Вы тут

Анонс свежага нумару “Голасу Радзімы”


Калі продак Фёдара Дастаеўскага не вызначыўся ў Клецкай бітве 5 жніўня 1506 года, то за што ж тады ў кастрычніку 1506-га Даніла Рцішчаў меў вялікую міласць ад пінскага князя Фёдара?


У тым, што сталіцай юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства стаў сёлета палескі горад Іванава, ёсць заслуга й вялікага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Бо з тамтэйшых мясцін, з сяла Дастоева, мы ведаем, пайшлі карані роду Дастаеўскіх. А што было да таго? Ці можна лічыць Фёдара Міхайлавіча нашым супляменнікам? Як увогуле трапілі на Беларусь ягоныя продкі? А ці не ўдзельнічаў Даніла Рцішчаў, нашчадак знатнага татарына Аслана-Чэлябі-мурзы з Залатой Арды, у знакамітай Клецкай бітве 5 жніўня 1506 года – ужо супраць татараў, на баку войскаў ВКЛ пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага? Мы спрабуем адшукаць адказы на гэтыя пытанні. А таксама высветліць: як у Дастоеве ідуць справы з аднаўленнем родавай сядзібы Дастаеўскіх.

У працяг “матываў” Дня беларускага пісьменства, які праходзіць пад знакам Года малой радзімы, газета расказвае пра фотаальбом “Тураў. Давыд-Гарадок. Скарбы Палесся” ды ініцыятара культурна-краязнаўчага праекту, харэографа Міколу Котава (тэкст “Рупліўцы з Палесся”), пра ўдзел беларускіх кнігавыдаўцоў у нядаўняй 25-й Пекінскай Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, пра пашырэнне беларускай літаратурнай прысутнасці ў Азербайджане. Тым часам і беларусы з замежжа робяць шмат, каб у свеце больш ведалі пра Беларусь. Напрыклад, Саюз беларусаў Латвіі выступіў адным з арганізатараў конкурсу юных талентаў у прымежнай Латгаліі, на якім лепшыя выканаўцы атрымалі “пуцёўкі ў Галівуд” (артыкул “Юныя зоркі з Латгаліі”). А ў Цюмені наш супляменнік Раман Фёдараў – адзін з вядомых даследчыкаў гісторыі асваення Сібіры. Пра тое, як гасцяваў ён у Цюмені, чытайце артыкул “І ў Сібіры мы – суродзічы”. Дарэчы, родавыя карані навукоўца па маці – з вёскі Крыловічы пад цяперашнім Дзяржынскам, а вядомы акцёр 20-30-х гадоў Уладзімір Крыловіч – ягоны стрыечны дзядуля.

Трохі рамантычная гісторыя пра тое, як у БелАЗа з’явілся ўкраінская сяброўка Белазорка з прыгожым спартыўным майданчыкам, і пра ўдзел у тым праекце суполкі “Голас Радзімы” з Мікалаева (якой кіруе Таццяна Дзяменнікава, родам з Глускага раёна) – артыкул “БелАЗ і Білозірка”. Як ураджэнец Дуброўна Міхаіл Рыбакоў падарыў (разам з вядомымі дзеячамі беларускай культуры) фэсту “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” сваю песню – чытайце тэкст “Як нараджалася песня”. Дарэчы, і мастачка з Ізраіля Любоў Мінковіч, якая нарадзілася ў Мінску, таксама ўмее быць шчодрай. Цэлую выставу сваіх твораў пад назвай “Сны моей Родины” яна падарыла Нацыянальнаму гістарычнаму музею Беларусі (тэкст “Выстава ў падарунак”). Ёсць у нумары й аповед пра Вячаслава Ігнаценку, беларускага мастака з Кішынёва (“На Бацькаўшчыне добра мастаку”). Але самая-самая інтрыга чакае вас напрыканцы нумара, схаваная пад загалоўкам “Даўным-даўно, яшчэ да Герадота” і падзагалоўкам “На беларускім Палессі знойдзена такое, чаго яшчэ нідзе й ніколі не бачылі”. Аказваецца, гэта…

Прыемнага чытання вам па ўсім свеце, паважаныя супляменнікі!

Іван Ждановіч, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”

PDF-версія нумара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.