Вы тут

Планеты адкрыццяў і дасягненняў


З вялікай радасцю пісьменнікі Брэстчыны чакаюць юбілейнага — 25-га па ліку — Дня беларускага пісьменства, які адзначацца ў палескім Іванаве, ды яшчэ пад светлымі крыламі Года малой радзімы: лёс многіх творцаў суполкі так ці інакш звязаны з гэтым невялічкім прыгожым мястэчкам.


У раёна багатая літаратурная гісторыя. Звязана яна не толькі з прозвішчамі Дастаеўскага і Орды. У вёсцы Магільна, якая даўно злілася з Іванавам, нарадзіўся знакаміты беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык эпохі Рэнесансу Ян Пратасовіч, кнігі якога былі надрукаваны ў выдавецтве Яна Карцана і маюць выдатнае мастацкае афармленне. Але чым багаты рэгіён цяпер? Распавядае старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч:

Пра творчыя традыцыі

— З 1965 года пры іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда» існуе літаратурнае аб’яднанне «Ясельда», ля вытокаў якога стаяў пісьменнік з Драгічыншчыны, аўтар шматлікіх дакументальных кніг Мікола Панасюк. Менавіта «Ясельда» стала творчай калыскай для вядомага паэта, члена Саюза савецкіх пісьменнікаў Міколы Федзюковіча. Іванаўская зямля ганарыцца літаратурнымі набыткамі пісьменніка і журналіста Анатоля Крэйдзіча, які ў сваіх творах услаўляе родны край, яго таленавітых і працавітых людзей.

У розныя часы на Іванаўшчыне працавалі такія вядомыя пісьменнікі, як Алесь Крыга, Мікола Купрэеў, Мікола Трафімчук, Уладзімір Сітуха. Сёння літаратурную скарбонку Іванаўшчыны ўзбагачаюць паэты Валерый Кухарчук, Андрэй Мазько, пісьменнік-натураліст і паэт Васіль Жушма, празаік-публіцыст Анатоль Дзенісейка.

Пра літаратурную Берасцейшчыну

— Сёння ў Брэсцкім абласным аддзяленні 52 літаратары. Большасць з іх — лаўрэаты прэстыжных літаратурных і журналісцкіх прэмій і конкурсаў. Найстарэйшы член літаратурнай суполкі — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнік-дакументаліст Васіль Літвінчук, якому сёлета споўнілася 88 гадоў. Самая маладая пісьменніца Алена Гневушава ўступіла ў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў дваццаць адзін год.

Штогод літаратары брэсцкай суполкі выдаюць больш за дзясятак кніг, актыўна друкуюцца ў рэспубліканскай і замежнай прэсе, удзельнічаюць у міжнародных форумах, фестывалях, навукова-краязнаўчых праграмах і канферэнцыях, выступаюць у школах, бібліятэках, працоўных калектывах, вайсковых часцях, музеях, кніжных крамах. А такія святы, як «Лунінская восень», фестываль рускай паэзіі «Мы рождены для вдохновенья», Сусветны дзень паэзіі з гучаннем вершаў на розных мовах, прыцягваюць вялікую аўдыторыю.

З 2007 года лепшым літаратарам уручаецца прэмія аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка. У рамках літаратурнага праекта «Фарбы Берасцейшчыны» запрашаюцца на сустрэчы з чытачамі пісьменнікі з глыбінкі. Новымі праектамі сталі беларуска-ўкраінская гумарына «Смех заваёўвае сусвет», адкрыццё літаратурнага салона «Жывапіс. Музыка. Літаратура». У атмасферы казачнасці адбылося адрыццё «Літаратурнай альтанкі». Раз на два месяцы выходзіць інфармацыйны бюлетэнь «Літагляд» тыражом 100 экзэмпляраў, у якім друкуюцца кніжныя навінкі нашых пісьменнікаў. Унікальным набыткам стаў выдадзены на пачатку 2018 года біябібліяграфічны даведнік Брэсцкага аддзялення СПБ «Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі», складальнікам і рэдактарам якога з’яўляецца брэсцкая паэтэса Надзея Парчук. Цудоўным падарункам для пісьменнікаў і чытачоў стане выпуск анталогіі аддзялення, у якой убачаць свет творы ўсіх членаў суполкі. Акрамя гэтага, мы чакаем выхаду літаратурнага альманаха «Берасцейская скарбніца», рэдактарам і ўкладальнікам якога стаў пісьменнік Сяргей Белаяр. Пры гэтым робім намаганні, каб папулярызаваць творчасць нашых пісьменнікаў і ў інтэрнэце. З чэрвеня пачалі праект «Нашы пісьменнікі ў Вікіпедыі».

З 2012 года склалася добрая традыцыя — Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзнагароджвае рэдакцыі газет, радыё, тэлебачання і асобных журналістаў за іх уклад у развіццё літаратурнага працэсу Брэсцкай вобласці, прапаганду творчасці пісьменнікаў Брэстчыны. Унікальнай крыніцай ведаў, літаратурнай гасцёўняй стаў для мясцовых літаратараў і Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс», рэдактарам і ўкладальнікам якога з’яўляецца вядомы брэсцкі пісьменнік Аляксандр Валковіч.

Пра магчымасці для моладзі

— На працягу навучальнага года пры аддзяленні працавала школа маладога літаратара. Сёлета пабачыў свет зборнік юных паэтаў і празаікаў «Адкрыццё-2018». Удзельнікамі творчага праекта сталі пераможцы літаратурнага конкурсу Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сумесна з філфакам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна ў мінулым сезоне ўпершыню быў праведзены конкурс «Маладая літаратурная крытыка», а самыя юныя таленты мелі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе чытачоў «Зорны спеў». Упершыню дзеці чыталі творы выключна берасцейскіх паэтаў і празаікаў. У кастрычніку плануецца новае літаратурнае спаборніцтва для юных талентаў. Дапамагаюць іх узрошчваць і літаратурныя клубы. Сябар нашай творчай суполкі Таццяна Шульга працуе са студэнцкай творчай моладдзю Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Яе выхаванцы не аднойчы станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. У Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна працуе клуб «Адкрыццё», які ўзначальвае вядомая пісьменніца Зінаіда Дудзюк. Працягвае працу пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі літаратурны клуб «Літара» на базе Гарадскога цэнтра культуры. На Століншчыне паэтэса Галіна Бабарыка ўзначальвае літаратурны клуб для юных творцаў «Мастацкае слова». У апошнія гады ярка заявілі пра сябе лунінецкі творчы гурток «Муза», літаратурны клуб «Пінчукі» пры Пінскай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц, кіраўніком якога з’яўляецца Марыя Ляшук. Пры гэтым Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі кантактуе са шматлікімі літаратурнымі клубамі пры школах, сельскіх клубах.

Адораных юнакоў трэба шукаць, заахвочваць, усебакова падрымліваць. Сёння для моладдзі — час вялікіх магчымасцей. І вельмі прыемна ў ліку прызёраў нашых літаратурных спаборніцтваў бачыць пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове, студэнтаў тэхнічных ВНУ, будучых урачоў, маладых музыкантаў, мастакоў. Сталыя ж творцы больш канцэнтруюцца на сваёй творчасці, спяшаюцца хутчэй выдаць кнігі, перадаць маладому пакаленню жыццёвы досвед, падзяліцца мудрасцю, парадамі.

Пра сустрэчы падчас свята

— Напярэдадні Дня беларускага пісьменства творцы Брэсцкага абласнога аддзялення наведалі Іванава. Сустрэча з чытачамі адбылася ў раённай бібліятэцы. Гэта дало магчымасць загадзя прасякнуцца атмасферай свята.

Галоўныя выступленні сяброў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адбудуцца ў павільёне «Слова пісьменніка» цягам двух дзён. Тут зладзяць выстаўку карцін берасцейскіх пісьменнікаў-мастакоў Мікалая Бусько і Анатоля Галушкі пад назвай «Фарбы малой радзімы», на стэндах будуць прадстаўлены кніжныя навінкі брэсцкіх пісьменнікаў, у тым ліку і краязнаўчая літаратура. Насычаная праграма з удзелам маладых пісьменніц Вольгі Сандрыкавай і Алены Папко «Казкі маёй Радзімы» чакае маленькіх кнігалюбаў. Пісьменнікі Брэстчыны возьмуць удзел у міжнародным круглым стале, прысвечаным Году малой радзімы і перакладчыцкай дзейнасці, навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». У рамках рэспубліканскага свята раскрыецца інтрыга, хто стане пераможцам літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч», які праводзіцца ўпершыню абласным аддзяленнем СПБ сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі і аблвыканкамам.

Пра захапленне асобамі

— Кожны сябар нашай творчай суполкі — выбітная асоба, знакамітасць у сваім раёне, яркая планета адкрыццяў і дасягненняў. Пра творчасць кожнага пісьменніка я магу расказваць гадзінамі. Дарэчы, Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ў бягучым годзе прадставіла на Нацыянальную літаратурную прэмію рэкордную колькасць заявак у розных жанрах. Гэта сведчыць аб тым, што пісьменнікамі суполкі ў апошні час напісана нямала вартых увагі кніг. Прычым пераважная большасць грунтуецца на мясцовым матэрыяле і прысвечана малой радзіме.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».