Вы тут

Уладзімір Цвірка. Зэльва


Доўга я ехаў да Зэльвы. Зачакаўся сустрэчы з ёй — былі больш тэрміновыя паездкі, неадкладныя справы. І вось настаў той момант, калі ў планах маёй наступнай вандроўкі — толькі Зэльва!


Зранку было бачна, што дзень выпадзе неблагі. Ад Слоніма сюды рукой падаць. З нецярплівасцю чакаю, калі на небасхіле на фоне блакіту пацягнецца ўгару, закалышацца ў празрыстых струменях нагрэтага паветра сілуэт зэльвенскай святыні — касцёла найсвяцейшай Тройцы. І вось яго вежы-блізняты, як маякі, даюць правільны напрамак, здалёк гарантуюць, што сустрэчы нашай быць.

Пачну свой расповед пра былое з прыродных асаблівасцей, якіх тут не шмат, але яны адыгралі ў свой час немаленькую ролю ў жыцці і гісторыі паселішча. Вось хоць бы рэчка Зяльвянка, на шляху якой нядаўна было створана вялікае вадасховішча. Дарэчы, раней рака мела, на мой погляд, больш паэтычную і рамантычную назву — Зэльвея. Мала гэтага — яна была суднаходнай!

Яшчэ захавалася ўзвышша, якое, хутчэй за ўсё, некалі было старажытным паселішчам. Менавіта яно і згадваецца ў летапісах за 1258 год. Праз некалькі стагоддзяў, прыкладна ў 1470 годзе, паселішча ўжо было пазначана як сяло, у якім пабудавалі першы драўляны касцёл. У 1477 годзе ўзвялі яшчэ адзін. З 1524 года частка паселішча — Вялікая Зэльва — стала мястэчкам у складзе Ваўкавыскага павета Вялікага Княства Літоўскага.

За наступнае стагоддзе мястэчка змяніла шмат уладароў. Гаспадарылі тут такія шляхецкія роды, як Вішнявецкія, Ільінічы, Зяновічы, Камароўскія ды іншыя. З пачатку XVII стагоддзя ўладарамі Зэльвы сталі прадстаўнікі заможнага і знакамітага ў ВКЛ роду Сапегаў. Пры Сапегах мястэчка атрымала вялікі эканамічны і культурны штуршок. Нездарма яны называлі свае новыя ўладанні не інакш, як Зэльвенскім графствам. Ёсць і дакументальныя звесткі, што ў 1644 годзе ў Зэльве, у Сапегаў, нейкі час гасцяваў кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.

Акрамя млыноў, корчмаў, піваварні, нават тэатра, у мястэчку працаваў і невялікі гандлёвы кірмаш. У 1720 годзе Сапегі атрымалі дазвол на будоўлю і правядзенне больш пашыранага штогадовага кірмашу, які на працягу 130 гадоў захоўваў за сабой ганаровы статус самага буйнога кірмашу ў межах ВКЛ і другога ў Еўропе пасля кірмашу ў Лейпцыгу! Пад кірмаш была адведзена вялізная плошча гарадской зямлі, пасярод якой стаяў гасцявы двор, а гандлёвыя рады змяшчалі больш як дзвесце разнастайных шапікаў і лавак.

Жыхары Зэльвы неаднойчы падымаліся на абарону і мястэчка, і ўсёй дзяржавы. Мужна змагаліся яны за незалежнасць і самастойнасць краіны падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў. За ўдзел у вызваленчым руху 1830—1831 гадоў маскоўскія ўлады канфіскавалі Зэльву ў Сапегаў.

Ну, а цяпер пройдземся па зацішных і ўтульных вуліцах былога мястэчка. Пачну сваю вандроўку з узвышша, якое лічыцца месцам старажытнага паселішча ХІІІ стагоддзя. Тут захаваліся рэшткі падмурка царквы, якая ў 1866 годзе будавалася як касцёл. Проста неверагодна вялікі, у чатыры паверхі, вадзяны млын быў узведзены з цэглы і камення ў 1883 годзе. Наступны вельмі цікавы будынак — зноў царква, Траецкая, якая таксама ў 1815 годзе будавалася як каталіцкая святыня на месцы больш старажытнага драўлянага храма. Але ёсць цікавае меркаванне айчынных даследчыкаў даўніны, што гэта будынак былога тэатра Сапегаў. Назавём гэта здагадкай, ці нават легендай. Справа за часам і няўрымслівымі гісторыкамі ды краязнаўцамі, якія ў рэшце рэшт паставяць і тут кропку. Будзем чакаць...

Побач з царквой захаваўся драўляны дом, дзе пэўны час жыла беларуская паэтэса і празаік Ларыса Геніюш, якой ля царквы пастаўлены помнік. А пахавана паэтэса на мясцовых могілках.

А вось і самы адметны архітэктурны цуд Зэльвы — Троіцкі касцёл. Пабудаваны ён з цэглы ў стылі неараманскай архітэктуры ў 1908 годзе. Для яго стварэння быў выкарыстаны праект І. Дзякоўскага. Уражвае прыстроеная да фасада галерэя, да якой літаральна ўпрытык падступаюць кветнікі і неверагодная колькасць разнастайнай шматгадовай зеляніны — утвараецца невялічкі цяністы садок. Прыгожа і ўтульна, што, дарэчы, можна ўбачыць амаль на кожнай вуліцы і ў кожным закуточку гасціннай Зэльвы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.