Вы тут

Золаташукальнікі ХХІ стагоддзя


Аматарам беларускай музыкі імя Сержука Доўгушава добра знаёмае: майстра ведаюць як мультыінструменталіста, выпускніка опернага аддзялення БДАМ, лідара гурта «Vuraj» і арганізатара беларускіх «Спеўных сходаў». Нагода для сустрэчы сур’ёзная: гурт рыхтуецца да прэзентацыі альбома «Lito», у які ўвайшлі абрадававыя палескія песні. Пра новыя творы і старыя правілы творцаў наша гутарка.

 — Вы адзначалі, што першае моцнае ўражанне ад народнай музыкі атрымалі дзякуючы песням «Ой лятала шэра перапёлка» і «Дробненькі дожджык» у выкананні Рыгора Барадуліна. Памятаеце, як знайшлі аўдыёзапісы паэта?

— Мы з удзельнікамі гурта захацелі стварыць новую праграму і пачалі шукаць беларускі фальклор. Запісы Барадуліна трапілі якраз нашай скрыпачцы Настассі Паповай, і яна прапанавала мне паслухаць, штосьці выбраць з гэтага матэрыялу. Памятаю, што вельмі ўразіў барадулінскі голас — такі моцны мужчынскі голас. Ды і самі мелодыі гэтых песень былі для мяне блізкімі і зразумелымі. А мелодыя, гучанне — гэта і было якраз тое, што нас тады больш за ўсё цікавіла, на чым мы будавалі сваю канцэпцыю. Так праца і пачалася.

— А калі вы ўвогуле пачалі захапляцца беларушчынай?

— На жаль, не з дзяцінства. У гарадку Балбасава на Віцебшчыне, куды хадзіў у школу, не чуў ні мовы беларускай, ні музыкі. А вось ужо ў класе дзявятым пачаў набываць папулярную ў той час «Музычную газету». Тады і прачытаў, даведаўся, што ў Беларусі ёсць гурты «Палац» і «Троіца». Пазней прыйшла цікавасць да беларускай літаратуры. Моцна падабалася паэзія Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса.

— Чалавеку, які ніколі не займаўся фальклорам, з чаго варта пачаць вывучэнне традыцыйнай музыкі?

— Пачаць трэба з павагі і разумення, што народныя песні — карані ўсяго. Наша ментальнасць, наша мова, наша гісторыя — усё ёсць у народных песнях. У адрозненне ад песень-хвілінак, якія заўтра ніхто і не ўспомніць, народныя песні прайшлі праз пакуты і гістарычныя перыяды. Гэта, па-першае. А па-другое, народныя песні трэба пачуць «ужывую». Запісы амаль не перадаюць сілу такой музыкі. Этнограф Ірына Мазюк не раз казала, што народная музыка — для фізічнага ўспрымання. Народныя спевы не былі сцэнічнымі. Нашы традыцыйныя песні заўсёды былі накіраваны на ўнутраны стан. Яны чымсьці нават нагадвалі супольныя медытацыі: мы спяваем — і ў гэтай вібрацыі жывём і адчуваем. Далейшы крок — трэба пачаць спяваць самім. Гэта таксама дапаможа лепш зразумець фальклор. І яшчэ важна імкнуцца ведаць, што варта слухаць, а што не. Часам тое, што падаецца як народнае, не з’яўляецца народным. Некаторыя творы могуць быць настолькі перайначаны, сапсаваны і пададзены так сцэнічна, што ўжо губляюць свой сакральны сэнс. Сёння з’явілася шмат новаскладзеных песень. Яны гучаць быццам бы па-народнаму, але ў іх нават кампазітары ёсць. Таксама існуе шмат адаптацый: бяруць народную песню і, не разабраўшыся, якім быў арыгінал, спрашчаюць гучанне для слухача. Што яшчэ горш — дадаюць інструменты, якія там не маглі быць! Напрыклад, гармонік можа загучаць у старадаўніх абрадавых песнях... Я не супраць існавання неафальклору, але яго абавязкова трэба аддзяляць ад фальклору традыцыйнага.

— Вы, дарэчы, і казалі, што выступаеце супраць праслухоўвання музыкі без ведання яе гісторыі. Якія даведкі па гісторыі фальклору можаце параіць?

— Зараз у інтэрнэце існуе добрая медыятэка «ЭТНАЎСЁ», у якой можна знайсці шмат цікавых матэрыялаў. З інтэрнэт-крыніц таксама раю суполку папулярызацыі традыцыйнай беларускай музыкі «Традыцыя». Яшчэ мне вельмі падабаецца выданне Нацыянальнай акадэміі навук «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». Яно выходзіць у тамах, і разгляд музыкі і абрадаў адбываецца па абласцях. Важна, што да кніг прыкладаецца аўдыёдыск, на якім захоўваюцца апісаныя творы. Таксама я ўсіх заклікаю глядзець фільмы доктара мастацтвазнаўства Зінаіды Мажэйка. Акрамя жывапіснай візуальнай часткі, карціны каштоўныя тым, што ў іх можна пачуць галасы і пабачыць быт славутых спевакоў-самародкаў Сцяпана Дубейкі, Васіля Шведа. А яшчэ я ўсіх запрашаю на нашы «Спеўныя сходы»! Усе падрабязнасці і даты правядзення мы выкладваем у сацыяльныя сеткі.

— Да якіх замежных тэндэнцый, накіраваных на развіццё народнай музыкі, можна, на ваш погляд, прыглядзецца і павучыцца?

— Напрыклад, у Польшчы, калі ты хочаш выдаць дыск з традыцыйнай музыкай, ты пішаш праект — і атрымліваеш на гэта грошы. Калі ты хочаш правесці фестываль, то таксама пішаш праект і таксама атрымліваеш грошы. Важна, каб для таленавітых людзей была падтрымка. Таксама хацелася б стварыць музычную школу, дзе людзі любога ўзросту маглі вучыцца іграць на традыцыйных інструментах. У нас ёсць штосьці падобнае, напрыклад, «Дударскі клуб». Але ўсё раскідана па розных месцах, а варта было б сабраць у адзіны цэнтр. Як зноў жа ў Польшчы, там ёсць так званая «Амбасада музыкі традыцыйнай» — гэта звычайная драўляная хата, дзе па вечарах праходзяць танцы, спевы, майстаркласы. Нам таксама патрэбна нейкая прастора, якая ўсё аб’яднала б.

— Зараз хацелася б пагутарыць пра ваш новы альбом «Lito», прэзентацыя якога адбудзецца ў кастрычніку. Вядома, што ў склад альбома ўвайшлі абрадавыя песні, сабраныя вамі ў этнаграфічных экспедыцыях па Палессі...

— Варта сказаць, што ў альбом увайшла толькі кропля з матэрыялу, які гурт «Vuraj» сабраў у экспедыцыях за чатыры гады. Асноўная частка песень знаходзіцца ў нашым архіве, над якой мы паступова будзем працаваць, адкрываць і выкладваць у інтэрнэт.

Захапляцца Палессем гурт пачаў яшчэ на пачатку сваёй дзейнасці. У той час мы задаваліся пытаннем: дзе нам, музыкантам, можна шукаць матэрыял — фольк жа быў не вельмі папулярызаваны. Стараліся знайсці запісы, кнігі... Тады нам моцна дапамагла этнограф Ірына Мазюк: яна сказала, што фальклор найлепш адчуваеш тады, калі знаходзіш яго самастойна. Яна і падштурхнула нас да першай экспедыцыі на Палессе.

— Можаце, калі ласка, падрабязней расказаць пра арганізацыю такіх экспедыцый: што наконт тэхнікі, транспарту?

— Падрыхтоўка да экспедыцый, што ладзяць Акадэмія навук ці Акадэмія музыкі, патрабуе шмат часу. Яны вывучаюць рэгіёны на аснове ранейшых даследаванняў, распрацоўваюць пытанні для паездкі, складаюць брашуры. Таксама вельмі важна атрымаць дамову з Дамамі культуры ў рэгіёнах, куды плануюцца паездкі.

Я не лічу сябе вялікім этнографам, але экспедыцыі вельмі люблю — гэта частка майго жыцця. У мяне ўсё проста з арганізацыяй. Я збіраю каманду з трох-чатырох чалавек, у нас ёсць свая машына, мы збіраемся — і едзем. Важна скласці дакладны план: які матэрыял падчас паездкі мы імкнёмся знайсці. Затым мы выбіраем канкрэтную вёску і загадзя знаёмімся з кімсьці з гэтай вёскі. Часам едзем у нейкі рэгіён, а па дарозе заязджаем у вёсачкі, пра якія раней нічога не ведалі.

Зараз падчас экспедыцый мы ставім перад сабой новыя задачы: не толькі спевы запісаць, але і сабраць фотаздымкі, гістарычныя матэрыялы. Па-другое, важна здымаць відэа. Калі раней не было такой магчымасці, то цяпер шмат вельмі якаснага абсталявання. Змянілася праца і над гукам. Сёння мы ўжо не на просты дыктафон запісваем, а едзем з гукарэжысёрам, бяром некалькі мікрафонаў — у выніку атрымліваецца амаль студыйны запіс. І хаця сабрана ўжо вельмі шмат матэрыялу, усё адно ёсць унікальныя месцы, ёсць унікальныя людзі, спевы якіх варта захаваць. Так, некаторых спевакоў запісвалі раней. Але тады ім было сорак, а зараз — пад дзевяноста. Вельмі важна зафіксаваць іх сёння, бо яшчэ дзясятак гадоў — і нам прыйдзецца шукаць фальклор не ў вёсках, а ў бібліятэках.

— А як складваліся адносіны з вясковымі жыхарамі? Усё ж праспяваць — незвычайная просьба...

— Палешукі — людзі прыроды, людзі адкрытыя, шчырыя. Яны і ў хату запросяць, і стол накрыюць, і праспяваюць, і напрыканцы яшчэ пачнуць выбачацца: «Прабачце, калі што не так, мы ж простыя, вясковыя...» Мы павінны быць роўнымі. З жыхарамі часам неабходна проста пагутарыць пра жыццё. Бабулям можна і сябровак запрасіць. Бываюць выпадкі, што людзі ўжо дзясяткі гадоў не спявалі, тады ім трэба дапамагчы, распець іх. Бывае, некалькі разоў ездзім у адны і тыя ж месцы. Людзі раскрываюцца, смялеюць і ўсё больш аддаюць свайго «золата»... У нас за правіла прывозіць салодкае, нейкія падарункі, каб у гэтых людзей засталося штосьці на памяць. Яны столькі для нас робяць! Будзе кепска, калі мы проста запішам і з’едзем. А яшчэ лічу, нельга хаваць тое, што мы знаходзім. Запісы абавязкова трэба ставіць на радыё, бо ўсе вясковыя старыя слухаюць радыё! Трэба агучваць нашых спевакоў. І вельмі важна вяртаць ужо студыйны матэрыял на землі, дзе ён быў знойдзены. Этнографаў, кажуць бабулі, ездзіла шмат, а дзе іх запісы — ніхто не ведае.

— Запіс новага альбома «Lito» вы праводзілі ў варшаўскай студыі «TRstudio». Чым абумоўлены выбар студыі?

— «TRstudio» — адна з лепшых у Польшчы. Таксама гэта была магчымасць папрацаваць з вядомым гукарэжысёрам Томашам Рогула — намінантам на прэмію Амерыканскай акадэміі гуказапісу «Грэмі», прафесіяналам з вялікім вопытам працы ў лепшых студыях ЗША і Англіі. Гэта быў досвед дасканалай працы з вакалам: з дванаццаці мікрафонаў мы адбіралі той, які лепш за астатніх падыходзіў для майго голасу, рабілі шмат пробных запісаў, слухалі, вырашалі. Рогула даваў выдатныя парады!

— «Vuraj» — старажытнае палескае слова, значэнні якога — дабрабыт, рай, імкненне да шчасця...

— Калі наш унутраны сусвет будзе моцным, то нам нішто не зможна перашкодзіць: ні дзень, ні час, ні людзі. Ён проста пройдзе праз часы, праз сцены, праз краіны. І будзе рай вакол нас. І ў наш рай мы зможам запрасіць іншых. Так, часам нам перашкаджаюць акалічнасці, але мы павінны быць мацнейшымі за іх.

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.