Вы тут

Краязнаўцы рыхтуюцца да агляду


Падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства аддзяленням СПБ было прапанава ўключыць у склад дэлегацый пісьменнікаў, якія найбольш актыўна працуюць па тэме «Краязнаўства». «Калі больш дакладна, у тэме “Радзімазнаўства”, — заўважае першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — Адно з пытанняў на апошнім прэзідыуме СПБ якраз было прысвечана аналізу літаратуры гэтага напрамку. І вось у Іванаве адбудзецца своеасаблівы агляд творчых сіл, скіраваных да адвечных жыццёвых каштоўнасцей. Гэта сапраўды вельмі ёмісты пласт літаратуры, які ў Год малой радзімы набывае асабліва важкае гучанне».


Мабыць, няма таго пісьменніка, які б не звяртаўся да асабістага досведу ўспрымання рэчаснасці: не ўспамінаў пра свой род, Бацькаўшчыну, не асэнсоўваў вытокі жыццёвага сталення. За апошнюю чвэрць стагоддзя айчынная літаратура значна папоўнілася творамі, дзе ўсё глыбей спазнаецца і ўсведамляецца багатае гістарычнае мінулае беларусаў, значнасць нашай культуры, мовы, самабытных традыцый. Можна з упэўненасцю гаварыць пра тое, што гады незалежнай Беларусі (больш адкрытыя архівы, інтэрнэткрыніцы) паспрыялі росту нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, і ў аснове гэтага працэсу, несумненна, літаратурныя здабыткі як класікаў, так і сучасных літаратараў.

— Няўмольны час многае мяняе: знікаюць вёскі, іншыя паселішчы, а з імі адыходзяць у нябыт і адметнасці навакольных мясцін, — працягвае Алена Стэльмах. — Але, дзякуючы руплівым краязнаўцам, не страчваецца повязь вякоў. Кнігі, як скарбонкі памяці, захоўваюць для нашчадкаў дух слынных прашчураў.

У павільёне Саюза пісьменнікаў Беларусі 2 верасня будзе наладжана выстаўка найбольш адметных твораў нашых сучаснікаў — Алеся Карлюкевіча, Анатоля Статкевіча-Чабаганава, Міхася Пазнякова, Ігара Пракаповіча, Антона Параскевіна, Івана Ярашэвіча. Кнігі гэтых і многіх іншых аўтараў распавядаюць пра вёскі і паходжанні розных назваў, пра славутых людзей, пра камяні, якія таксама ўмеюць гаварыць...

Пляцоўка Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Іванаве пачне працаваць 1 верасня ў 12.00. «Ад родных ніў з любоўю шчырай» — так у Брэсцкім абласным аддзяленні СПБ назвалі творчую праграму, дзе будзе прадстаўлена выстаўка карцін берасцейскіх пісьменнікаў-мастакоў Мікалая Бусько і Анатоля Галушкі. Тут жа будзе працаваць кніжная выстаўка «Брэстчына літаратурная». Узнагароды атрымаюць пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная велiч». Пісьменнікі правядуць прэзентацыі сваіх кніжных навінак, выступяць самадзейныя артысты з Брэста, Лунінца, Іванава.

2 верасня а палове адзінаццатай на пляцоўцы СПБ збяруцца прадстаўнікі ўсіх дэлегацый, дзе да ўдзельнікаў свята з прывітальным словам звернецца кіраўніцтва саюза пісьменнікаў, найбольш актыўныя ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства атрымаюць узнагароды.

Радаваць прыгожым словам гасцей свята берасцейцы пачнуць з самага рання. А вось далей творчую эстафету падхопяць аддзяленні. З 12.00 да 13.45 Магілёўскае абласное прапануе праграму «Тут пашчасціла мне нарадзіцца». З 13.45 да 14.30 Мінскае абласное прадставіць творчы праект «Міншчына — сэрца Радзімы маёй». З 14.30 да 15.15 Мінскае гарадское аддзяленне пакажа святочную імпрэзу «Тут усё бацькоўскае, святое». Палескі экслюзіў «Палессе. Зямля святая. Зямля Кірылы...» з 15.15 да 16.00 прадставіць Гомельскае абласное аддзяленне. А Гродзенскае абласное аддзяленне далучыцца з праграмай «Родны край — маё натхненне» з 16.00 да 17.00.

Нагодай для такой назвы літаратурна-мастацкай дзеі, якую прадставіць Саюз пісьменнікаў Беларусі на галоўнай пляцоўцы свята а 14 гадзіне стала выданне кнігі пад аднайменнай назвай. Гэта фотаальбом са здымкамі Уладзіслава Цыдзіка і вершамі 65-ці сучасных беларускіх паэтаў, творы якіх прысвечаны Радзіме. Праект ажыццёўлены пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Згодна са сцэнарыем, на сцэну выйдуць аўтары, чые ўзнёслыя радкі ўпрыгожваюць выданне, — Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец, Святлана Быкава, Ірына Карнавухава, Бажэна Ганушкіна, Віктар Кажура, Юлія Алейчанка, Маргарыта Латышкевіч. Прагучаць і песні ў выкананні Эдуарда Ханка, Алега Елісеенкава, Кастуся Цыбульскага, Сяргея Краўца, Таццяны Атрошанка і ўраджэнца іванаўскай зямлі Леаніда Нікольскага.

Іванаўскай бібліятэцы ад Саюза пісьменнікаў Беларусі будуць перададзены кніжныя навінкі, якія далучаць чытачоў да цікавага і захапляльнага свету літаратуры.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.