Вы тут

Як пад Навагрудкам рыхтуюць перспектыўных біятланістаў


Адным з самых папулярных відаў спорту ў Навагрудскім раёне з'яўляецца біятлон, ім займаецца каля 300 дзяцей у рэгіёне. Тлумачэнне простае — у раёне ёсць унікальная спартыўная школа, якая ўжо доўгія гады рыхтуе высакакласных спартсменаў у гэтым відзе спорту. Яна размясцілася ў вёсцы Сялец.


Спартыўна-біятлонны комплекс знаходзіцца за адзін кіламетр ад самага «высокага» горада ў Беларусі. Тут выраслі такія вядомыя спартсмены, як удзельніца алімпійскіх гульняў Людміла Ананька, чэмпіёнкі свету па летнім біятлоне Таццяна Шынтар, Аліна Савосцік, Вікторыя Шымко. Усяго выхаванцамі ДЮСШ № 1, якая месціцца ў Сяльцы, на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку чэмпіянатах свету, Еўропы, Кубках свету, заваявана 54 медалі.

Сёлета біятлонная база са стажам абнавілася і набыла новы выгляд. Федэрацыяй біятлона было вырашана правесці ў Сяльцы І этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона па летнім біятлоне. Каб прыняць гэты турнір належным чынам, неабходна было палепшыць некаторыя складнікі аб'екта.

Напрыклад, старое стрэльбішча базы раней было разлічана ўсяго на 16 установак, пасля невялікай рэканструкцыі іх стала 20. Акрамя таго, цалкам замянілі стралковае абсталяванне і ўстаноўкі для стральбы. На тэрыторыі базы з'явілася некалькі судзейскіх домікаў з сучаснай апаратурай «Сівідата», а пры неабходнасці памяшканні могуць выкарыстоўвацца, як дадатковыя раздзявальні для дзяцей. Прайшлі і іншыя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі базы, напрыклад, створаны трыбуны для гледачоў і стаянка для аўтатранспарту наведвальнікаў. Дарэчы, з падвозам дзяцей з горада для трэніровак на спартыўную базу праблем няма, для гэтага існуе спецыялізаваны транспарт.

«Таксама мы палепшылі харчаванне і ўмовы пражывання, на цяперашні момант гасцініца нашага спартыўна-біятлоннага цэнтра разлічана на 44 месцы, — расказвае дырэктар Віктар Літвінскі. — Было праведзена шмат земляных работ, напэўна, іх аб'ём тысячы машын пяску і зямлі, пашыраны трасы, куды паклалі новы асфальт».

Дарэчы, працягласць трасы ў Сяльцы сёння 1800 метраў, яе рэльеф выдатна падыходзіць не толькі для трэніровак дзяцей (для іх ён на некаторых участках нават складаны), але і для дарослых спартсменаў, таму што змяшчае дастаткова стромкія пад'ёмы. Віктар Літвінскі адзначае, што біятлонная база пад Навагрудкам належыць ДЮСШ № 1, але ўжо на працягу дзясятка гадоў карыстаецца попытам і ў зімовы, і ў летні перыяд таксама ў беларускіх параалімпійцаў і маладзёжных камандаў Гродзенскай вобласці.

«Яшчэ ёсць моманты, якіх нам не хапае, напрыклад, хацелася б зрабіць 2-3 асфальтаваныя кругі і трасы працягласцю 1500, 2000, 3300 метраў. Праектныя работы мы ўжо вядзём. Таксама няма ў нас на сёння снежнай пушкі. У бясснежныя зімы гэта сур'ёзная праблема».

Ужо на працягу 20 гадоў у Сяльцы штогод праводзіцца першынство БФСТ «Дынама» па біятлоне, прысвечанае памяці супрацоўнікаў дзяржбяспекі, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Паколькі ў Гродзенскай вобласці падобны комплекс з такімі ўмовамі толькі адзін, тут жа праходзяць усе летнія і зімовыя спаборніцтвы вобласці, у прыватнасці «Снежны снайпер». А турніры, накшталт Кубка федэрацыі, лішні раз прымушаюць звярнуць увагу на такія невялікія, але важныя спартыўныя аб'екты ў глыбінцы і палепшыць іх для трэніровак падрастаючага пакалення.

Кубак федэрацыі, які нядаўна прайшоў, праводзіцца па аналогіі з Кубкам свету. У турніры пад Навагрудкам прынялі ўдзел зборныя каманды ўсіх абласцей краіны і горада Мінска, члены эксперыментальнай групы Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Выступілі таксама юныя біятланісты з Японіі — каманда прыехала на спаборніцтвы ў нашу краіну па запрашэнні Беларускай федэрацыі біятлона. Акрамя спартсменаў сабраліся ў Сяльцы і вядомыя ў біятлонных колах кіраўнікі і былыя спартсмены, сярод іх старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі, галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Юрый Альберс, экс-біятланісты Людміла Ананька, Дзмітрый Будзіловіч, Алена Зубрылава, Вольга Назарава, Аляксей Айдараў, Пётр Івашка.

«Мы нездарма праводзім спаборніцтвы тут, — расказвае Юрый Альберс. — У Сяльцы добрая база і школа, з Навагрудка ў нас з'яўляецца шмат таленавітай моладзі. Таму федэрацыя вырашыла, што гэтую біятлонную базу трэба падтрымаць, развіваць і ўдасканальваць. Мясцовыя ўлады і арганізатары многае зрабілі, каб на годным узроўні прыняць гэты турнір: пашыраны стадыён і стрэльбішчы, асучаснілі іх, выраўнавалі агнявы рубеж. Тут добры рэльеф трасы, сюды раней прыходзіць зіма, снег трымаецца даўжэй, чым у іншых рэгіёнах».

Наконт далейшай рэканструкцыі цэнтра Юрый Альберс адзначыў, што трэба падыходзіць да гэтага пытання з двух бакоў і вызначыцца, база павінна быць ідэальным месцам для трэніровак або спаборніцтваў высокага ўзроўню. «Краіна ў нас невялікая і для таго, каб праводзіць турніры міжнароднага ўзроўню дастаткова «Раўбіч», гэта комплекс, які ўжо вядомы ва ўсім свеце. Што датычыцца нармальнага трэніровачнага працэсу і спаборніцтваў абласнога ўзроўню, то адзін з прыкладаў — Навагрудак. База ў Сяльцы дазваляе правесці добрыя спаборніцтвы абласнога ўзроўню ў зімовы перыяд. Каб рабіць гэта і ў летні час, трэба дапрацаваць лыжаролерную трасу, павялічыць яе хоць бы да 3 кіламетраў. Калі падобныя комплексы мы створым ва ўсіх рэгіёнах краіны, можна быць спакойным за будучыню нашага біятлона», — рэзюмаваў Юрый Юр'евіч.

Спартыўны складнік у Сяльцы, вядома, у прыярытэце, але каб аб'ект не пуставаў у вольны ад збораў і спаборніцтваў час кіраўніцтва цэнтра запрашае да сябе айчынных і замежных турыстаў. Сёння гэта месца адпачынку, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў новагрудчан. «З новага года вырашылі далучыцца да сучасных тэхналогій і зарэгістраваліся на Bооkіng.соm. Пачалі прыязджаць замежнікі, — адзначае Віктар Багуслававіч. — Улетку наогул здарыўся бум, у гэтым ліпені паток пастаяльцаў вырас у чатыры разы ў параўнанні з папярэднім месяцам, свабодных нумароў не знайсці. Навагрудак цікавы горад з турыстычнага пункту гледжання, ёсць што паглядзець, шмат гістарычнай памяці, таму прыязджаюць турысты, а на начлег спыняюцца ў нас, бо цэны вельмі прывабныя, мне здаецца, нават самыя нізкія ў Беларусі».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

г. Навагрудак.

Загаловак у газеце: Рэльеф пераможцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».