Вы тут

Нашых душ карані


Развагі пра тое, ці звязана знакамітая бітва пад Клецкам з родам Фёдара Дастаеўскага. І як жыццё на зямлі вызначае шлях наш да Неба.


К. Васільеў. Партрэт Дастаеўскага. 1976. Фрагмент.

Рыхтуючы да публікацыі тэкст маладой журналісткі з Іванава Яніны Гарадзецкай, я звярнуў увагу на цікавую дату: 1506 год. Гэта, як вядома, своеасаблівы “пункт адліку” ў радаводзе Дастаеўскіх. У інтэрнэце знаходзім пра даўнюю падзею такія звесткі (падаю на мове арыгіналу): “1506, октября 6. Данила Иванович Ртищев (Ртищевич, Иртищ, Иртищевич, Артищевич) получил от пинского князя Фёдора Ивановича Ярославича жалованную грамоту на имение Полкотичи и на часть села Достоева в пинском повете (уезде), к северувостоку от Пинска, между реками Пиной и Яцольдой, на границе бывшего Кобринского уезда, после чего он и его потомки стали носить фамилию Достоевских. Имел сыновей Ивана и Семена Даниловичей”. Хто, калі гэта напісаў, дзе надрукаваў? Слядоў не знайшоў. Аднак хацелася даведацца: за што ж таму Данілу была такая княжацкая міласць?

Мы ведаем, што падобныя дарункі даваліся князямі часцей за ратныя подзвігі. А што значнае ў той год, падумалася, на землях нашых продкаў адбылося? Маючы родавыя карані з‑пад-Клецка, не мог я не згадаць: якраз 5 ці 6 жніўня 1506 года была знакамітая Клецкая бітва. У ёй, нагадаю, войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага разбіла крымскіх татараў. Дарэчы, лічыцца, што была то адна з найбольш значных перамог нашых продкаў над тымі ворагамі. Што цікава: і дата — 6, і год супадае. То можа, праз 2 месяцы, калі ўжо залечаны былі раны, і ўшанаваў князь воінагероя, што вызначыўся ў той Клецкай бітве?

Клецк з замкам і падзамчышчам. Паводле гравюры Тамаша Макоўскага. Пачатак ХVІІ ст

Гіпотэзу можна распрацоўваць, калі сам князь мае да Клецка нейкае дачыненне. А што мы пра яго ведаем? Пошукі ў інтэрнэце далі вельмі цікавы вынік: аказваецца, паходзіў род князя Фёдара Іванавіча з Маскоўскай дзяржавы: з СерпухаўскаБароўскіх князёў, прычым са знакамітай дынастыі Рурыкавічаў. А як трапіў у нашыя землі? З‑за міжусобных княжых спрэчак у Масковіі. Аказваецца, бацька Фёдара, Іван Васільевіч Бароўскі, збег “у Літву”, як тады называлі ВКЛ, у 1456‑м разам з мачахай, калі быў палонены ягоны бацька. І што цікава: тады ж вялікі князь літоўскі й кароль польскі Казімір ІV Ягелончык (які, дарэчы, памёр у 1492 годзе ў Гародні) прыняў знатнага князя і нават перадаў яму ва ўдзельнае валоданне гарады Клецк і Рагачоў. Іван Васілевіч і быў князем Клецкім у 1456–1503 гадах: бо ў 1503‑м крымскія татары разбурылі ды спалілі Клецк, і ягоную тамтэйшую рэзідэнцыю таксама. Ну але ж потым захопнікам праз тры гады нашы продкі адпомсцілі. Праўда, гісторыкі не ведаюць: удзельнічалі ў той гістарычнай бітве князі Клецкія ці не. І вось каштоўная дэталь з летапісаў: праз год пасля бітвы, у 1507‑м, Іван Васільевіч, князь Клецкі, памёр — а нашчадкам ягоных уладанняў стаў вось той самы князь Фёдар, якога й называюць ужо “хросным бацькам роду Дастаеўскага”.

Як бачым, наша гіпотэза мае права на жыццё! Бо ў князя Фёдара з Клецкам дачыненні былі самыя непасрэдныя. Зрэшты, і з Кіевам таксама: ён у 1498‑м ажаніўся з Алёнай Сямёнаўнай, дачкою кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Цікава, як сын князя Клецкага стаў князем Пінскім? Цешча дапамагла — бо якраз яна, княжая ўдава Марыя Іванаўна, тады валодала Пінскам. Пасля яе смерці ў 1501‑м Фёдар і стаў кіраваць княствам на правах отчыча. Дарэчы, ёсць сведчанні, што князь Фёдартакі паўдзельнічаў у баях з татарамі пад Клецкам у 1503 годзе! Вядома, што пацярпеў паразу. І ўжо тады ж, кажуць, бацька перадаў яму правы на Клецак, ДавыдГарадок і Рагачоў. А ў 1508‑м якраз Фёдару адышла частка зямельных уладанняў Міхаіла Глінскага, калі ён (таксама ж і ў ВКЛ былі спрэчкі ды інтрыгі…) аказаўся ў Масковіі. Урэшце ж Фёдар Іванавіч з роду СерпухаўскіхБароўскіх (які пісаўся Яраславічам, верагодней за ўсё, па сваім прадзеду) пры ўсіх ягоных багаццях памёр у 1520‑м бяздзетным. А свае немалыя ўладанні ён завяшчаў вялікаму князю Жыгімонту (пішуць яшчэ: Сігізмунду) І Старому, той жа перадаў правы на іх сваёй другой жонцыітальянцы Боне.

Праўнук Фёдара Дастаеўскага наведваў Беларусь

Невялічкае адступленне — але ў тэму нашых пошукаў. Князь Фёдар, аказваецца, прывеціў у сваім гаспадарстве яшчэ адзін род, што “даў добры плод”. Ёсць у цяперашнім Столінскім раёне вёска Беражное. Трапіла ў летапісы Вялікага Княства Літоўскага ў 1508 годзе. Належала тады князю Фёдару. Збераглася падпісаная ім грамата з таго часу: што яны з княгіняй жалуюць Беражное Алешы Пятровічу. І з таго часу Беражное аж чатыры стагоддзі належала роду Алешаў, з якога й быў знакаміты рускі пісьменнік Юрый Алеша (1899–1960). Зрэшты, ягоныя беларускія карані мы агледзім іншым разам.

Цяпер, ведаючы пра паходжанне з Масковіі роду СерпухаўскіхБароўскіх, паспрабуем дапусціць, што і Даніла Іванавіч Рцішчаў, далёкі продак Фёдара Дастаеўскага, быў — маскавітам, з тых жа мясцін. А якіх канкрэтна? Рцішчаўская краязнаўчая энцыклапедыя засвечвае інфармацыю, што “род Рцішчавых паходзіць ад знатнага татарына АсланаЧэлябімурзы, які выехаў у 1389 годзе з Залатой Арды да вялікага князя Дзмітрыя Данскога, прыняў праваслаўе і атрымаў імя Пракопій. Ягоны ж сын, Леў Пракопавіч, меў мянушку Шырокі Рот (паруску: Лев‑ртище. — Аўт.), ён і стаў родапачынальнікам Рцішчавых. Гэты род быў у сваяцтве з Арсенневымі, Жданавымі, Сомавымі ды іншымі дваранскімі родамі. У сярэдзіне XV стагоддзя памешчыкі Рцішчавы адзначаны ў горадзе Дзмітраве”. Стоп-стоп-стоп… Горад Дзмітраў, здаецца, згадваўся, калі мы шукалі родавыя карані князя Фёдара! Так, ягоны дзед, Васілій Яраслававіч, быў не толькі ўдзельным князем СерпухаўскаБароўскім, але ж і Дзмітраўскім (1447–1453) і Звянігарадскім. Яшчэ ён — унук Уладзіміра Андрэевіча Храбрага (Данскога), які… быў дваюрадным братам вялікага князя Маскоўскага Дзмітрыя Данскога, прадзедам (па маці) вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ Васільевіча.

З улікам гэтых, нават павярхоўных “раскопак” лёгка ўявіць сабе: далёка не бязродным халопам, а вяльможным дваранінамшляхціцам, па ўсё бачнасці, быў той Даніла Іванавіч Рцішчаў, які пусціў карані на зямлі беларускай (у той час Вялікае Княства Літоўскае), даў пачатак роду Дастаеўскіх. І род князя пінскаклецкага Фёдара, мусіць, меў з ім даўнія, можа й сваяцкія сувязі: яшчэ з часу жыцця іх продкаў на тэрыторыі Масковіі. Дарэчы, горад Дзмітраў — за 65 км на поўнач ад Масквы. А Дзмітраўскае княства сфармавалася як незалежнае дзяржаўнае ўтварэнне паміж 1280 і 1334 гадамі, потым было ў складзе Маскоўскага княства. У нэце ж ёсць урок-прэзентацыя па рускай літаратуры на тэму “190 гадоў з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага”, дзе пададзены герб Дастаеўскіх “Радван” (ім род карыстаўся з 1577 года) і гаворыцца, што “Достоевские — одна из ветвей рода Ртищевых, который берет свое начало от Аслан-Челеби-мурзы, крещенного московским князем Дмитрием Донским. Ртищевы входили в ближайшее окружение князя серпуховского и боровского Ивана Васильевича”.

Герб Рцішчавых

Колькі розных крывей намешана ў кожным з нас — тое пацвярджае і гісторыя роду Дастаеўскіх. І вельмі ўмоўна можам гаварыць мы пра беларускія карані роду: памятаючы, напрыклад, і пра татарына АсланаЧэлябімурзу… Яшчэ я знайшоў у нэце: “Ёсць падставы, каб лічыць, што продкі пісьменніка пакінулі родавую сядзібу яшчэ ў 1560‑я гады. Дастаеўскія валодалі вёскай (ці яе часткай? — І. Ж.) да другой чвэрці XVІІ стагоддзя. Пазней ёй валодалі родзічы знакамітага польскага кампазітара і графіка Напалеона Орды (сам жа ён, у адрозненне ад маскоўскіх даследчыкаў, ліцьвінам сябе, здаецца, лічыў: як і Адам Міцкевіч… — І. Ж.). Апошнімі гаспадарамі Дастоева былі Гедройцы. Астаткі фальварка былых уладальнікаў зніклі пры меліяратыўных работах у 1950–60‑я гады. Восенню 2006 года намаганнямі мясцовага краязнаўцы Анатоля Іосіфавіча Бурака там быў пастаўлены памятны знак”. Пацвярджэннем згадак пра татарскія карані Дастаеўскага можа служыць і зменены герб “Радван”, які абралі для свайго роду Дастаеўскія. На гербе Рцішчавых бачым на яго чырвоным полі паўмесяц і шасцікутную зорку, а па баках стаяць два ўзброеныя татарыны. Герб і браўся за аснову новага — як знак, што і ў Дастаеўскіх ёсць татарскія карані. Звернем увагу: замест зоркі ды месяца ў падноўленым гербе ў цэнтры, у чырвоным полі бачым нібы перавернутую літару Ш. Геральдысты называюць гэты знак: залатая трохканечная харугва.

Герб Дастаеўскіх

А між тым не толькі Залатая Арда, Масковія, ВКЛ, Расія — і суседняя Украіна спрычынілася да духоўнай, культурнай з’явы сусветнага значэння пад назвай Фёдар Дастаеўскі. У нэце я знайшоў весткі, што ў 1572 годзе Фёдар Іванавіч, другі сын Івана Данілавіча РцішчаваДастаеўскага, пераехаў жыць на Валынь. Потым яго нашчадкі, што жылі недалёка, у Падоліі, сталі галінаю роду, з якой выйшаў і Фёдар Міхайлавіч. Дык сынам якога народу можна лічыць вялікага рускага пісьменніка Дастаеўскага? Пакінем пытанне адкрытым. Але што несумненна: заслугоўвае ўдзячнасці кожная зямля, кожны народ, які спрычыніўся да ўзыходжання вялікага таленту, ягонага роду ў Вечнасць, да спасціжэння прадстаўнікамі роду ўсёй велічы Неба. Бо шлях па зямлі, хоць і цярністы й цяжкі, заўсёды — на карысць нам, дабраслаўлёны. Бо зямля, свярджаюць мудрыя людзі, гэта месца, дзе набываюць каштоўны досвед нашы душы. А дзякуючы зямным цяжкасцям усе мы, спасцігаючы законы Сусвету, цягнемся да Неба. Расцём. І таму, як хораша пісаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, у глыбінях зямлі нашых душ карані.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.