трагічна: капітан загінуў, а дачка здолела збегчы і пасялілася на адным з хутароў. Ад таго часу курган, дзе быў забіты царскі афіцэр, называюць Капітанскай магілай. Праўда, ніхто з месцічаў дакладна не пакажа вам гэтае месца. Курганы засталіся, але які з іх «капітанскі» — невядома. «Падзеі, якія апісвае Пясецкі, адбываліся насамрэч на зломе эпох, — кажа Алесь Варыкіш. — Былі зламаны ўклады, якія фарміраваліся стагоддзямі. Уяўляеце, як адчувалі сябе людзі, якія апынуліся на перадавым краі гэтых жорсткіх, без перабольшвання крывавых падзей».

Такi ж блакiт ажыўляе строгую гамму старых каменных сцен i валаў.

Абапал колішняй мяжы была раскідана незлічоная колькасць асобных фальваркаў, двароў, хутароў. Менавіта тут у 1920-я былі тыя самыя «мяліны», куды з таварам прабіраліся кантрабандысты-перамытнікі. На савецкі бок перапраўлялася разнастайная мануфактура і «спірытус», а на польскі — золата і футра («скуркі»). Чаму менавіта восень лічылася «залатым сезонам»? Зусім не ад багатага колеру лістоты, а з таго, што «глухія восеньскія ночы надоўга атуляюць зямлю». Менавіта ў гэты час «граніца кіпіць жыццём. Партыя за партыяй, ноч у ноч перамытнікі ідуць за граніцу. Яны працуюць шалёна. Амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень спім пасля доўгай працоўнай ночы».

Камень - нязменны сведка вечнасцi. Такая думка прыходзiць калі разглядаеш архiтэктурныя славутасці Ракава.

 

Без перабольшвання ўсе шляхі ў пачатку 1920-х вялі ў Ракаў. Мястэчка на польскім баку становіцца «сталіцай кантрабандыстаў». Справа была арганізавана з размахам. Запраўлялі яўрэйскія гандляры (дарэчы, у мястэчку тых часоў налічвалася больш за сотню крамаў), яны забяспечвалі таварам групы перамытнікаў, якія вадзілі цераз мяжу вопытныя праваднікі-«машыністы». Шыбавалі на «мяліну» па той бок мяжы, а адтуль, па магчымасці таксама з грузам, — на польскі бок. Зразумела, нехта ішоў з «ношкай», а хтосьці пераганяў тавар вазамі. У большасці, канешне, групы фарміраваліся з людзей, якім проста трэба было неяк пракарміцца. «Беспрацоўе ў той час было проста страшэннае, — заўважае Алесь Варыкіш. — Успомніць хоць бы «Жыццё раззброенага чалавека» таго ж Пясецкага. Колькі аказалася «лішніх» людзей, да якіх нікому не было справы. Вось і шукалі яны любой магчымасці заробку».

Шмат цiкавых гiсторый пра мiнулае гэтых мясцiн ведае краязнаўца, кiраўнiк фонду "Краiна замкаў" Алесь Варыкiш.

- Наш край багаты на архiтэктурную спадчыну, - зазначыў краязнаўца Алесь Варыкiш i запрасiў пабываць у размешчаным непадалёку сядзiбным комплексе ХІХ стагоддзя.

Акрамя тавару цераз мяжу «перакідвалі» і людзей — «фігуркі». Варта было паспрабаваць, а пасля зацягвала — як пісаў Пясецкі, «адчуваў, што кінуць было б цяжка». Ды і грошы — цераз Ракаў праходзілі «залатыя рэкі». Нездарма ў мястэчку было звыш 80 рэстаранаў, у кожным з якіх працаваў свой аркестр. Сярод іх — апісаны ў рамане салон у Гінты. Сёння ўсё больш сціпла. Дакладна з тых часоў засталіся царква і касцёл, ля якога, дарэчы, галоўны герой «Каханка» чакаў з імшы Фэлю Вэблінянку. А мы менавіта на гэтым месцы сустрэлі прыгожую жанчыну — выкладчыцу Ракаўскай школы мастацтваў Юлію МЯКІНКУ. І, канешне ж, прыгадалі Сяргея Пясецкага. «2 верасня ў нас адбудзецца «Ракаўскі фэст», падчас якога пройдзе таксама квэст па творах Пясецкага, — кажа Юлія Мякінка. — Завітайце — будзе цікава». Сустрэча з Юліяй — чыстая імправізацыя, аб сустрэчы, паверце, папярэдне не дамаўляліся. І ў гэтым увесь Ракаў — нечаканы, усмешлівы, старажытны. Тут можна знайсці вулачку, якая быццам на «машыне часу» правядзе вас праз стагоддзі.

Пра сёняшнi дзень старажытнага Ракава і яго будучыню кампiтэнтна расказвае Юлiя Мякiнка - выкладчык мясцовай школы мастацтваў. Землякi абралi яе сваiм дэпутатам у Валожынскi раённы Савет.

Адна з самых рамантычных i ў той жа час трагiчных гiсторый мiнулага - пра маладую князёўну. Яе пахаванне на мясцовых могiлках заўжды дагледжанае.

 

...Час вяртацца. Спыняемся ў Новым Полі, дзе яшчэ захавалася колішняя сядзіба Друцкіх-Любецкіх. У Ракаве на старых могілках пахаваны маладая князёўна Крысціна і яе маці. Сям'я перабралася ў мястэчка, калі іх маёнтак аказаўся на савецкай тэрыторыі. Крысціна любіла ездзіць каля мяжы і ўглядацца ў родныя мясціны. І аднойчы стала адной з ахвяр мяжы...

На ракаўскiх могiлках захавалiся пабудовы, якiя маюць гiстарычную i архiтэктурную каштоўнасць.

Дзяржаўная мяжа памiж БССР i Польшай праходзiла пад Ракавым, аб чым сведчаць старыя карты. Праз мясцовыя лясы пралягалi нябачныя сцежкi тагачасных кантрабандыстаў.

Побач з пабудаваным ў далёкiя часы памяшканнем для коней хапвае месца сучасным аутамабілям.

Пра жыццё жыхароў Ракава ў пачатку XX ст. расказвае выстаўка архiўных фотаздымкаў у мясцовым цэнтры культуры.

Аўтар кнiгi "Каханак Вялiкай мядзведзiцы" дае апiсанне паходнага рыштунку вядомага мясцовага кантрабандыста: камандырскi наган i бусоль ( фотарэканструкцыя аўтара).

Выгадным таварам для перапраўкi цераз мяжу з Польшчы ў Беларусь былi iголкi для модных на той час грамафонаў (фотарэканструкцыя аўтара).

Спiрт кантрабандысты таксама пераносілі з вялікай выгадай (фотарэканструкцыя аўтара).

Сведкай часоў, калi Ракаў лiчылi так званай "сталiцай" мясцовых кантрабандыстаў, стаiць касцёл пабудаваны больш за сто гадоў таму.

Магчыма, па гэтых прыступках крымiнальныя "спецыялiсты" па пераносу тавараў цераз мяжу прыходзiлi з надзеяй атрымаць дараванне за сваi грахі.

Пад скляпеннi касцёла iшлi i iдуць людзi розных лёсаў з адной надзеяй - на лепшае.

Сённяшнi Ракаў мае статус аграгарадка. Добраўпарадкаваныя вулiцы адметныя традыцыйнай забудовай, але паўсюль можна ўбачыць элементы сучаснага ландшафтнага дызайну.

Мясцовыя гаспадары iмкнуцца захаваць сваеасаблiвы каларыт старажытнага мястэчка.

Ёсць сярод гаспадароў прыхiльнiкi старых назваў вулiц.

Ракаў - месца прыгожае ва ўсе часы.

Ракаў - месца старажытнае i заўжды маладое.

У гэтым сядзiбным комплексе ХІХ ст. (вёска Новае Поле) гаспадарыў калiсьцi род Друцкіх-Любецкіх. У наш час старажытная пабудова належыць мясцоваму аграрна-эканамiчнаму каледжу.

А Сяргей Пясецкі, які быў агентам трох разведак (польскай, англійскай і французскай), 10 гадоў адседзеў у турме, дзе, дарэчы, пачаў пісаць. Пераехаў у Італію, а пасля ў Англію. Працаваў над сваімі творамі да самай смерці. Кажуць, што працягваў супрацоўніцтва з брытанскімі спецслужбамі і нават выкладаў у разведшколе. Быў знаёмы з «бацькам» Джэймса Бонда — Янам Флемінгам. Сяргей Пясецкі пахаваны ў Гастынгсе, на яго надмагіллі высечаны сем зорак Вялікай Мядзведзіцы. «Гляджу ўлева на Вялікую Мядзведзіцу і ўсміхаюся. Паўтараю імёны асобных зорак: Эва, Ірэна, Зося, Марыля, Гэлена, Лідзія і Леаніда... Лёня».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: З Пясецкім — пра Пясецкага

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.