Вы тут

Як працуе прамысловасць Віцебшчыны?


Як працуе прамысловасць Віцебшчыны, якія праблемы існуюць і што трэба зрабіць, каб сярод прадпрыемстваў не было аўтсайдараў? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на чарговым пасяджэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.


30 новых прадпрыемстваў

У дзейнасці прамысловага комплексу вобласці ёсць пэўныя станоўчыя вынікі. Як у забеспячэнні аб'ёмных паказчыкаў, так і ў павышэнні эфектыўнасці работы гэтай галіны.

Паводле слоў Алега Мацкевіча, першага намесніка старшыні аблвыканкама, у студзені — ліпені валавая дабаўленая вартасць у прамысловасці ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам узрасла на 12,7 %.

Паводле інфармацыі на пачатак жніўня, запасаў прадукцыі на складах захоўваецца толькі 39,3 % да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці — і гэта параўнальна нізкі паказчык. Высокая ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі — 31,1 %.

У першым паўгоддзі пачалі гаспадарчую дзейнасць 30 новых прамысловых арганізацый і вытворчасцяў. У прыватнасці, у Дубровенскім раёне стварылі прадпрыемства па перапрацоўцы мяса, у Полацкім — па перапрацоўцы і кансерваванні рыбы, выпуску металаканструкцый для абсталявання і добраўпарадкавання тэрыторый.

Але 12 рэгіёнаў з 21 не выйшлі на ўзровень першага паўгоддзя мінулага года па індэксе прамысловай вытворчасці.

Кіраўніцтва абласной вертыкалі ўлады тлумачыць гэта тым, што не прымаюцца належныя меры па загрузцы прадпрыемстваў як з боку іх кіраўнікоў, так і з боку выканкамаў, абласных аб'яднанняў.

— За студзень — чэрвень магутнасці арганізацый дзяржаўнага аб'яднання «Мяса-малочныя прадукты» па перапрацоўцы жывёлы былі загружаныя на 68 %. І гэта пры адназменным рэжыме працы! Малака — на 69 %...

Па вытворчасці піва на прадпрыемстве «Полацкія напіткі і канцэнтраты» — на 48 %, квасу — на 10 %. Па выпуску раскідвальнікаў у ААТ «Оршааграпраммаш» — на 50 %. Такія прыклады можна прывесці практычна па кожным рэгіёне, — удакладніў Алег Мацкевіч.

Разлічвацца трэба своечасова

Як можна вырабляць канкурэнтаздольную, высокатэхналагічную і інавацыйную прадукцыю, арыентаваную на экспарт, калі станкам і іншаму абсталяванню на прадпрыемствах дзясяткі гадоў? Напрыклад, на ААТ «Тэхналіт Полацк» у вытворчасці выкарыстоўваецца рарытэт, які працуе аж з 1938 года!

Зношанасць абсталявання на Лепельскім рамонтна-механічным заводзе — 82,4 %, аршанскім доследна-механічным заводзе «Металіст» — 70,3 %, Аршанскім інструментальным заводзе — 62,2 %, ААТ «Завод ПАК» — 78,8 %, заводзе «Беліт» — больш за 61,3 %, ААТ «Вістан» — 59,9 %, ААТ «Візас» — каля 71,9 %...

Канешне, калі заводы працуюць неэфектыўна, адпаведна, заробкі там невялікія. І жах (а як яшчэ такое назваць) для работнікаў, калі грошы затрымліваюць. Напрыклад, цяжкае становішча з разлікам з людзьмі ўжо некалькі месяцаў на адным з лепельскіх прадпрыемстваў. Там, дарэчы, памер сярэднямесячнай зарплаты — менш за 500 рублёў. Кіраўніцтва аблвыканкама патрабавала своечасова выплачваць работнікам заробленыя імі грошы.

Дарэчы, у Віцебскай вобласці сярэдняя заработная плата ў прамысловасці ў чэрвені бягучага года склала 937,4 рубля.

Павысіць адказнасць

Лагічна, што Віцебшчына, якая мяжуе з Расіяй, вельмі «падвязаная» на экспарт у гэту краіну. На жаль, кіраўнікі прадпрыемстваў не вельмі актыўна засвойваюць іншыя рынкі збыту. Напрыклад, у Кітаі запатрабаваныя торф, марожанае, сухое малако, сыроватка. А пастаўкі ў КНР мізэрныя.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў пацікавіўся ў кіраўніцтва аб'яднання «Мяса-малочныя прадукты», як вядзецца збыт, напрыклад, ва Украіну. Там у ліку іншага назіраецца недахоп свініны. Як высветлілася, адказнага няма.

— Быў бы адказны супрацоўнік канкрэтна за супрацоўніцтва з Украінай, быў бы іншы падыход да канкрэтнага кірунку экспарту і адпаведны вынік! — паразважаў губернатар.

Ён заклікаў дырэктараў пралічваць усё па-гаспадарску, як гэта робяць бізнесмены. Каб працаваць не дзеля адпрацоўкі зарплаты.

Сёння да кіраўнікоў патрабаванні жорсткія. І яны павінны не апраўдваць, мякка кажучы, свае недапрацоўкі нейкімі прычынамі, а разам з падначаленымі аналізаваць іх і шукаць выхад, каб выправіць сітуацыю. Трэба дзейнічаць як у арміі, на вытворчасці таксама неабходны строгая дысцыпліна і дасягненне пастаўленых задач.

На пасяджэнні таксама было даручана навесці парадак на прадпрыемствах. Як і значна палепшыць становішча тых, дзе ёсць вытворчыя праблемы. Кіраўнікоў пазней запросяць для справаздачы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: На рарытэтах інавацыі не стварыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?