Вы тут

Нітраты становяцца галоўнай небяспекай калодзежнай вады


Некалі калодзеж быў адзінай крыніцай пітной вады ў сельскай мясцовасці. Зараз многае змянілася. Але ж меркаванне, што вада з калодзежа самая чыстая і смачная, па-ранейшаму жыве ў свядомасці. Галоўны ж вораг празрыстай сцюдзёнай вады — нітраты. Яны не маюць паху, смаку, колеру, у адрозненне ад бактэрый не баяцца кіпячэння.


Яўген Лагота з вёскі Сенькавічы.

І санітарная служба не можа прымусіць адмовіцца ад калодзежнай вады таго, хто ігнаруе рэкамендацыі медыкаў. Апошнія могуць толькі інфармаваць, заклікаць — адным словам, выконваць асветніцкую функцыю. А ў пробах вады, якія бяруць спецыялісты, на жаль, часта выяўляюцца нітраты.

Галоўны санітарны ўрач Жабінкаўскага раёна Надзея ШОСЦІК гаворыць, што гэта цяпер непазбежна. Сельгаспрадпрыемствы ў пагоні за высокай рэнтабельнасцю земляробства ўносяць пад пасевы тоны мінеральных угнаенняў. Дождж змывае з палёў названыя рэчывы, яны трапляюць у рэкі і азёры, у падземныя воды. Такім чынам нітраты лёгка аказваюцца ў калодзежах.

Падчас маніторынгу спецыялісты ўпэўніваюцца, што нават на суседніх падворках карціна можа кардынальна адрознівацца. У аднаго з вяскоўцаў вада цалкам чыстая, у другога — з нітратамі, а то і з бактэрыямі. Таму нельга сказаць, што той ці іншы населены пункт мае прыгодную для ўжывання пітную ваду, а іншы — наадварот.

— Пры будаўніцтве калодзежа трэба выконваць правілы яго ўзвядзення, — кажа Надзея Шосцік. — Некаторыя калодзежы выкапаны даўно бацькамі альбо дзядамі цяперашніх гаспадароў домаўладанняў. Асобныя вяскоўцы не паклапаціліся, каб захаваць патрэбную адлегласць ад хлявоў, не ўлічвалі ўхіл: калодзеж не павінен размяшчацца ніжэй за гаспадарчыя пабудовы, не адступілі далёка ад памыйнай ямы. І самае галоўнае, перш чым пакласці калодзежныя кольцы-трубы, неабходна абсталяваць так званы гліняны замок. Слой гліны патрэбны, каб не прапускаць у калодзеж шкодныя рэчывы. Калі гэтыя патрабаванні парушаны, можна чакаць адмоўных вынікаў даследавання.

Раз на месяц спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць выбарачны маніторынг. Гэта значыць, у той ці іншай вёсцы раёна бяруцца пробы і праводзіцца хіміка-біялагічны аналіз вады з калодзежаў. Калі ёсць праблемы — а найчасцей гэта перавышэнне дапушчальнай нормы нітратаў, — адразу паведамляецца кіраўніцтву сельскага Савета. Людзей папярэджваюць, ім даецца рэкамендацыя не ўжываць ваду для піцця і прыгатавання ежы, а пераходзіць на прывазную бутэляваную ваду.

Кіраўнікі мясцовай улады адзначаюць, што людзі апошнім часам праяўляюць зацікаўленасць да праблемы і свядома падыходзяць да яе вырашэння. Некаторыя гаспадары прабіваюць свідравіну на падворку, устанаўліваюць калонку, а калодзеж, бывае, пакідаюць для тэхнічных патрэб, напрыклад для паліву агарода. У калонках жа, як правіла, вада чыстая, глыбіня адыгрывае станоўчую ролю.

І калонку, і калодзеж мае шэраг гаспадароў у вёсцы Сенькавічы Жабінкаўскага раёна. А ў Яўгена Лаготы на падворку толькі калодзеж. Яўген Рыгоравіч расказаў, што гэты дом пабудаваў яго бацька, ён жа капаў калодзеж. «Прывык, што з дзяцінства піў гэтую ваду, яна заўсёды падавалася смачнай і чыстай», — кажа гаспадар. І толькі нядаўна па рэкамендацыі сельскага Савета праверыў ваду ў лабараторыі. Цяпер можна не сумнявацца ў яе якасці.

— У ХХІ стагоддзі чалавек павінен ведаць паказчыкі якасці вады, якую ўжывае, — лічыць намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандр МАРТЫНЮК. — Варта сказаць, што большасць насельніцтва праяўляе свядомае стаўленне да праблемы. Сёння ёсць усе магчымасці заказаць платную паслугу па праверцы якасці вады. Не такія гэта вялікія грошы. І кожны адказны за сваю сям'ю грамадзянін так робіць.

Глабальнае вырашэнне пытання чыстай вады для сельскага насельніцтва — гэта, несумненна, водаправод. Вада, якая паступае з сетак, пастаянна кантралюецца, што становіцца пэўнай гарантыяй. Зараз у раёне вядзецца работа ў гэтым кірунку. Разглядаецца магчымасць пракладкі водаправода ў вёсцы Брылёва. А калодзежная вада нярэдка выклікае нараканні. Літаральна днямі мы з начальнікам аддзела цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ігарам Асташэвічам прайшліся з алоўкамі па карце раёна. Вызначаны населеныя пункты, у якіх будуць праведзены выбарачныя праверкі. І недзе да канца года ў райвыканкаме падвядзём вынікі, намецім шляхі вырашэння. У малую аддаленую вёску, вядома, сеткі не пацягнеш. Магчыма, паўстане пытанне аб забеспячэнні жыхароў бутэляванай вадой. Бо гэта непарадак, калі каровы часам п'юць ваду больш якасную, чым людзі. Пры цяперашніх патрабаваннях малочных заводаў аграрыі пастаянна правяраюць ваду з воданапорных вежаў. У абсалютнай большасці сельгаспрадпрыемстваў вада каля фермаў здабываецца чыстая. А ў калодзежах, як паказвае практыка, бывае і з нітратамі.

У тэму

Нітраты — адна з формаў азоту. Солі азотнай кіслаты з'яўляюцца кампанентамі мінеральных угнаенняў (напрыклад, калійнай альбо аміячнай салетры). Асабліва небяспечныя нітраты, якія трапляюць у арганізм з вадой, бо ваду мы ўжываем штодня.

Трапляючы ў арганізм, нітраты ператвараюцца ў нітрыты. Апошнія злучаюцца з гемаглабінам, які пераносіць кісларод да тканак. Нітрыты робяць гемаглабін неактыўным. Узнікаюць кіслароднае галаданне ўсіх органаў, авітаміноз, хваробы шчытападобнай залозы. Асабліва небяспечныя нітраты для дзяцей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Празрыстая — не значыць прыгодная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».