Вы тут

Трыумф станоўчага героя


Сёлета ў намінацыі «Драматургія» спаборнічаюць тры кнігі двух пісьменнікаў: выданню п’ес Георгія Марчука «Святло вышыні» («Беларусь», 2017) супрацьстаяць зборнікі Фёдара Палачаніна «Галалёд» («Беларусь», 2017) і «Ці так жывём?» («Народная асвета», 2017). Усе выданні — прэтэндэнты на званне лепшага драматычнага твора на беларускай мове.


Кніга п’ес Георгія Марчука, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі «За духоўнае адраджэнне», складаецца з чатырох гістарычных твораў, тры з якіх («Кракаўскі студэнт», «Лета 1532 года», «Святло вышыні») прысвечаны розным перыядам жыцця беларускага першадрукара Францыска Скарыны, а чацвёрты («Альгерд») распавядае пра славутага князя Вялікага Княства Літоўскага. Вобраз князя з п’есы «Альгерд» не саступае па сваёй моцы Францыску Скарыну — гэта справядлівы ўладар, што высока цэніць чалавечае жыццё, бога, свабоду і мір.

Драма «Кракаўскі студэнт» (напісаная яшчэ ў 1985 годзе) знаёміць чытача с маладосцю першадрукара, пераносіць у часы, калі другі сын Лукі Скарыны быў вядомы землякам пад імем Георгій. Выдатная адукацыя, падарожжы і асветніцкая дзейнасць яшчэ наперадзе: малады Скарына перажывае радасці і пакуты першага нешчаслівага кахання, вагаецца паміж родным Полацкам і навучаннем у Кракаве, але нязменна прагне ведаў і справядлівасці. Дарэчы, матыў пошукаў справядлівасці, а таксама заклік да ўшанавання айчыны, — злучальная нітка, якая праходзіць праз увесь зборнік. Ці можа быць інакш, калі перад намі першадрукар? Як сведчыць словамі аднаго з герояў пісьменнік, «ён — прыклад станоўчага героя, над пошукамі якога б’юцца ўсе мысляры свету», бо «...сцвярджаў, што жыццё чалавека — найвышэйшая каштоўнасць, што ёсць правы чалавека, што кожны індывід павінен выкарыстоўваць свой талент на павелічэнне агульнага шчасця, у якім ёсць вялікая доля асабістага шчасця для кожнага». Скарына застаецца ідэальным героем і калі б’ецца над лацінкай, і калі цалуецца з манашкамі (так, і ў найвялікшага з сыноў беларускай зямлі маглі быць няўдалыя любоўныя прыгоды), і нават калі сядзіць у вязніцы: у п’есе «Лета 1532 года» аўтар звяртае ўвагу на перыяд заключэння Францыска Скарыны ў познанскай турме. Дзеянне развіваецца па класічным сцэнарыі: несправядліва абвінавачанаму галоўнаму герою ў цяжкай сітуацыі дапамагаюць верныя сябры, паклёп раскрываецца (не без дапамогі «вышэйшых сіл» у выглядзе Жыгімонта І), адмоўны герой бяжыць з ганьбай. Відавочнае падзяленне герояў на станоўчых і адмоўных, перамога дабра над злом і трыумф справядлівасці ў фінале робіць твор самым жыццесцвярджальным у зборніку.

Своеасаблівы хэпі-энд чакае і ў п’есе «Святло вышыні», якая адрозніваецца ад іншых твораў зборніка цікавым спалучэннем часу і месца дзеяння: аўтар пераносіць чытача то ў ХVI, то ў ХХІ стагоддзе. Пісьменнік актуалізуе гісторыю Францыска Скарыны праз паралель паміж першадрукаром і галоўным героем твора кінарэжысёрам Платонам Верасам. Платон, які хоча зняць фільм пра жыццё Асветніка, разам са сваімі акцёрамі супрацьстаіць бездухоўнасці і сквапнасці свету. Як Скарына шукаў мецэнатаў для выдання кніг, так і рэжысёр рвецца знайсці спонсараў, а яны адмаўляюцца выдаткоўваць грошы на важны, але «некамерцыйны» праект. Мабыць, таму, што, як засведчыла жонка Францыска Маргарыта, «не навучыліся мы шанаваць сваё, наш люд паспаліты не ганарыцца сваім»... Але пакуль ёсць людзі, гатовыя змагацца за вялікія ідэі, жыве надзея на лепшую будучыню.

 Вобраз Францыска Скарыны з’яўляецца і ў зборніку Фёдара Палачаніна «Ці так жывём?». Напрыклад, прысвечаная яму п’еса «Зорка першай велічыні» надзвычай інфарматыўная: чытач можа даведацца шмат гістарычных фактаў не толькі з жыцця першадрукара, але і з эканамічнай, палітычнай і культурнай сітуацыі таго часу. На жаль, форма, абраная для перадачы гістарычнага матэрыялу, выклікае сумненні: калі ўявіць, што акцёр у вобразе Скарыны як па падручніку пачынае пераказваць брату сваю біяграфію, а ў размове з каханай чытае сапраўную лекцыю па развіцці кнігадрукавання ў Еўропе, то сцэнічнае дзеянне пазбавіцца патрэбнай для паспяховага спектакля натуральнасці.

Здаецца, што, калі ў намінацыі прысутнічаюць адразу дзве кнігі аднаго аўтара (асабліва пры той умове, што ўвесь спіс кандыдатаў на перамогу складаецца з трох зборнікаў), яго шансы значна ўзрастаюць. Але творы Фёдара Палачаніна, вылучаныя на прэмію, адрозніваюцца па сваім практычным прызначэнні: акрамя зборніка п’ес «Ці так жывём?», ён далучае 9 кінасцэнарыяў у кнізе «Галалёд». Пра памылкі маладосці і згрызоты сумлення, паводзіны ў шлюбе, стасункі дзяцей і бацькоў, празмернае ўмяшальніцтва старэйшага пакалення ў жыццё моладзі, стаўленне людзей да рэлігіі і многае іншае распавядаецца ў прапанаваных п’есах.

У кнізе з дыдактычнай назвай «Ці так жывём?» разглядаюцца шматлікія жыццёвыя калізіі. Аўтар праяўляе надзвычайнае вынаходніцтва ў выбары сюжэтаў: дзякуючы яго ідэям, у беларускай прасторы разгортваюцца падзеі, не горшыя за перыпетыі з замежных серыялаў. Недазволенае каханне паміж стрыечнымі братам і сястрой (зразумела, напрыканцы яны высвятляюць, што насамрэч не з’яўляюцца сваякамі), незапланаваная цяжарнасць (аўтар выкрывае негуманнасць абортаў, падкрэслівае неабходнасць захаваць кожнае жыццё), любоўныя трохкутнікі і здрады, усынаўленне дзяцей — вось далёка не поўны пералік падзей. Заўважна, што станоўчым персанажам зрабіць правільны выбар часта дапамагае вера ў Бога, а адмоўныя героі, зразумеўшы няправільнасць папярэдніх рашэнняў, просяць прабачэння не толькі ў тых, каго пакрыўдзілі, але і ў вышэйшых сіл, — так, некаторыя з іх знаходзяць выйсце ў сыходзе ў манастыр, дзе замольваюць грахі.

Зборнік «Галалёд» прадстаўляе як арыгінальныя кінасцэнарыі, так і перакладзеныя на мову кінематографа п’есы Фёдара Палачаніна (напрыклад, меладрамы «Пазычанае шчасце» і «Нявыпраўленая памылка» са зборніка «Ці так жывём?»). Абедзьве кнігі аб’ядноўвае аўтарскае светаадчуванне: на старонках драматычных твораў пісьменнік увасабляе сваё разуменне правільнага і сумленнага жыцця, праз сюжэты выказвае меркаванне наконт важных і надзённых пытанняў.

Асаблівай актуальнасцю ў Год малой радзімы вылучаецца твор «Галалёд», які даў назву ўсяму зборніку. Галоўны герой кінасцэнарыя Максім з’язджае з роднай вёскі ў пошуках лепшага жыцця. Але горад не надта імкнецца спраўдзіць яго мары: спробы знайсці працу застаюцца беспаспяховымі, а грошы ад продажу хаты хутка разыходзяцца. Калі Максім ужо страчвае надзею, ён сустракае новага старшыню калгаса Васіля Пятровіча і даведваецца, што пачалася дзяржаўная праграма па адраджэнні вёскі. Гэта выратавальная саломінка для галоўнага героя і яго сям’і: калгас выдзеліў ім новую хату, прапанаваў пасады па спецыяльнасці і нават забяспечыў іх дачцэ Юлі навучанне ў філіяле музычнай школы, адкрытай у аграгарадку.

Зборнікі «Святло вышыні», «Галалёд», «Ці так жывём?» прасякнуты матывамі пошукаў справядлівасці, любові да Бацькаўшчыны, роднай гісторыі і культуры. На старонках твораў сумленныя людзі з годнасцю праходзяць праз усе выпрабаванні, а адмоўныя персанажы атрымліваюць заслужанае пакаранне. Кнігі, намініраваныя на Нацыянальную літаратурную прэмію, заяўляюць, што добры прыклад будзе актуальны ва ўсе часы.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».