Вы тут

Падпраграма «Чыстая вада» — лагічны працяг павышэння якасці пітной вады


Падпраграма «Чыстая вада» праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады, што дзейнічае ў нашай краіне, — лагічны працяг шматгадовай працы па павышэнні якасці пітной вады для насельніцтва, удасканаленні працы ачышчальных сістэм, ахове ад забруджвання падземных і паверхневых вод. Дзякуючы праведзенай рабоце цяпер вадой з сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння, якая адпавядае пітной якасці, карыстаецца 83,7 % спажыўцоў. У 2020 годзе гэты паказчык павінен дасягнуць 100 %.

Але пакуль не ўсе праблемы ў гэтай сферы вырашаюцца паспяхова.


Да 2020 года ў Беларусі плануецца пабудаваць 500 станцый абезжалезвання.

Дзе шукаць забруджвальнікаў?

Якасць вады — асноўнае з пытанняў, якія хвалюць жыхароў розных рэгіёнаў краіны. Сёння за тым, каб вада адпавядала гігіенічным нарматывам, сочаць у тым ліку і ў межах Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя. Для паверхневых і падземных вод ён праводзіцца з 1993 года. Паводле даных за 2017 год, за гэты час фізіка-хімічны склад падземных вод (а менавіта вада з гэтых крыніц пераважна трапляе ў кватэры беларусаў) практычна не змяніўся і ў цэлым адпавядае патрабаванням СанПіН. Выключэнне складаюць адзінкавыя выпадкі перавышэння колькасці вокісу крэмнію, аміяку і марганцу. Прыродны фактар, які больш за ўсё ўплывае на якасць вады, — перавышэнне гранічна дапушчальных канцэнтрацый па жалезе.

Праблема «жалезнай» вады вырашаецца з дапамогай станцый абезжалезвання. Так, за гады дзеяння праграмы «Чыстая вада» (з 2002-га да 2015 года) у краіне было пабудавана больш за 1000 такіх станцый. Яшчэ 500 плануецца пабудаваць да 2020 года ў межах аднайменнай падпраграмы.

Але для эфектыўнага вырашэння гэтай праблемы важна не толькі сачыць за крыніцамі водазабеспячэння — неабходна падтрымліваць і добры стан водаправоднай сістэмы. Эксплуатацыя старых трубаправодаў і недастатковая колькасць іх санітарных прамывак нават добрую ваду могуць зрабіць іржавай, а часам і прывесці да аварый.

Уплываюць на якасць вады і антрапагенныя фактары. Так, з-за недасканалай дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый па ахове навакольнага асяроддзя і неабачлівасці некаторых грамадзян пітная вада ў калодзежах забруджваецца нітратамі. Крыніцамі гэтых азотазмяшчальных злучэнняў звычайна з'яўляюцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, якія ўносяцца на палі, ці размешчаныя побач гаспадарчыя пабудовы (хлявы, прыбіральні) без неабходнай аховы. Трапляючы ў арганізм чалавека, нітраты зніжаюць імунітэт, павышаюць успрымальнасць да прастудных захворванняў, уплываюць на крывятворную сістэму. Асабліва небяспечныя яны для дзяцей.

Калі грамадскія калодзежы і якасць вады ў іх знаходзяцца пад дзяржаўным санітарным наглядам і абслугоўваюцца спецыялізаванымі арганізацыямі, то асабістыя — галаўны боль іх уласнікаў. Каб засцерагчыся ад праблем са здароўем, менавіта самі грамадзяне павінны звяртацца ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ці іншыя акрэдытаваныя арганізацыі для праверкі бяспечнасці вады ў такіх крыніцах, чысціць і пры неабходнасці рамантаваць калодзежы.

Свідравін шмат не бывае?

Здабыча вады таксама можа стаць адной з крыніц яе забруджвання, лічаць у Мінпрыроды. Многія грамадзяне і арганізацыі аддаюць перавагу асабістым сістэмам водазабеспячэння і бураць на сваіх зямельных участках свідравіны — як уласнымі сіламі, так і з дапамогай спецыялізаваных арганізацый. Пры гэтым па розных прычынах не ўсе такія збудаванні прыносяць чаканыя вынікі: вады са свідравіны ці калодзежа можа паступаць менш, чым планавалася, або ў выніку выкарыстання нетраў можа адбыцца забруджванне падземных вод.

Менавіта таму ў Мінпрыроды звярнулі ўвагу на неабходнасць вырашэння праблемы масавага і бескантрольнага бурэння свідравін. У прыродаахоўным ведамстве ўпэўнены: неабходна палепшыць дзяржаўны кантроль за такім водакарыстаннем. Сёння гэта пытанне разглядаецца пры карэкціроўцы закона «Аб пітным водазабеспячэнні».

Куды цякуць сцёкі

Па словах начальніка аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Мінпрыроды Таццяны СЛІЖ, неабходна таксама вырашыць і праблему ачысткі вытворчых сцёкавых вод, якія адводзяцца ў сеткі камунальнай каналізацыі:

— Водным кодэксам Рэспублікі Беларусь устаноўлена: калі немагчыма забяспечыць дапушчальную канцэнтрацыю забруджвальных рэчываў у складзе вытворчых сцёкавых вод, якія скідваюцца ў паверхневыя водныя аб'екты, неабходна наладзіць лакальныя ачышчальныя збудаванні. Аднак на практыцы гэта патрабаванне не заўсёды выконваецца. Большасць прадпрыемстваў адводзіць вытворчыя сцёкавыя воды ў сістэму каналізацыі населеных пунктаў без папярэдняй ачысткі. Тым самым яны негатыўна ўплываюць на работу камунальных ачышчальных збудаванняў і, адпаведна, на якасць паверхневых і падземных вод.

Пры гэтым, адзначае спецыяліст, назіраецца тэндэнцыя да скарачэння аб'ёму скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты. У адносінах да 2000 года паказчык зменшыўся на 16,2 мільёна кубічных метраў, ці на 65 %.

Выкарыстоўваючы — зберагаць

За апошнія гады ў Беларусі значна скарацілася водаспажыванне — як на гаспадарча-пітныя, так і на вытворчыя патрэбы. Тэхналогіі паўторна-паслядоўнага выкарыстання вады, укараненне яе прыборнага ўліку дапамагаюць рацыянальна выкарыстоўваць гэты важны прыродны рэсурс. Але каб пытанні водазабеспячэння вырашаліся яшчэ больш эфектыўна, неабходны ўдзел кожнага жыхара краіны.

Паводле даных Мінпрыроды, узнаўляльныя рэсурсы падземных вод у цэлым па рэспубліцы вызначаны ў памеры 43,56 мільёна «кубоў» на суткі. Штогод з прыродных крыніц здабываецца каля 1500 мільёнаў кубічных метраў вады. Асноўныя яе аб'ёмы ідуць на гаспадарча-пітныя патрэбы (38,7 % ад агульнага аб'ёму выкарыстанай вады), на вытворчыя патрэбы (26 %) і патрэбы рыбнай сажалкавай гаспадаркі (26,4 %).

Вераніка КОЛАСАВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Шлях для вады

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.