Вы тут

«Усведамляць сваіх землякоў вялікімі»


Нагадаем, што «Звязда», «Краязнаўчая газета» і Беларускі фонд культуры разам ладзяць рэспубліканскі конкурс «Славутыя імёны маёй малой радзімы». Свае творчыя напрацоўкі, якія ўпісваюцца ў тэматыку Года малой радзімы, вы можаце дасылаць на адрас: 220026, г. Мінск, Траецкая набярэжная, 6 (Беларускі фонд культуры) да 31 снежня. Тым часам работы ўжо паступаюць. Напрыклад, сёння, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, мы змяшчаем турыстычны маршрут, які даслаў нам Андрэй Палюховіч. Гэта невялічкі вандроўны даведнік па Плешчыцкім сельскім Савеце Пінскага раёна. Аднак напачатку хочацца даць слова аднаму з арганізатараў конкурсу, пісьменніку і краязнаўцу Анатолю Бутэвічу, які напэўна ж натхніць і вас паўдзельнічаць у конкурсе:


— Зараз студэнты акурат вяртаюцца з практык — многія праходзілі іх на сваёй малой радзіме. Магчыма, гэту працу, захопленасць роднай зямлёй можна было б пераўвасобіць у конкурсныя работы. Гэта будзе не складана, бо пэўна ж у іх назапашаны добры матэрыял. Дарэчы, нам цікавым будзе як напісаны, так, напрыклад, і зняты на відэа матэрыял. Малая радзіма жыве не толькі ў памяці і не толькі ў курсавых работах, было б добра, каб яна ўвасаблялася ў работах для конкурсу.

Наша акцыя важная далучэннем да гісторыі. Да таго ж яна дазваляе паказаць, што на кожнай малой радзіме ёсць славутыя імёны. Сёння на слыху асветнікі Собаль, Скарына... Аднак вазьміце любую вёску — там ёсць свае знакавыя постаці, асобы, якія калісьці рабілі штосьці значнае, — напрыклад, дапамагалі людзям быць здаровымі. Як у маёй роднай вёсцы Ліпа Нясвіжскага раёна: мы, малыя, не ведалі імя доктара і думалі, што Сташэўскі — гэта назва прафесіі. Ён лячыў людзей па ўсёй акрузе. Таму, калі мы навучымся ўсведамляць сваіх землякоў вялікімі людзьмі, наша гісторыя сапраўды стане насычанай асобамі.

Часам мы кажам, што засталося мала помнікаў гісторыі — толькі руіны. Аднак гэтыя руіны ёсць! Яны былі пабудаваны нашымі папярэднікамі. І якога ж высокага ўзору былі гэтыя каштоўнасці, што яны дагэтуль унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і некаторыя з іх намінуюцца на ўнясенне ў спіс ЮНЕСКА! Значыць, была ў людзей майстравітасць. І нават калі праектавалі штосьці італьянскія майстры, то будавалі ж тут нашы людзі... Усё гэта варта было б аднавіць. І калі не атрымаецца зноў узвесці будынкі, то зафіксаваць у нашай памяці — у кнігах, у здымках.

Увогуле ж удзел у конкурсе актывізуе заяўленую ў ім тэматыку. І самога аўтара прымушае больш пашчыраваць — бо на конкурс ты імкнешся зрабіць яшчэ лепш, чым робіш звычайна. Арганізатарам ён дапамагае заахвоціць людзей да важнай працы, у тым ліку паказаць тых, хто добра працуе, і даць магчымасць тым, хто пакуль не дайшоў да разумення плённай дзейнасці, працаваць так, як найлепшыя ўдзельнікі конкурсу.

У гэтыя выхадныя я планую завітаць на Дзень пісьменства ў Іванава Брэсцкай вобласці. Найперш для таго, каб убачыцца з тамтэйшымі людзьмі. Гэта свята важнае найперш для жыхароў гарадоў, у якім яно праводзіцца. Сустрэчы з імі акурат нясуць зарад бадзёрасці, аптымізму і надзеі. А мы можам адчуць пульс жыцця — ці тое мы пішам, ці пра тое спяваем...


Плешчыцкі маршрут

Распрацаваны турыстычны маршрут «Струмень» паказвае гісторыю і прыроду вёскі Вялікія Дворцы, вёскі Вяляцічы, дапамагае правесці самастойнае вывучэнне зніклых населеных пунктаў. Гэтыя геаграфічныя аб'екты знаходзяцца ў Плешчыцкім сельскім Савеце Пінскага раёна.

Адпраўным пунктам маршруту з'яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей вёскі Вялікія Дворцы, фонды якога налічваюць практычна 3000 адзінак. У музеі створана дзевяць выставачных залаў, экспанаты якіх дапамагаюць зразумець і вывучыць побыт сялян — як самой вёскі Вялікія Дворцы, так і навакольных населеных пунктаў.

Вёска ўпершыню згадваецца ў 1554 годзе. Назва паходзіць ад слова «двор», жыхары вёскі называюць сябе «дварчане». За сваю практычна 500-гадовую гісторыю населены пункт перажыў войны, падзелы Рэчы Паспалітай, адмену прыгоннага права, дзве сусветныя вайны, польскую інтэрвенцыю, станаўленне савецкай улады. Хоць гэтая вёска і не валодае ўнікальнай гісторыяй, але ўсё ж яна можа быць цікавая. Цікавы жыццёвы шлях некаторых дварчан. Напрыклад, Іван Надуліч быў у складзе царскай арміі і служыў у Петраградзе, у 1914 годзе ўзнагароджаны імянным гадзіннікам за добрую стральбу, з'яўляўся ўдзельнікам дзвюх рэвалюцый 1917 года ў Петраградзе, удзельнічаў у арышце царскай сям'і, бачыў Леніна.

Фёдар Архіповіч з'ехаў на заробкі ў ЗША, зарабіў грошай, набыў зямлю ў ЗША, але вярнуўся ў родную вёску і быў тут заможным селянінам. А калі пачалася калектывізацыя, у ліку першых уступіў у калгас і здаў багатую маёмасць. І гэта далёка не ўсе эпізоды гісторыі вёскі, якія могуць зацікавіць.

Наступным пунктам маршруту з'яўляюцца межавыя камяні 1563 года. Яны служылі для абазначэння граніцы.

Праязджаючы на веласіпедзе ад аднаго да іншага пункта маршруту, вядома, не перастаеш заўважаць навакольную прыроду, якая не мае сваіх асаблівасцяў, але валодае ўнікальнасцю і здольнасцю заваражыць розум.

Пачынаецца знаходжанне тэрыторый, дзе калісьці стаялі зніклыя населеныя пункты. І першае такое месца на маршруце — фальварак Гараваха, як мяркуецца, узнік ён у канцы ХVІІІ стагоддзя, служыў для вырошчвання жывёлы і нарыхтоўкі сена. Належаў гэты фальварак роду Скірмунтаў, якія жылі ў вёсцы Вяляцічы. Несумненна, яны добра разбіраліся ў землеўладанні, таму, як мяркуецца, у першай палове ХІХ стагоддзя для паляпшэння перавозкі тавару з фальварка да маёнтка быў выкапаны сялянамі роў, шлях па якім быў карацейшы, чым шлях, што праходзіў па рацэ. Часткі гэтага штучнага рова можна прасачыць у сучасным ландшафце.

У вёсцы Вяляцічы знаходзіўся непасрэдна сам маёнтак роду Скірмунтаў, які належаў ім не адразу. Упершыню маёнтак згадваецца ў 1524 годзе, і належаў ён роду Вяляціцкіх, ад прозвішча гэтага роду і пайшла назва вёскі.

У 1826 годзе на грошы Адама Скірмунта, які ў той час валодаў маёнткам і вёскай, была пабудавана царква Раства Багародзіцы, у якой, хоць і значна перабудаванай, вядуцца службы і ў нашы дні.

У гэтай вёсцы ў сям'і ўніяцкага святара ў 1815 годзе нарадзіўся Франц Савіч, які з'яўляецца стваральнікам Дэмакратычнага таварыства, — беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст. Пісаў ён, дарэчы, на «палескай» мове.

Яшчэ адзін са зніклых населеных пунктаў — вёска Чырвоны Бераг, якая ўпершыню згадваецца ў ХVІ стагоддзі. У другой палове ХІХ стагоддзя стала хутарам вёскі Кнубава, а ў ХХ стагоддзі цалкам спыніла сваё існаванне. Цікавы жыццёвы шлях апошняга жыхара гэтай вёскі, Аляксандра Германовіча. Нарадзіўся ён у лютым 1881 года. У выніку прызыву на ваенную службу трапіў у склад марскога флоту, курс маладога байца прайшоў у флоцкім экіпажы Санкт-Пецярбурга. А неўзабаве апынуўся ў самай гушчы руска-японскай вайны 1904—1905 гадоў. Служыў качагарам на караблі, які прыняў на сябе першыя ўдары, баронячы Порт-Артур. Атрымаў раненне, цудам застаўся жывы — выбуховай хваляй быў вынесены за борт. Але гэта не спыніла Германовіча, ён працягнуў абарону горада на сушы, дзе атрымаў яшчэ адно раненне. Быў прадстаўлены да ўзнагароджання двума Георгіеўскімі крыжамі і медалём «За адвагу». Пасля вяртання на радзіму застаўся жыць на сваім хутары Чырвоны Бераг, выгадаваў з жонкай сем сыноў і тры дачкі.

Фальварак Востраў Свідна ўпершыню згадваецца ў 1551 годзе. Служыў прымежнай зонай, яго жыхары таксама займаліся і аховай граніц.

Гэты маршрут — адзін са спосабаў паказаць, якая можа быць унікальная і адметная гісторыя нават самых, здавалася б, нязначных населеных пунктаў, гэта прыклад таго, як можна паспрабаваць захаваць нашу спадчыну для будучых пакаленняў.

Андрэй ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.