Вы тут

Забяспечанасць насельніцтва пітной вадой на Гомельшчыне набліжаецца да 90 %


Сёлета 65 тысяч жыхароў Рэчыцы на свае вочы ўпэўніліся, што нарэшце з кранаў цячэ чыстая вада. Пабудаваная станцыя абезжалезвання вырашыла праблемы, якія існавалі дагэтуль. Паводле санітарных правілаў і нормаў, у пітной вадзе лімітавана дапушчальная канцэнтрацыя жалеза — да 0,3 міліграма на літр. Цяпер у рэчычан — толькі 0,1 мг. Між іншым, раней было 0,6-0,7 мг.


Будаўніцтва станцыі на водазаборы «Галаўной» планавалася даўно. Магчымасць з'явілася, калі Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця выдаткаваў на рэалізацыю праекта пазыку ў памеры 2 мільёнаў 175 тысяч долараў.

Станцыю новага пакалення пабудавалі за 8,5 месяца «пад ключ»: ад заказу, вытворчасці абсталявання, пуска-наладачных работ да сэрвіснага абслугоўвання. Яна цалкам аўтаматызаваная. Да таго ж — энергаэфектыўная. Вада паступае на ачыстку без дадатковага помпавага абсталявання, самацёкам. У Рэчыцы скарыстана адна з апошніх распрацовак — безнапорная блокава-модульная станцыя «Крышталь-Б». Пры гэтым выкарыстоўваецца палімернае рэчыва айчыннай вытворчасці. У станцыях папярэднага пакалення выкарыстоўваўся друз, кварцавы пясок і вугаль, а ў новай — палімерная крошка. Менавіта на яе асядае жалеза. Брудная вада скідваецца, а чыстая ідзе спажыўцу. Акрамя таго, у Рэчыцкім раёне сёлета пабудаваны вадавод ад станцыі абезжалезвання ў Холмечы да вёскі Дварэц, а два гады таму жыхары вёскі Зашчоб'е таксама сталі спажываць чыстую ваду.

За кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў гэтым годзе мадэрнізавалі сістэму водазабеспячэння ў трох населеных пунктах Мазырскага раёна, у адным — Жыткавіцкага. Выканана закальцоўка водаправоднай сістэмы ў вёсцы Беліца Жлобінскага раёна з водаправоднай сістэмай райцэнтра, пабудавана станцыя абезжалезвання ў вёсцы Папаратнае, расказаў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Вячаслаў Пархоменка:

— Вадой, якая адпавядае ўсім санітарным нормам і правілам, з 2016 года карыстаюцца і жыхары вёскі Акцябр у Жлобінскім раёне. Мясцовае камунальнае прадпрыемства далучыла населены пункт да гарадскіх водаправодных сетак за кошт уласных сродкаў прадпрыемства. Акрамя таго, у КВУП «Гомельводаканал» рэалізавалі праект «Водазабеспячэнне мікрараёна Касцюкоўка ў Гомелі». Паўночны раён абласнога цэнтра далучаны да гарадской сістэмы водазабеспячэння. Зроблена гэта было за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і ўласных сродкаў прадпрыемства.

Гэта работа — частка дзяржаўнай палітыкі, якая на сённяшні момант замацавана спецыяльнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» і яе падпраграмай «Чыстая вада» на 2016—2020 гады». Для дасягнення мэтавых паказчыкаў забеспячэння насельніцтва вадой пітной якасці праводзяцца такія мерапрыемствы, як, напрыклад, далучэнне сістэмы водазабеспячэння населеных пунктаў з якасцю вады, якая не адпавядае гігіенічным патрабаванням, да побач размешчаных населеных пунктаў.

Спецыялісты разлічваюць, што праграма «Чыстая вада» будзе працягнута да 2025 года. Тады і атрымаецца цалкам зняць з парадку дня пытанне забеспячэння вадой пітной якасці ўсяго насельніцтва Гомельшчыны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Без жалеза, але не паўсюль

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...