Вы тут

Як на Магілёўшчыне вырашаюць праблему павышэння якасці водазабеспячэння


Пазалетась мы пісалі пра праблему жыхароў аграгарадка Васход у Магілёўскім раёне, якія скардзіліся на якасць пітной вады. «У ёй так шмат жалеза, што нават дарагія фільтры выходзяць са строю», — пісаў у сваім лісце ў рэдакцыю абураны чытач. Пасля таго як была пабудавана станцыя абезжалезвання, скаргі скончыліся. Чаго не скажаш пра іншыя населеныя пункты, дзе з якасцю вады хапае праблем. Па звестках аб'яднання ЖКГ Магілёўскай вобласці, іх на Магілёўшчыне больш за 700. Асноўныя нараканні — высокае ўтрыманне жалеза і неадпаведнасць па арганалептычных параметрах. Па самых сціплых падліках, на будаўніцтва адной невялічкай станцыі патрэбна 150—200 тысяч рублёў. Дзе ўзяць сродкі?


Спадзяванні толькі на крэдыты

— Аблвыканкам рэгулярна шле запыты ў Міністэрства ЖКГ, але гэта пытанне застаецца адкрытым, — кажа начальнік аддзела аб'яднання Андрэй НЕСЦЕРАЎ. — Напрыклад, падпраграмай «Чыстая вада» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады прадугледжвалася налета выдзяленне 4 мільёнаў 745 тысяч рублёў з рэспубліканскага і столькі ж з мясцовых бюджэтаў. Але ў кантрольных паказчыках Міністэрства фінансаў на наступны год гэтыя сумы ўжо не праглядаюцца.

Толькі лічбы

На балансе сістэмы ЖКГ вобласці на 1 студзеня знаходзілася 1864 артэзіянскія свідравіны, 91 станцыя абезжалезвання, 214 ачышчальных збудаванняў каналізацыі, 350 каналізацыйных помпавых станцый, 6414,2 кіламетра водаправодных і 2344,4 кіламетра каналізацыйных сетак, каля 11 тысяч крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння.

На сёння востра стаіць пытанне па чыстай вадзе ў Магілёўскім, Бабруйскім, Горацкім, Клімавіцкім, Крычаўскім, Хоцімскім, Асіповіцкім раёнах і ў Быхаве.

Шмат спадзяванняў ускладаецца на чарговы заём Сусветнага банка ў межах праекта развіцця сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення. Але адно з яго патрабаванняў — наяўнасць праектна-каштарыснай дакументацыі. І не заўсёды знаходзяцца грошы, каб зрабіць яе аператыўна. І тады тэрміны ўводу запатрабаваных аб'ектаў адкладаюцца на невядомую перспектыву. Напрыклад, аблводаканалу, які яшчэ пазалетась пачаў працаваць над праектам сетак і збудаванняў, уключаючы станцыю абезжалезвання, водазабора Паўночны, толькі на праектна-каштарысную дакументацыю спатрэбілася 200 тысяч рублёў. Спецыялісты кажуць, што працэс праектавання вельмі замаруджвае шэраг умоўнасцяў у выглядзе конкурсаў, працэдур закупак, упарадкаванне зямельных адносін і гэтак далей.

Цікава

Па некаторых звестках, павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе — адна з асноўных прычын біяабрастання водаправодных труб. Паводле даследаванняў, прычынай слізі, якая ўтвараецца на злучальных і стыкавых элементах трубаправода, з'яўляюцца жалезабактэрыі. З цягам часу біяабрастанні здольныя прывесці да пашкоджання і карозіі водаправоднай арматуры.

У Магілёўскім раёне за бюджэтныя сродкі сеткі і збудаванні водазабеспячэння былі пабудаваны ў вёсках Бабровічы, Сумарокава і Сенькава, зараз будаўніцтва працягваецца ўжо за крэдыты Сусветнага банка. Дадаткова за кошт сродкаў кансалідаванага бюджэту аблвыканкам вырашае пытанне забеспячэння чыстай вадой населеных пунктаў Дашкаўка, Сухары, Нікіцінічы-аэрапорт, Кадзіна, Масток, Вендараж, дамоў у раёне Салтанаўскага дома-інтэрната. Ёсць спадзяванні, што сёлета работы будуць выкананы.

Трубаправод замест станцыі

Будаваць станцыю абезжалезвання ў кожнай вёсцы зусім не абавязкова, кажуць камунальнікі і прыводзяць прыклады, як гэта вырашаецца за кошт далучэння сістэм камунальнага водазабеспячэння аднаго населенага пункта да сістэм другога, дзе нараканняў на якасць вады няма. Яскравы прыклад — вёска Купёлы Магілёўскага раёна, дзе гарводаканал пабудаваў за свае сродкі 200 метраў водаправода і даў магчымасць жыхарам піць чыстую ваду.

— Нам гэта каштавала 33 тысячы рублёў уласных сродкаў, — удакладніў галоўны інжынер Аляксандр ПАЛАГІН.

Жыхары вёсак Прысна, Жукаўка, Сафіеўка, Новае Пашкава і некаторых іншых населеных пунктаў Магілёўскага раёна на працягу некалькіх гадоў шлюць гнеўныя лісты ў розныя інстанцыі, скардзяцца, што ў іх не вада, а атрута. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёўскага раёна зараз плануе за кошт мэтавых сродкаў паправіць становішча ў гэтых населеных пунктах па тым жа прынцыпе, як і ў Купёлах, — далучыць да Магілёва з яго трубаправодамі.

Але працэс забеспячэння насельніцтва чыстай вадой вельмі марудны: пакуль шукаюць грошы, каб пабудаваць адну станцыю, другая ўжо мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Зношваюцца і астатнія складальнікі працэсу водазабеспячэння — свідравіны, трубы і іншае абсталяванне, ад работы якога таксама залежыць якасць вады. Бо і на гэта таксама патрэбны сродкі.

На 1 жніўня сярэдні знос сетак водазабеспячэння складаў ад 36 % у Магілёве да 86 % — у Хоцімскім раёне. Знос па сетках водаадвядзення (каналізацыі) прыкладна такі ж — ад 32,8 % у Бялыніцкім раёне да 88 % — у Хоцімскім.

Праект сваімі сіламі

Шэраг аб'ектаў водна-каналізацыйнай гаспадаркі з-за іх неналежнага тэхнічнага стану і адсутнасці дастатковых сродкаў на рамонт і мадэрнізацыю ў вобласці наогул не функцыянуюць. Як, напрыклад, станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Ціманава Клімавіцкага раёна. Раённае прадпрыемства «Камунальнік» робіць усё магчымае, каб стабілізаваць абстаноўку.

Трэба ведаць

Павышаная канцэнтрацыя жалеза ў вадзе адчуваецца па сцягнутасці і сухасці скуры пасля купання. Існуюць меркаванні, што гэты хімічны элемент з'яўляецца таксама адной з прычын развіцця дэрматытаў, алергічных рэакцый, захворванняў печані і нырак. Ёсць звесткі, што перавышэнне ГДК жалеза ў вадзе спрыяе павелічэнню рызыкі інфарктаў і пашкоджанняў тканак пры інсультах.

— Мы правялі перадпраектныя работы і зараз робім праект на будаўніцтва новай станцыі абезжалезвання, — кажа галоўны інжынер прадпрыемства Дзмітрый СУДЗІЛОЎСКІ. — Яны нам абышліся ў больш чым 17 тысяч рублёў. Плюс яшчэ 140 тысяч спатрэбіцца на будаўніцтва новай станцыі. Тая станцыя, якая была пабудавана ў канцы 80-х — пачатку 90-х, не спраўлялася з ачысткай вады ад жалеза. Яна ўзводзілася разам з пасёлкам, які прызначаўся для перасяленцаў з населеных пунктаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Пяць гадоў таму работа станцыі была прыпынена ў сувязі з поўным яе зносам. Мы неаднаразова падавалі заяўку на ўдзел у праграме «Чыстая вада», але сродкі так і не паступілі. Аграгарадок перспектыўны, колькасць жыхароў складае 1700 чалавек. Але вада псуе ўсю карціну. Утрыманне жалеза ў ёй каля 2 міліграмаў на кубічны дэцыметр пры норме 0,3.

Дзмітрый Судзілоўскі кажа, што такое крытычнае становішча не толькі па Ціманаве. З 55 асноўных і рэзервовых артэзіянскіх свідравін, якія ёсць у раёне, толькі чатыры даюць якасную ваду. Раёну на сённяшні дзень неабходны 16 (!) станцый абезжалезвання. І грошай на гэта няма. Усе спадзяванні на крэдыты, у тым ліку Сусветнага банка. Галоўны інжынер кажа, што як толькі праект па Ціманаўскай станцыі будзе зроблены цалкам, яны пачнуць распрацоўваць наступны.

Вада на кантролі

Як лічаць у КДК Магілёўскай вобласці, які аналізаваў становішча спраў у гэтай сферы, на сённяшні дзень 199 населеных пунктаў вобласці маюць вострую патрэбу ў будаўніцтве ўстановак па абезжалезванні.

— У 25 з іх утрыманне жалеза ў вадзе складае звыш трох міліграмаў на кубічны дэцыметр. У Магілёўскім раёне такіх 14 населеных пунктаў, у Асіповіцкім — 3, у Клічаўскім, Краснапольскім, Бабруйскім — па 2, у Дрыбінскім і Крычаўскім — па 1, — удакладняе Дзмітрый ЗАХАРАЎ, начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.

На 1 студзеня, па звестках КДК Магілёўскай вобласці, з 1864 артэзіянскіх свідравін у цэнтралізаваным водазабеспячэнні ЖКГ былі задзейнічаны 1472, з іх 1170 адпрацавалі нарматыўны тэрмін службы, у тым ліку двойчы — 681! Акрамя таго, 112 артэзіянскіх свідравін патрабуюць капітальнага рамонту. Па прыкладных ацэнках на гэта неабходна больш за 6 мільёнаў рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Піць ці не?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».