Вы тут

БелАЗ і Білозірка


Ва ўкраінскім сяле на Мікалаеўшчыне, якое больш за 200 гадоў таму заснавалі беларусы, дзякуючы аўтагіганту з Жодзіна цяпер ёсць прыгожая спартыўная пляцоўка


Таццяна Дзяменнікава, што кіруе суполкай “Голас Радзімы” ў Мікалаеве, паведаміла нам пра падзею, пра свята ў вёсцы. У нэце ёсць такі тэлесюжэт: “У селі Білозірка Вітовського району відкрили новий спортивний майданчик”. Не зусім звычнае тут слова майданчык для многіх, хто цікавіцца падзеямі ў сучаснай Украіне. Сюжэт мае загаловак “Білоруські кошти на українській землі”. Кошты — гэта больш звычнае цяпер для нас цэны, але ж і фразу “колькі каштуе?” часта пачуеш: абодва словы ва ўжытку.

У сюжэце з тэлеканала “Миколаїв”Андрэй Губкін, першы сакратар Амбасады Беларусі ва Украіне, каментуе падзею на фоне свята. 8 трэнажораў на дабрачыннай аснове ўстаноўлены з дапамогай аднаго з беларускіх прадпрыемстваў, якое знаходзіцца ў Крывым Розе. З’явілася спортпляцоўка з удзелам фірмы “БелАЗУкраїна”, якая ёсць часткай тавараправоднай сеткі БелАЗу, ініцыятыва таксама была беларуская: “Бо ў нас у Беларусі вялікая ўвага надаецца спорту. Шмат робіцца, каб спорт быў даступным для розных слаёў насельніцтва, для дзяцей асабліва. Так ідзе папулярызацыя здаровага ладу жыцця. А паколькі гэтае сяло было заснавана выхадцамі з Беларусі., то мы якраз яго й выбралі”. Да таго ж, заўважым, словы БелАЗ і Белазорка — сугучныя: быццам у беларускага аўтагіганта з’явілася ўкраінская сяброўка.

Трэнажоры, дарэчы, зроблены ў Беларусі. Беларускія кошты — гэта і падрыхтоўка праекта пляцоўкі, транспарціроўка трэнажораў. Устаноўлены ж яны на майданчыку, які падрыхтаваў Белазёрскі сельсавет за ўласныя сродкі. Як патлумачыў Дмытро Федаш, намеснік дырэктара фірмы БЕЛАЗУкраїна, займацца на спортмайданчыку могуць людзі самых розных узростаў: як дзеці 6-7 гадоў, так і пенсіянеры. Трэнажоры простыя ў выкарыстанні, дапамагаюць трэніраваць розныя групы мышцаў. І таму, лічыць Дмытро, кожнаму чалавеку хоць з якой фізічнай падрыхтоўкай даступна займацца на іх.

Задаволены падарункам дзеці, якія першымі на сабе выпрабавалі трэнажоры. Кажуць, раней яны тут не гулялі, а цяпер — цэлымі днямі на майданчыку: “Добра, што тут можна калі хочаш прыходзіць — і бясплатна займацца”. У сельскай мясцовасці ў дарослых, як вядома, няма звычкі да сістэмных заняткаў на трэнажорах: нам і так, гавораць, хапае руху. Але ж адна мясцовая маладзіца прызналася журналістам, што жанчыны мясцовыя, якім за 30, паглядаюць на майданчык: “Думаю, будзем сюды хадзіць. Пэўна, вечарамі — каб менш хто бачыў...” Што ж, важна толькі пачаць ды не адступіцца пасля першых цяжкасцяў, у тым ліку й псіхалагічных. А здароўе — гэта заўсёды добры аргумент, у любых спрэчках.

Адкрыццё майданчыка было святочным: з музыкай, песні розных гуртоў, а закончылася — салютам. З інфармацыі пра падзею на сайце Амбасады Беларусі ва Украіне вынікае, што БелазоркаБілозірка заснавана больш за 200 гадоў таму перасяленцамі з тэрыторый, што ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі. Спартпляцоўку жыхарам вёскі падарыў працоўны калектыў ААТ “БелАЗ”, кіраўнічая кампанія холдынга “БелАЗ — холдынг” па ініцыятыве гендырэктара ААТ “Сервісны гандлёвалагістычны цэнтр “БелАЗУкраїна”” Ігара Бондара.

У пісьме Таццяна Дзяменнікава ўдакладніла: вёску Белозорку заснавалі перасяленцы з Магілёўскай губерні, з Клімавіцкага павету. А знайсці б падрабязнасці пра даўняе, пра лёсы вядомых супляменнікаў. Будзем удзячны, калі тое зробяць, дашлюць нам тэксты сябры суполкі “Голас Радзімы” ці краязнаўцы Мікалаеўшчыны. “Урачыстаць праходзіла напярэдадні Дня незалежнасці Украіны, мы віншавалі жыхароў вёскі ды яе гасцей са святам, спявалі беларускія песні”, — піша Таццяна. Са сцэнара ж мы даведаліся, што ў праекце ёсць і яе доля працы: “Мне вельмі хацелася, каб гэту пляцоўку атрымалі белазерцы. І мая мара здзейснілася, таму сёння ў нашым сяле свята”. На ім выступалі артысты гурта “Родныя напевы” Мікалаеўскага абласнога нацыянальнакультурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Гарманіст Юрый Дзінтарс пранікнёна выканаў песню “Родная мацізямля”, салістка Ганна Мільнічэнка — знакамітую “Купалінку”.

Іван ІВАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.