24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Гарачае ацынкаванне патрабуе гарачага сэрца*


Каб перахапіць фронт работ у канкурэнтаў з Аўстрыі, Італіі, Сербіі ці Польшчы, якія даўно на рынку, трэба вельмі пастарацца. У выпадку з лідскім «Конусам» інакш і быць не магло: маладое беларускае прадпрыемства, з'явіўшыся ў свабоднай эканамічнай зоне Гродна з «падачы» Нацыянальнай акадэміі навук, здзіўляе не толькі тэхналагічнымі навацыямі, але і надзвычай разумнай, прадуманай арганізацыяй вытворчага працэсу.

Гарачае ацынкаванне металу патрабуе ідэальнага выканання тэхналогіі. Дык вось, на дзяржаўным прадпрыемстве «Конус», напрыклад, кіраванне якасцю работ, якое грунтуецца на сістэме менеджменту якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ІSО 9001-2009, развіваецца па перспектыўным кірунку папярэджання памылак, і гэта дае большы эфект, чым іх выяўленне і выпраўленне.


Дырэктар прадпрыемства Андрэй ЖАМОЙДА.

Першымі ацанілі лідскую трыяду — спачатку якасць, потым своечасовыя тэрміны выканання заказу і, нарэшце, даступную цану — суседзі-расіяне, якія раней вазілі свае электрычныя кабельныя латкі ў Еўропу. Зараз далей Ліды — ні-ні, і машыны з нумарамі расійскіх рэгіёнаў, нават аддаленых, справа тут звычайная.

Не выпадкова Еўрапейская асацыяцыя ацынкоўшчыкаў раіць замежным прадпрыемствам наведаць Ліду і павучыцца ў «Конуса».

Чаму павучыцца? А хоць бы не шкадаваць сродкі на бяспечную працу, якую можна лічыць перадумовай высокай эфектыўнасці. Знаёмства з аматарскімі ролікамі, знятымі лідчанамі падчас наведвання некаторых профільных еўрапейскіх прадпрыемстваў, дае магчымасць параўноўваць, і параўнанне гэтае на карысць беларусаў. Тут працуе аўтаматызаваная лінія прадукцыйнасцю звыш 3000 тон металу ў месяц. Ванна з расплаўленым цынкам закрытая, а ванны падрыхтоўкі вырабаў да ацынкавання размешчаны ў ахоўна-выцяжным корабе. Асноўнымі працэсамі кіруе камп'ютар, які сочыць у тым ліку і за часам усіх аперацый.

Сярод мерапрыемстваў па ахове металу ад карозіі гарачае ацынкаванне лічыцца адным з самых прагрэсіўных. А калі размова ідзе пра ахову металаканструкцый для Беларускай атамнай станцыі альбо агароджаў для аўтастрады М6, рэканструкцыя якой праводзіцца, тых жа вышак сотавай сувязі — усім гэтым і займаецца «Конус», — важнасць відавочная. Акрамя таго, калектыў дзяржаўнага прадпрыемства бярэ пад сваю апеку канструкцыі для марскіх партоў, апоры канатных дарог, кантэйнеры для збору адходаў для ЖКГ, металічныя лесвіцы, трубы і гэтак далей.

Зеўс-грамавержац перад будынкамі прадпрыемства — не толькі сімвал, але і анёл-ахоўнік.

У адрозненне ад традыцыйнай афарбоўкі, якая паслужыць толькі два-тры гады, пры пакрыцці гарачым цынкам узровень аховы зусім іншы, бо сама яна адбываецца на малекулярным (!) узроўні, і тэрміны службы вылічваюцца дзесяцігоддзямі. Афіцыйна — 25 гадоў і больш, на практыцы — у сярэднім 50 гадоў.

Што называецца, адчуйце розніцу: тры гады і 50!

У апошні час лідчане істотна паклапаціліся пра «сэрца» ўласнай вытворчасці. Пасля правядзення чарговай дыягностыкі велізарнай ванны для цынкавання, якая не адзін год працуе круглымі суткамі пад уздзеяннем высокіх тэмператур звонку і расплаўленага цынку знутры, прыйшлі да высновы, што яе патрэбна мяняць.

Дыягностыку па выніках конкурсу даверылі правесці італьянскай кампаніі «Джымека», якая пастаўляла абсталяванне яшчэ падчас будаўніцтва «Конуса».
І пасля вынясення ёю заключэння аб неабходнасці замены зрабілі заказ на новую ванну для гарачага цынкавання буйнагабарытных металічных канструкцый вагой да шасці тон нямецкай кампаніі «Пілінг», адзінаму вытворцу такіх ваннаў у Еўропе.

Праз паўгода ванна была гатова і ва ўвесь рост паўстала праблема яе транспарціроўкі.

— Каб чытачу была зразумелая ўся складанасць задачы, назавём габарыты ванны: даўжыня 15 метраў, шырыня 1,8 метра, вышыня 3,5 метра, вага больш за 60 тон, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Вадзім АНАЦКА. — Арганізацыяй транспарціроўкі праз тры краіны — Германію, Польшчу і Беларусь — займалася кампанія-вытворца.

Пракладка маршруту патрабавала на кожным яго буйным адрэзку спецыяльных і даволі працяглых узгадненняў з мясцовымі органамі. Гарады даводзілася аб'язджаць. Не пад усімі мастамі можна было праехаць. Рухаліся пад аховай, на нізкай платформе, часта па начах, каб не перашкаджаць руху на дарогах. Толькі праз два месяцы (!) платформа з грузам асаблівага прызначэння спынілася каля сімвалічнага помніка Зеўсу каля варот завода.

— Да яго прыбыцця мы дастаткова доўга рыхтаваліся, — працягвае свой аповед галоўны інжынер. — На тэрыторыі завода была пракладзена часовая чыгунка. На падрыхтоўцы да дэмантажу старой ванны працавалі краны вялікай грузападымальнасці. Непасрэдна на замене быў заняты самы магутны — 300-тоннік. Гарачы цынк са старой ванны, а гэта 620 тон з тэмпературай 450 градусаў па Цэльсію, перакачалі ў шэсць металічных тэрмасаў і зложніцы.

Літарны груз прыбыў...

...і са складанасцямі заняў сваё законнае месца.

Скарысталі момант і правялі мадэрнізацыю печы, што падагравае ванну. Была выканана новая цеплаізаляцыя вонкавых сценак і ўдасканалены сам працэс падагрэву. Укаранёна новая тэхналогія — інверсія гарэлак, пры якой газавыя гарэлкі, што падаграваюць ванну, можна будзе перастаўляць з аднаго боку ванны на другі. Гэта дазволіць значна павялічыць тэрмін яе службы.

Аперацыя па замене такога абсталявання раней у Беларусі не праводзілася, і шэф-мантаж новай ванны выканалі спецыялісты кампаніі «Джымека».

На рабочы тэмпературны рэжым яна выходзіла на працягу тыдня. І вось дзякуючы надзвычай зладжанай рабоце ўсіх удзельнікаў новая ванна была запушчана. Важная дэталь: з дня адкачкі цынку са старой ванны да запуску новай прайшло крыху больш за два тыдні. Хоць сусветная практыка такая, што звычайна на замену ванны з мадэрнізацыяй печы адводзіцца каля месяца.

— Мы спяшаліся, бо шмат заказаў і іх патрэбна выконваць, — каментуе дырэктар унікальнага прадпрыемства Андрэй Пятровіч ЖАМОЙДА. — Паслугі па гарачым цынкаванні запатрабаваны круглы год, да нас заўсёды чарга, і мы клапоцімся пра свой імідж. Не адмаўляемся дапамагчы нікому, нават калі заказ невялікі і ацынкаваць патрэбна адну дэталь. Дапамагаем і буйным дзяржаўным прадпрыемствам, і прыватным фірмам, нават індывідуальным прадпрымальнікам. Звяртаюцца асобныя грамадзяне — дапамагаем і ім.

Не дзіўна, што пры такім стаўленні да справы аб'ём аказаных паслуг расце з году ў год. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то сёлета за першае паўгоддзе аб'ёмы ацынкавання металаканструкцый у фізічнай вазе ўзраслі на 26 працэнтаў, экспарт падвоіўся, зарплата павялічылася на 17,5 працэнта. Падкрэслім: яе павелічэнне адбылося дзякуючы росту прадукцыйнасці працы, а не за кошт скарачэння людзей. Наадварот, на прадпрыемстве ствараюцца новыя рабочыя месцы.

Пасля ацынкавання гэтыя і іншыя вырабы будуць служыць доўга і надзейна.

Прадпрыемства мае свой невялікі парк грузавога аўтатранспарту, паслугамі якога ахвотна карыстаюцца буйныя заказчыкі з Расіі. Калі заказчык папросіць, то на «Конусе» могуць і падрыхтаваць яго металаканструкцыі да гарачага цынкавання ці пасля ўпакаваць ацынкаваныя вырабы.

Зараз тут працуюць 175 чалавек. Кіраўніцтва завода лічыць, што вытворчыя поспехі тлумачацца высокім прафесіяналізмам сфарміраванай каманды. І ўсяляк клапоціцца пра свой калектыў. Работнікі «Конуса» застрахаваны, на змену іх дастаўляюць свае аўтобусы.

Створаны на прадпрыемстве і годныя бытавыя ўмовы. Працуе пакой прыёму ежы. Выдзяляюцца сродкі індывідуальнай аховы, форменнае адзенне, уцепленыя курткі. Аказваецца матэрыяльная дапамога для збораў дзяцей у школу перад новым навучальным годам і падчас закупак сельгаспрадукцыі. Як бачым, усё актуальна.

Адным словам, спадарожнага ветру ў ветразі, «Конус»!

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 500015616

Ад рэдакцыі. Выказваем шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі маркетолагу аддзела маркетынгу прадпрыемства Ігару ПАЛЯКОВУ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.