Вы тут

Віцебшчына выбрана для падпраекта «Чыстая вада Паўночнай часткі Беларусі»


Што скажа чалавек пра мясцовую ўладу, калі адкрые кран, а адтуль пацячэ ржавая вада?

Віцебская вобласць выбрана ў якасці пілотнай у краіне для рэалізацыі падпраекта «Чыстая вада Паўночнай часткі Беларусі». Асноўная мэта — паляпшэнне якасці пітнога водазабеспячэння ў вёсках з насельніцтвам больш за трыста чалавек. Прыкладна 45 тысяч грамадзян змогуць карыстацца вадой, якасць якой адпавядае ўсім нарматывам. Яшчэ адна асаблівасць Прыдзвіння — тут не субсідуюць з бюджэту паслугі насельніцтву па водазабеспячэнні і каналізацыі. Але па кішэнях спажыўцоў гэта не б'е, што стала магчымым дзякуючы эканоміі грошай у выніку стварэння спецыялізаванай абласной арганізацыі «Віцебскаблводаканал».


Каб унукі былі ўдзячныя

На мінулым тыдні пра дзейнасць ЖКГ у цэлым і «Чыстую ваду» ў прыватнасці гаварылі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. У мерапрыемстве ўзяў удзел міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЦЕРАХАЎ. Ён адзначыў, што ў цэлым у вобласці ЖКГ працуе нядрэнна.

Паляпшэнне якасці пітнога водазабеспячэння вядзецца з перавышэннем планавага задання. Сёлета рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках «Чыстай вады» дазволіла забяспечыць 87,4 % спажыўцоў вадой пітной якасці пры заданні 86,3 %.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ канстатаваў, што тэмпы будаўніцтва станцый абезжалезвання ў апошнія гады добрыя. Але...

Губернатар паразважаў. Напрыклад, што пра мясцовую ўладу можа сказаць чалавек, калі адкрывае кран, а адтуль цячэ ржавая вада?

— І што ў такім выпадку чыноўніку адказаць грамадзяніну? Маўляў, некалі нешта будзем старацца ажыццяўляць, каб вада была чыстай, а сёння на гэтыя мэты грошай няма. Такое тлумачэнне людзьмі не ўспрымаецца! — заўважыў губернатар.

На яго думку, неабходна зрабіць усё магчымае, каб ужо цяпер, а не праз дзесяцігоддзі вада ў жыллі паўсюдна была здавальняючай якасці.

Начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый ДЗЯДЗЁЛА канстатаваў, што сёлета за сродкі абласнога бюджэту запланавана праектаванне і будаўніцтва сямі станцый абезжалезвання.

Акрамя гэтага, плануецца правядзенне праектна-пошукавых работ па аб'ектах водазабеспячэння (уключаючы станцыі абезжалезвання) у дзесяці населеных пунктах. Запланавана, што вада добрай якасці пальецца з кранаў налета.

Пазыка банкаў

Летась і сёлета ў рамках рэалізацыі праекта «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення» за кошт сродкаў дадатковай пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця вядзецца будаўніцтва 12 аб'ектаў. Яны выбраныя прыярытэтнымі. На сёння ўжо два аб'екты працуюць. Гэта станцыя абезжалезвання ў гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна, сетка водазабеспячэння ў населеным пункце Экімань Полацкага раёна.

На чатырох аб'ектах завершаны будаўніча-мантажныя работы, а на шасці яны яшчэ працягваюцца. Па плане ўвод у эксплуатацыю — сёлета.

Паводле інфармацыі на пачатак жніўня, грошы ад вышэйзгаданага банка засвоены на 46,8 %. Сума немалая — 2,5 мільёна долараў ЗША.

У рамках «Чыстай вады» ў 2019—2020 гадах прадугледжваецца фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у памеры 16,4 мільёна рублёў. Гэта дазволіць ажыццявіць будаўніцтва станцый па ачыстцы вады ў 45 населеных пунктах Прыдзвіння.

Вядзецца супрацоўніцтва і з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Ужо выкананы неабходныя дакументальныя абгрунтаванні па 80 аб'ектах у глыбінцы. Планаваны памер крэдытавання — да 15 мільёнаў еўра.

Для аператыўнага рэагавання на скаргі

Безумоўна, Аршанскі рэгіён у цэнтры ўвагі. Таму там, каб зрабіць усё неабходнае для годнага жыцця людзей, не трэба забывацца і пра якасць вады.

У Оршы запланавана мадэрнізацыя водазабораў «Аршыца» і «Паўднёвы», каналізацыйных ачышчальных збудаванняў, аднаўленне калектараў. А ў найстарэйшым беларускім горадзе — Полацку — запланавалі будаўніцтва ачышчальных збудаванняў. Сярод іншага пракладуць новы каналізацыйны калектар. Для гэтага плануецца выкарыстаць крэдыты ў памеры 15 мільёнаў еўра. Таксама прыцягваюцца грантавыя сродкі — 7,2 мільёна еўра.

Стварэнне ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблводаканал» дазволіла не толькі скараціць выдаткі, але і актывізаваць мерапрыемствы па забеспячэнні якаснай вадой насельніцтва. Кіраўнік абласной арганізацыі ЖКГ канстатаваў, што якасць паслуг не пагоршылася, скаргаў больш не стала. Ацэнка дзейнасці з боку спажыўцоў, бадай, галоўны «барометр». Хаця, канешне, бывае, людзі выказваюць незадаволенасць. Каб аператыўна на яе рэагаваць, прымаць заяўкі, кантраляваць ход іх выканання, у вобласці ствараюцца «камунальныя тэлефонныя дыспетчарскія».

Прапрацоўваецца магчымасць прыцягнення грантаў на ўкараненне на Віцебскаблводаканале сістэмы кіравання актывамі. У прыватнасці, у ліку іншага эксперты зробяць прапановы наконт тэхніка-інфармацыйнай сістэмы, паляпшэння стану водаправодаў, гідраўлічнай мадэлі водазабеспячэння каналізацыі буйных гарадоў і гэтак далей. Прадугледжваюцца выдзяленне неабходнага абсталявання, лічбавых праграм і нават арганізацыя курсаў для персаналу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Для чысціні эксперымента

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?