Вы тут

Вытокі роду Дастаеўскіх


Сядзібу знакамітага роду Дастаеўскіх, што жылі ў Іванаўскім раёне Брэстчыны, плануюць аднавіць да 200-годдзя пісьменніка Фёдара Дастаеўскага


Помнік Фёдару Дастаеўскаму ля школы ў Дастоеве. Скульптар Івана Данільчанка.

Хутка Беларусь будзе ў чарговы раз святкаваць Дзень беларускага пісьменства. 2 верасня сталіцай юбілейнага, дваццаць пятага ўжо свята, стане горад Іванава. З ваколіц якога, мы ведаем, і паходзіць і род, і прозвішча вялікага Фёдара Дастаеўскага. Дарэчы, калі кажуць, што імя, творы рускага пісьменніка вядомыя па ўсім свеце, то, на мой погляд, варта ўсё ж дадаваць: у асяродках людзей адукаваных і культурных. Каб не надта перабольшваць.

Зрэшты, пошукі сэнсаў быцця, нябачнае мяжы паміж дабром і ліхам (памятаеце, у Фёдара Міхайлавіча: “Тут д’ябал з Богам змагаецца, а поле бітвы — сэрцы людзей”) ніколі не былі масавымі. Не збіралі столькі народу, як, скажам, сучасныя канцэрты так званых эстрадных зорак ці футбольныя матчы на чэмпіянатах свету. Чытаць Дастаеўскага, вядома ж, праца душы. А, ведаючы пра беларускія старонкі ў радаводзе класіка, мы, беларусы, вялікую надзею маем, што і душы з ім у нас — не чужыя, блізкія...

Між тым пра тое, адкуль прыйшло само прозвішча Дастаеўскіх, яшчэ й цяпер ведаюць — адзінкі з тых, хто чуў пра яго, чытаў раманы. А Дастаеўскія ўмацаваліся як род якраз на тэрыторыі, што належыць сёння Беларусі: у вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна Брэстчыны. На гэты конт вядома, што больш за 500 гадоў таму Данілу Рцішчаву, продку Дастаеўскага, падаравана была грамата ад пінскага князя на валоданне некалькімі вёскамі — цяпер гэта тэрыторыя Іванаўскага раёна. Для будаўніцтва маёнтка ён абраў сяло Дастоева. У Даніілы нарадзіліся двое сыноў, Іван ды Сямён, яны ўжо насілі падвойнае прозвішча: Рцішчаў-Дастаеўскі. Наступныя ж пакаленні сталі проста Дастаеўскімі.

Анатоль Бурак быў душою музея ў Дастоева

З цягам часу, калі Дастаеўскія пакінулі родавую сядзібу, то й памяць пра іх сувязь з Дастоевам пачала губляцца. У сярэдзіне мінулага стагоддзя толькі мясцовыя краязнаўцы здагадваліся пра моцную повязь Дастоева й Дастаеўскіх. (Па логіцы беларускага словаўтварэння, прозвішча людзей з Дастоева — Дастоеўскія, з націскам на о. Аднак у віхурах часу яшчэ й не такія перайначанні здараюцца. — Рэд.) А кніга Леаніда Гросмана ў серыі “Жыццё выдатных людзей” з расповедам пра пачатак роду падцвердзіла тыя здагадкі, паставіла кропку ў гэтым пытанні

Каб памяць пра вытокі знакамітага роду жыла, у мясцовай школе спачатку быў створаны “куток Дастаеўскага”, з 1971-га школа ў Дастоеве носіць імя знакамітага пісьменніка. У 1982-м у Дастоеўскай сярэдняй школе створаны быў літаратурнакраязнаўчы музей класіка: там больш за 3000 экспанатаў. Пазней, у 1996 годзе, ля школы з’явіўся помнік Фёдару Дастаеўскаму (праца беларускага скульптара Івана Данільчанкі): кажуць, ён адзін з лепшых сярод тых, што ўсталяваны пісьменніку па свеце. З 2011 года ў школе ёсць мемарыяльны пакой, прысвечаны Фёдару Дастаеўскаму. Што ў пакоі? Унікальныя арыгіналы, фотакопіі дакументаў пра жыццё й творчасць пісьменніка, багаты картаграфічны матэрыял. Ёсць запіскі дзяцей бацьку, Фёдару Дастаеўскаму, падарожная кніга манаха КіеваПячэрскай лаўры ХVІІ стагоддзя. У музеі нават можна пабачыць прыжыццёвы фотаздымак пісьменніка, датаваны 1878 годам, яго творы розных гадоў выдання і на розных мовах, радавод Дастаеўскіх і шмат чаго іншага і цікавага.

Музей у Дастоеве падтрымлівае цесныя сувязі з Фондам Дастаеўскага (якім кіруе вядомы пісьменнік, вучоны Ігар Волгін), з музеямі Дастаеўскага ў Старой Русе і Санкт-Пецярбурзе, з вядучымі дастаезнаўцамі Расіі. Пасаду захавальніцы фондаў Гістарычнакраязнаўчага музея Дастаеўскага пасля сыходу яго дырэктара (не стала ж Анатоля Бурака пяць гадоў таму: 17 жніўня 2013 года) займае Валянціна Пуцыковіч.

Валянціна Пуцыковіч працягвае пошукі. Фота Валянціны Казловіч.

(Рыхтуючы нататкі да друку, мы палічылі важным прывесці словы Валянціны Уладзіміраўны пра тое, што калі прадстаўленыя ў вясковым музеі экспанаты называлі сэрцам музея, то Анатоля Бурака — ягонай душой. У цёплых нататках, змешчаных на партале janow.by, яна піша: “Унікальнасць Анатоля Іосіфавіча Бурака ў тым, што ён быў адораны рознабакова. Гэта ў добрым разуменні слова “самародакшматстаночнік”, як жартаўліва і з любоўю называлі яго сябры. І дадзены Богам талент ён не закапаў у зямлю, а шліфаваў і развіваў яго на працягу ўсяго жыцця. На генетычным узроўні многае перадалося яму ад маці. У свой час, у 1935 годзе, Надзея Цімафееўна Бурак з адзнакай закончыла 6 класаў польскай школы. І цяпер, у 95 гадоў, яна ў добрай памяці, ведае ўсіх вядомых палітыкаў, да дробязяў можа расказаць усю гісторыю Дастоева. Мясцовыя настаўнікістаражылы ў размовах не раз падкрэслівалі: “Толя Бурак яшчэ ў сярэднім звяне школы ведаў на памяць усіх членаў Палітбюро”. На працягу ўсяго жыцця ён па крупінках збіраў усё, што звязана было з родным краем, заснавальнікамі ды прадаўжальнікамі роду Дастаеўскіх. Працаваў у архівах Пінска, Мінска, Гродна, Санкт-Пецярбурга, Кракава. Архіўныя гістарычныя веды разам з пошукавай дзейнасцю і асабістымі кантактамі з нашчадкамі вялікага пісьменніка прывялі да стварэння выдатнага літаратурнакраязнаўчага музея: у 2017 годзе якому споўнілася 30 гадоў.” — Рэд.)

Валянціна Пуцыковіч даволі часта чуе ад турыстаў з Расіі, а яны цяпер бываюць у музеі штотыдзень, пытанне: калі ж адновіцца сядзіба Дастаеўскіх? Госці патрапляюць на экскурсію ў Дастоева, калі здзяйсняюць 8-дзённы рачны круіз па рэчках Буг, Мухавец, Піна, Прыпяць і ДняпроўскаБугскім канале на цеплаходзе “Белая Русь”. Амаль усе, звычайна чалавек 25-30, — расіяне. А ў Расіі, як вядома, юбілей Фёдара Міхайлавіча (нарадзіўся 11 лістапада 1821 года ў Маскве) плануецца адзначаць шырока. Вось і цікавяцца турысты: як ідуць справы ў Дастоеве, ці плануецца адрадзіць на Палессі сядзібу продкаў рускага пісьменніка?

Звернемся, як кажуць, да гісторыі пытання. Да сярэдзіны 70-х мінулага стагоддзя фрагменты сядзібы Дастаеўскіх яшчэ былі бачныя. (Але як і калі сядзібы не стала? Наша калега Валянціна Казловіч у тэксце “Достоевское гнездо” сцвярджае: “В XVІІ веке казаки Богдана Хмельницкого совершили преступление без наказания — сожгли поместье Достоевских дотла. Сегодня о нем напоминает памятный знак, молодая березовая аллея и остатки старого погреба, на котором выросли деревья”. Падрабязней пра яе візіт у Дастоева — тут. — Рэд.) Пра сляды сядзібы помняць і мясцовыя жыхары, якія, дарэчы, заўсёды ведалі: кіламетры за тры ад Дастоева быў маёнтак Дастаеўскіх. Ды час, а таксама й людзі рабілі сваю справу — і сляды сядзібы зніклі. Калі ж бліжэй да нашых дзён было вырашанатакі аднавіць родавае гняздо Дастаеўскіх, то правялі там археалагічныя раскопкі. За два сезоны (2012-13) археолагі з Брэсцкага дзяржуніверсітэта адкапалі часткі падмурку, знайшлі больш за 1000 артэфактаў. Сярод іх і бясспрэчныя доказы таго, што ў доме жылі Дастаеўскія. Тады ж на ўзроўні двух урадаў, беларускага і расійскага, дамовіліся: аб’ект будзе ўзведзены за лік Саюзнай дзяржавы. (У прыватнасці, “Российская газета” пісала з аптымізмам: “Классику вернут усадьбу. На средства Союзного государства восстановят родовое гнездо Достоевских” (12.07.2012). У тым жа тэксце знаходзім: “Но что же с усадьбой? В минувшем году Премьерминистр Михаил Мясникович на встрече со своим тогда еще коллегой Владимиром Путиным предложил восстановить родовую усадьбу Достоевских как культурный проект Союзного государства и получил от него поддержку. Сегодня известно, что Минкультуры Беларуси подготовило и отправило в Москву свои предложения. Сейчас идет согласование объемов финансирования между Минском и Москвой. Хочется верить, что к концу нынешнего года финансовая ситуация станет понятной и четкой.” — Рэд.)

Так выглядала былая сядзіба Дастаеўскіх. Макет

Прайшло 5 гадоў., і ўся праектнакаштарысная дакументацыя на аднаўленне сядзібы Дастаеўскіх падрыхтавана. Паводле яе, сума фінансавання — 83 мільёны расійскіх рублёў. Перад тым, як узяцца за аднаўленне маёнтка, землі тыя будуць выключаны з сельгасужытку. Цяпер, казала мне Валянціна Пуцыковіч, праект чакае разгляду ў Саўміне Саюзнай дзяржавы. Захавальніца фондаў Гістарычнакраязнаўчага музея Дастаеўскага спадзяецца, што рашэнне будзе прынята да канца бягучага года. І што работы пачнуцца ўжо ў 2019-м: каб паспець да юбілею Фёдара Дастаеўскага, што будзе ў 2021-м. Вось такія планы. Калі ды якое рашэнне будзе прынята — нічога дакладна сказаць нельга. І раскопкі на былой сядзібе пакуль што закансерваваныя: да пачатку работ.

Сам пісьменнік пра паходжанне пісаў так: “Из семейства русского и благочестивого”. Ён, магчыма, і чуў нешта пра Дастоева, ніколі там не бываў. Але на Палессе, пад Іванава прыязджалі яго нашчадкі: “Мы падтрымлівалі сувязь з унукам Фёдара Міхайлавіча: Андрэем Фёдаравічам. Цяпер і з праўнукам Дмітрыем Андрээвічэм, якому ўжо 72 гады, у кантакце”, — казала Валянціна Пуцыковіч. Праўнук, Дмітрый Дастаеўскі, прыязджаў у Дастоева з Санкт-Пецярбурга ў 2007 годзе. Пакуль што на месцы былой сядзібы — невялічкі пагорак. Ёсць там і знак-камень, усталяваны ў 2006-м, які сведчыць, што якраз на тым месцы калісьці жылі Дастаеўскія. Спадзяемся, што іх родавы маёнтак усё ж падымецца над зямлёю.

Яніна Гарадзецкая, г. Іванава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.