Вы тут

Вандроўка па Янаўскім краі: мясціны і асобы


Дзень беларускага пісьменства раскрывае з новага боку нашы гарады і мястэчкі. Здаецца, колькі разоў чулі пра той жа Полацк, Рагачоў, Шчучын, Глыбокае ды іншыя. Аднак напярэдадні свята мы маем магчымасць зірнуць на гэтыя мясціны па-іншаму, паглыбіцца ў мясцовую культуру і гісторыю. Тым больш, самабытны Янаўскі край да сённяшняга дня захоўвае адметныя традыцыі і звычаі.


Фрагмент экспазіцыі Мотальскага музея народнай творчасці (Лодка «Чайка»).

У госці да Лабораў

Іванаўскі рэгіён славуты вядомымі імёнамі. Напрыклад, Змітро Віталін — выхадзец з вёскі Сухое, якая знаходзіцца побач з Іванавам, Марыя Андайковіч-Бутаўт, якая нарадзілася ў вёсцы Баландзічы Іванаўскага раёна, Францішак Бруздовіч, які жыў у Бродніцы. Нельга не ўзгадаць Фёдара Дастаеўскага. Вядома, можна казаць, што ён тут ніколі не быў і нічога не напісаў. Але з Іванаўскай зямлі паходзіць род Дастаеўскіх. І сёння гэтыя мясціны наведваюць праўнукі і прыхільнікі творчасці сусветнага класіка. Але асабліва ганарацца ў раёне сваім земляком Напалеонам Ордам, які ўславіў не толькі родныя Варацэвічы, але і ўсю Беларусь далёка за межамі.

Ёсць у раёна сучасныя рупліўцы: тут на слыху імя Марыі Гарупы, якая пакінула вялікую спадчыну, узняўшы вялікі пласт інфармацыі аб вёсках Іванаўскага раёна. Усе дэталі выкладзены ў кнізе «Вёска, дзе буслы ўзнімаюць крылы». Рэгіён ганарыцца Анатолем Крэйдзічам, аўтарам цікавых кніг, Лізаветай Саханчук, якая піша цікавыя творы патрыятычнага і краязнаўчага характару. Годны павагі паэт Андрэй Мазько, зачароўвае паэтычнымі творамі Надзея Паліўка... У Іванаўскім раёне таксама існуе літаратурнае аб’яднанне «Ясельда», Клуб юнкараў: у яго ўваходзяць маладыя людзі, якія часта друкуюць свае паэтычныя і празаічныя творы на старонках раённай газеты.

— Усе прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Іванаўскага раёна будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства, — расказвае начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык. — У першы дзень свята мы рэалізуем праект «Янаўскія замалёўкі», які ўяўляе сабой паэтычныя чытанні на балконах. На цэнтральных пляцоўках пакажуць сябе не толькі паэты, пісьменнікі, але і мясцовыя кампазітары, якія прадставяць свае творы. Упэўнена, што іванаўскія творцы раскрыюць свой патэнцыял перад усёй краінай і пакажуць адметную культуру Іванаўшчыны, якую захоўвалі нашы продкі.

Сёлета, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, якія праходзяць у Дзень беларускага пісьменства, у Іванаве падрыхтаваны новыя цікавінкі: на свята духавой музыкі «Фанфары-2018» прыедзе 18 духавых калектываў вобласці. Таксама будзе арганізаваны фестываль разьбяроў-мастакоў. На працягу тыдня майстры ўжо ствараюць свае шэдэўры. Першага верасня госці змогуць убачыць вынікі іх працы. Пасля драўляныя скульптуры будуць размешчаны ў гарадскім парку: у Іванаве з’явіцца свая алея пісьменнікаў і паэтаў.

Фрагмент экспазіцыі Мотальскага музея народнай творчасці. (Развіццё ткацтва. Старажытная вышыўка.)

На адной з цэнтральных пляцовак горада наведвальнікаў чакае тэатралізавана-музычная дзея «Лаборская карчма», такім чынам арганізатары імкнуцца пазнаёміць з ладам жыцця мясцовых жыхароў — лабораў. Госці змогуць пачуць лаборскую мову, убачаць унікальныя экспанаты іх побыту. На шчасце, ёсць людзі, якія змаглі гэта захаваць. Дакладна, раён мае адметнасць, каб завабіць турыстаў.

Продкі і ноу-хау

Першае, з чаго прапануюць пачынаць экскурсію па Іванаўскім раёне мясцовыя жыхары, гэта з аграгарадка Моталь, які называюць «дзяржава ў сваёй дзяржаве». Менавіта тут знаходзіцца знакаміты на ўсю Беларусь Мотальскі музей народнай творчасці, які назвалі жамчужынай Палескага краю.

Будынак музея пабудаваны згодна з праектам сядзібы былога мясцовага пана Юргенсона. Наведвальнікі могуць пабываць у васьмі экспазіцыйных залах: гісторыі, земляробства, ільноапрацоўкі, рамёстваў, ткацтва, вопраткі, абрадаў, народных традыцый. Фонд музея неверагодна багаты: налічвае больш за 27 тысяч экспанатаў.

У свой час да Моталя мела дачыненне каралева Бона Сфорца, гэтыя землі падарыў ёй кароль польскі. Бона Сфорца ў 1555 годзе вярнула мясцовым жыхарам права на вольнасць, правяла тут зямельную рэформу. Таму цэнтральную плошчу паселішча лю-дзі назвалі ў гонар каралевы. На плошчы знаходзілася драўляная царква, якая потым згарэла. Але людзі пабудавалі новую мураваную царкву: яна захавалася і сёння знаходзіцца побач з Музеем народнай творчасці.

Паходная кніга манаха Кіева-Пячэрскай лаўры канца XVII стагоддзя ў Народным літаратурна-краязнаўчым музеі імя Фёдара Дастаеўскага.

У музеі прадстаўлены макет, па якім візуальна можна зразумець, як выглядаў Моталь у даваенны час. Да Другой сусветнай вайны тут пражывала шмат яўрэяў — трэцяя частка жыхароў раёна. Яны займаліся гандлем, жылі на цэнтральнай вуліцы, побач з якой была сінагога. Дарэчы, у Моталі нарадзіўся і жыў да 11-гадовага ўзросту першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. У гады вайны больш за 2000 мотальскага мірнага яўрэйскага насельніцтва было расстраляна... А цяпер нашчадкі былых жыхароў Моталя прыязджаюць з іншых краін, каб наведаць радзіму продкаў.

У музеі можна ўбачыць старажытны від транспарту, які дапамагаў мясцовым жыхарам пракарміць свае сем’і, — лодкі і сані, у якіх перавозілі прадукты земляробства і рыбу. Транспарт унікальны па свёй канструкцыі. Як кажуць супрацоўнікі музея, такіх экспанатаў глядач не ўбачыць нідзе. А ў адной з выставачных залаў рэканструяваны інтэр’ер сялянскай хаты. Тут можна ўбачыць печ, ложак, спецыяльныя драўляныя хадункі, якія былі апорай для хадзьбы маленькіх дзяцей, а ў цэнтры пакоя вісіць калыска для нованароджанага! Навуковы супрацоўнік музея Вольга Кульбеда падкрэслівае, што цяпер у Моталь вярнулася мода на такія калыскі. Людзі дастаюць іх з гарышчаў, купляюць адно ў аднаго. Калыска вельмі каштоўная тым, што яна абабіта даматканым палатном. Пад яго падкладаюць салому, і дзіця вельмі камфортна спіць.

У адной з залаў прадстаўлены віды рамёстваў, распаўсюджаных у Моталі: сталярная, бондарская справа, саломапляценне, ільнаводства. Асобная экспазіцыя прысвечана бондарству. Дарэчы, у Іванаве дзейнічае адзіная ў Беларусі школа бондарства, дзе сёння вучацца дзеці. Кажуць, што рамяство іх так захапляе, што малыя пачынаюць лепш вучыцца ў школе.

Наогул, багаты на майстроў край. Пра гэта сведчыць і эксклюзіўная калекцыя старажытных інструментаў мясцовага майстра Юрка Сцяпана, які будаваў незвычайныя драўляныя дамы. І можна пабачыць адмысловыя станкі, на якіх калісьці выраблялі посуд. Мясцовыя жыхары не маглі яго купляць у крамах з-за высокага кошту. Таму майстры сталі самі вырабляць бочкі для саленняў, маслабойкі, вёдры, нават жлукты — нешта накшталт пральнай машыны. Унутр прыстасавання кідалі вопратку, засыпалі попелам і залівалі вадой, пакідалі на некаторы час, а пасля паласкалі ў рацэ.

Гаспадыні з пасагам

Музей Напалеона Орды. Від з боку.

Яшчэ са старажытных часоў мясцовыя жыхары выбіралі сабе пару толькі са сваёй вёскі. Калі ж жаніх хацеў ажаніцца з дзяўчынай з іншай вёскі, яму прыходзілася аддаваць пану вельмі вялікі выкуп за яе. І гэтая традыцыя — ажаніцца з аднавяскоўкай — існавала ў Моталі яшчэ да 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Перад вяселлем нявеста павінна была вышыць жаніху прыгожую вясельную кашулю, а ён — падарыць ёй боты са шнуроўкай, толькі тады дзяўчына давала згоду на шлюб. Касцюм у нявесты быў ружова-блакітны і лічыўся вельмі дарагім... Яго беражліва захоўвалі і скарыстоўвалі 5—6 пакаленняў нявест з роду.

Да гэтага часу ў аграгарадку пякуць спецыяльны мотальскі каравай, прычым абавязкова дзве сям’і — жаніха і нявесты. Гэты каравай з’яўляецца галоўным сімвалам на вяселлі. Яго абавязкова замешвае шчаслівая ў шлюбе жанчына альбо цяжарная. У канцы вяселля каравай абавязкова дзеляць паміж гасцямі. Дарэчы, традыцыя выпечкі мотальскага каравая ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

У кожнай вёсцы Іванаўскага раёна быў свой непаўторны ўзор ткацтва. А якраз Мотальскае ткацтва лічылася эталонам на Беларусі: мясцовыя ручнікі ведалі не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Іх асаблівасць была ў тым, што гаспадыні не капіравалі ўзоры адна ў адной, а абапіраліся на свой густ. У выніку атрымліваліся абсалютна непадобныя ўзоры. Канцы ручнікоў заўсёды пакідалі, потым плялі іх уручную. Самымі прыгожымі лічыліся мотальскія льняныя ручнікі. Нягледзячы на тое, што льняная вытворчасць у Моталі была выкаранена ў 1970-я гады, мясцовыя гаспадыні да сённяшняга дня захавалі гэтае рамяство, карыстаючыся льнянымі ніткамі, набытымі ў крамах. Дарэчы, вясельны абрад у Моталі заўсёды суправаджаецца даматканым мотальскім ручніком. А калі нараджаецца дзяўчынка ў сям’і, маці абавязкова збірае ёй пасаг, у які ўваходзіць дзесяць ручнікоў і некалькі абрусаў.

Мотальскі музей народнай творчасці вельмі папулярны: сюды прыязджаюць наведвальнікі з розных краін свету. Акрамя экскурсій, супрацоўнікі музея імкнуцца праводзіць інтэрактыўныя мерапрыемствы. Для дарослых супрацоўнікі сумяшчаюць экскурсіі з жывым гукам, народнай песняй, паказваюць, як адбываецца абрад вясельнага каравая, праводзяць майстар-класы па вырабе кветак для вясельных караваяў. Часам у музеі праходзяць дэгустацыі мясцовых традыцыйных страў.

Асабліва кранае, калі традыцыямі захапляюцца дзеці. Іх тут вучаць колішнім гульням: як лавіць каменьчыкі ці чыжыкаў круціць, а пасля яшчэ прапануюць бабуліны пачастункі — каб смак роднага застаўся на ўсё жыццё...

Шляхамі Напалеона Орды

Адным з самых знакавых культурных аб’ектаў Іванаўшчыны з’яўляецца музейны комплекс Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы, які складаецца з карціннай галерэі і музея імя мастака. Дарэчы, па словах кіраўніцтва комплексу, музей — гэта далёка не ўсё, чым могуць здзівіць у Варацэвічах. Тут плануецца пабудаваць турыстычны комплекс. Зараз актыўна вядзецца праца па ўзнаўленні радавога дома-маёнтка Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Двор. На месцы разбуранага дома зараз знаходзіцца яго копія. Дом зроблены з драўлянага бруса і пакрыты гонтам, у будучыні будуць узноўлены і сельскагаспадарчыя пабудовы.

«Белін. Палац», 1864 г. Від з боку парку. Палац двухпавярховы. Асаблівую прыгажосць яму надавала круглая вежа. Малюнак створаны алоўкам, падпраўлены сепіяй.

Памяць пра таленавітага земляка вельмі беражліва захоўваюць на Іванаўшчыне. Практычна ўсе яго творы разышліся па вядомых музеях розных краін. Але не толькі з-за багатай мастацкай спадчыны гэтай асобы наведванне комплексу ў Варацэвічах будзе не менш пазнавальным.

Першая зала музея знаёміць гасцей з дзяцінствам мастака і кампазітара. Тут можна даведацца пра цікавыя рэчы, звязаныя з сям’ёй творцы. Напалеон Орда нарадзіўся ў сям’і Міхаіла Орды і Юзэфіны Бутрымовіч. Вядома, што мама мастака паходзіла з багатага роду і была адзінай дачкой у сям’і. Бацька Напалеона Орды быў інжынерамфартыфікатарам: будаваў дарогі і аб’екты ваеннага прызначэння. Паколькі Міхаіл Орда быў вельмі захоплены біяграфіяй Напалеона Банапарта, то ён выбраў для свайго сына незвычайнае для Палесся імя. У сям’і Міхаіла Орды і Юзэфіны Бутрымовіч было пяцёра дзяцей. Бацька рана пайшоў з жыцця, і маці выхоўвала дзяцей сама. Юзэфіна Бутрымовіч была адукаваная жанчына, яна захаплялася музыкай, таму ўсе дзеці ў сям’і атрымалі якасную пачатковую адукацыю. У фондах музея ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што Напалеон Орда паспяхова скончыў Свіслацкую гімназію. І захаваліся дакументы, у якіх паказана, якім быў дом сям’і Ордаў, па тых часах — невялікі: 16 пакояў. Але маёнтак сям’і быў адметны не домам, а сельскагаспадарчымі пабудовамі, якіх налічвалася больш за 21. У маёнтку таксама былі сад, ліпавая алея, незвычайнай формы саджалкі, якія захаваліся да гэтага часу. А дом, на жаль, быў разбураны.

Афіцыйныя раскопкі ва ўрочышчы Чырвоны Двор адбыліся толькі ў 2004 годзе. Прадметаў было знойдзена мала, таму што з 1970 года мясцовыя жыхары прыходзілі туды шукаць каштоўнасці. Аднак аб’екты, якія ўдалося знайсці, сёння з’яўляюцца экспанатамі музея. Адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў — куфар з дома Напалеона Орды. Яго ў музей перадалі мясцовыя жыхары. У той час у такіх куфрах захоўвалі вопратку і прадукты харчавання.

У музеі таксама знаходзяцца два важныя дакументы. Першы — запіс з царкоўнай кнігі пра тое, што 12 лютага ў сям’і Міхаіла Орды і Юзэфіны Бутрымовіч было ахрышчана немаўля, якому далі трайное імя — МацвейТадэвуш-Напалеон. Дзякуючы гэтаму дакументу, можна з дакладнасцю казаць, што Напалеон Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы. А другі дакумент — некралог на смерць Напалеона Орды, які быў выпушчаны ў Варшаве 5 мая 1883 года. У канцы некралога напісана, што пасля таго, як развіталіся з мастаком і кампазітарам, яго цела было перавезена і пахавана ў радавым склепе горада Янава. На жаль, месца пахавання не захавалася.

Цэнтральная зала музея прысвечана французскаму перыяду жыцця Напалеона Орды. У канцы 1830 — пачатку 1831 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўспыхнула паўстанне, актыўным удзельнікам якога быў Напалеон Орда. Ён вызначыўся ў баях пад Коцкам, быў адзначаны вышэйшай вайсковай узнагародай таго часу — ордэнам Virtuti Militari. Паколькі паўстанне было задушана і ўсіх яго ўдзельнікаў чакала страшная доля, Напалеон Орда вырашыў эмігрыраваць. Як пісаў у сваіх дзённіках, імкнуўся з’ехаць хоць бы на час. Маці Напалеона Орды дала сыну блаславенне на эміграцыю. Ён пешшу, пад чужым прозвішчам адправіўся ў Парыж.

Што дала Францыя Напалеону Ордзе? Менавіта там ён сустрэўся з Фрэдэрыкам Шапэнам, які першапачаткова стаў яго настаўнікам, а затым лепшым сябрам. Там жа пазнаёміўся з самымі знакамітымі музыкантамі, мастакамі, пісьменнікамі таго часу. Дарэчы, у музеі прадстаўлены фотаздымак замалёўкі Напалеона Орды, на якім намаляваны Фрэдэрык Шапэн перад смерцю.

Менавіта ў Парыжы Напалеон Орда ажаніўся з маладой францужанкай Ірынай Бугле. У іх нарадзіўся сын. Але цяга да дому заўсёды была вельмі моцнай. Пражыўшы 23 гады ў Францыі, ён вярнуўся ў родны маёнтак. Вярнуўся адзін, без сям’і. Пасля паўстання ён больш не меў права валодаць радавым маёнткам, а мог пражываць там толькі да таго моманту, пакуль была жывая яго маці. Пасля паўстання 1860-х гадоў у Напалеона Орды канчаткова адабралі права на пражыванне ў Варацэвічах.

У музеі часта задаваліся пытаннем, ці была ў Варацэвічах жонка Напалеона Орды. У 2009 годзе ў Карцінную галерэю прыехалі прамыя нашчадкі Напалеона Орды з Парыжа. Яны прывезлі тры папкі дакументаў сямейнага архіва, з якіх стала зразумела, што Ірына Бугле прыязджала ў Варацэвічы на наступны год пасля ад’езду Напалеона Орды з Парыжа — гэта быў 1857 год. У дакументах напісана, што маці мастака вельмі цёпла прымала нявестку з унукам.

На жаль, мастацкіх твораў Напалеона Орды ў музеі мы не ўбачым, толькі іх фатаграфіі. Аднак дакументальная база ў комплексе цікавая. Можна даведацца дадатковую інфармацыю аб паўстаннях і ўсёй сям’і Напалеона Орды.

Карані роду генія

Вёска Дастоева — яшчэ адзін гонар Іванаўшчыны. Менавіта адсюль ідуць карані знакамітага роду Дастаеўскіх. Дарэчы, пра гэта мала хто ведае сёння. У 1506 годзе баярыну Даніілу Рцішчаву была падорана грамата на ўладанне некалькімі вёскамі. Для будавання сядзібы ён выбраў Дастоева. Менавіта тут на свет з’явіліся два яго сыны. Першынцу Івану далі падвойнае прозвішча Рцішчаў-Дастаеўскі, а наступныя пакаленні сталі ўжо Дастаеўскімі. Сядзіба не захавалася. Зараз у межах функцыянавання Саюзнай дзяржавы праводзяцца перамовы аб яе ўзнаўленні. Але больш як 30 гадоў назад у мясцовай сярэдняй школе быў створаны літаратурна-краязнаўчы музей імя Фёдара Дастаеўскага, які налічвае больш за тры тысячы каштоўных экспанатаў.

Калі пад’язджаеш да школы, у вочы адразу кідаецца прыгожы Свята-Троіцкі храм. А недалёка ад яго знаходзіцца не менш адметны помнік вялікаму класіку. Супрацоўнікі музея падкрэсліваюць, што музей не знаходзіцца на месцы сядзібы, яна месцілася за тры кіламетры адсюль. Таксама ў музеі адзначаюць, што самае галоўнае пытанне, якое задаюць наведвальнікі: ці быў калі-небудзь Фёдар Міхайлавіч у Дастоеве? Не быў. Дастаеўскія ў Дастоеве жылі да сярэдзіны XVII стагоддзя. Іх маёнтак разбурыла войска Багдана Хмяльніцкага. З-за фінансавых цяжкасцей сям’я не магла яго ўзнавіць, таму Дастаеўскім прыйшлося з’ехаць.

Цэнтральнае месца ў музеі займае раздзел «Дастоева і Дастаеўскі». Тут размешчаны фотакопіі дакументаў пра жыццё і творчасць класіка, яго творы розных гадоў выдання і надрукаваныя на розных мовах. У 2007 годзе Дастоева наведаў праўнук Дастаеўскага Дзмітрый Андрэевіч, які падарыў музею ўнікальнае генеалагічнае дрэва роду Дастаеўскіх. Гэта адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў музея.

Музей, безумоўна, унікальны. Акрамя таго, што тут сапраўды вельмі многа інфармацыі пра род Дастаеўскіх, можна яшчэ ўбачыць цікавыя артэфакты. Напрыклад, карту 1865 года, на якой указана, як размяркоўваліся зямельныя надзелы, альбо шлюбны кантракт 1899 года, часопісы «Ніва» 1912 года, уніяцкія абразы канца XVIII стагоддзя. Прадстаўлена ў экспазіцыі і паходная кніга манаха Кіева-Пячэрскай лаўры канца XVII стагоддзя.

Сёння музей падтрымлівае цесныя сувязі з маскоўскім фондам Дастаеўскага, а таксама з музеямі Дастаеўскага ў Старай Русе і Санк-Пецярбургу. Дарэчы, музей карыстаецца вялікай папулярнасцю. Сюды прыязджаюць турысты з розных краін свету. Асабліва любяць Дастоева, па словах супрацоўнікаў музея, немцы і расіяне.

Храм Мадонны

Наведаўшы папярэднія мясціны, абавязкова трэба заехаць у вёску Махро, дзе размешчана карцінная галерэя імя беларускага мастака Аляксея Кузьміча.

У гэтай вёсцы Аляксей Кузьміч нарадзіўся. Яго аднавяскоўцы расказвалі, што дзень нараджэння мастака запомніўся тым, што была моцная навальніца, паўвёскі згарэла. А дом Кузьмічоў ацалеў. Маці мастака ўбачыла ў гэтым знак, прадвесце для сына. Так і адбылося: ён стаў асобай, здольнай бачыць неверагоднае ў простым. Мастак вучыўся ў Анатоля Рубановіча, усё жыццё ўспамінаў яго з цеплынёй. Менавіта майстэрню першага настаўніка ён называў сваёй акадэміяй.

Аляксей Кузьміч вырас у шматдзетнай сям’і (у яго было пяцёра сясцёр), ён вельмі добра разумеў жаночую псіхалогію. І гэта адлюстравалася ў яго творах. Многія мастацтвазнаўцы крытыкавалі творцу за тое, што ва ўсіх карцінах ён выяўляў толькі адзін твар — сваёй жонкі. Менавіта яе мастак лічыў ідэалам і музай. А яна сама казала: «Ён пісаў не мяне, а зборны вобраз». Тым не менш усе мадонны сапраўды падобныя. Імя Аляксея Кузьміча ўвайшло ў Кнігу рэкордаў Расіі і краін СНД як мастака, які напісаў самую вялікую колькасць твораў з вобразамі Мадон за ўсю гісторыю жывапісу!

У экспазіцыі музея захоўваецца мноства твораў мастака ў жанры ню. У вёсцы Мохра ёсць паданне: калі няплодная жанчына паглядзіць хоць адзін раз на гэтыя творы Аляксея Кузьміча, яна зможа зацяжарыць...

У галерэі аднавілі майстэрню майстра. Прывезлі яго мэблю, нават палатно, на якім можна ўбачыць апошнюю недапісаную работу. А на стале пад шклом — чарнавыя накіды. Асноўныя іх сюжэты мастак бачыў у снах, а з раніцы занатоўваў на паперы...

Незвычайныя людзі Іванаўшчыны. І, напэўна, ёсць тыя, хто яшчэ ў пачатку дарогі і пакуль шукае свой асаблівы талент.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.