Вы тут

Стартуе новы этап традыцыйнага конкурсу апавяданняў «Звязды»


У Дзень пісьменства мы пачынаем новы этап традыцыйнага конкурсу апавяданняў «Звязды». А пра тое, хто прыходзіць сёння ў літаратуру, чым адметныя новыя аўтары і на што варта звярнуць увагу патэнцыйным удзельнікам творчага спаборніцтва, спытаем у яго куратара — паэта і пісьменніка, кіраўніка выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся БАДАКА.


— Ці можна скласці хоць бы прыблізны партрэт маладога пакалення літаратараў?

— Зрабіць гэта вельмі цяжка, бо такі партрэт — шматаблічны. Моладзь шмат эксперыментуе, уважліва сочыць за новымі кірункамі ў сусветнай літаратуры і імкнецца прымераць іх на сваю творчасць. Калі параўноўваць з беларускай літаратурай савецкага перыяду, дзе магістральным літаратурным кірункам быў рэалізм, з прыстаўкай «сацыялістычны», які досыць насцярожана, калі не сказаць варожа ставіўся да рознага роду эксперыментаў, то цяперашняя разнастайнасць уражвае. Словам, кожны знаходзіць сваю нішу і спрабуе ў ёй нечага дасягнуць. І гэта, на мой погляд, добра, бо дае больш магчымасцяў для самавыяўлення.

— Аглядваючыся на мінулыя сезоны літаратурнага конкурсу «Звязды», ці можна вызначыць агульныя тэндэнцыі: чым цікавыя маладыя аўтары, а чаго, быць можа, ім бракуе?

— Ні ў якім разе не хачу крытыкаваць ці ўхваляць асобных аўтараў і жанры, у якіх яны працуюць, — усе жанры добрыя, акрамя нуднага, ва ўсіх можна дасягнуць плёну, увагі і павагі.

Што да маладых, то яны часта не спыняюцца на адным жанры: пішуць, напрыклад, рэалістычнае апавяданне з элементамі містыкі, выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя прыёмы — і ў выніку можа атрымацца... ну, скажам, метафізічны рэалізм. Я ўжо не кажу пра «нон-фікшн», які апошнім часам вельмі трывала ўвайшоў у нашу літаратуру. Сумесь жанраў — гэта тое, што наогул сёння вельмі характэрна для сучаснага прыгожага пісьменства — і на Захадзе, і на Усходзе, і гэтак далей. І маладыя беларускія пісьменнікі таксама не хочуць заставацца на ўзбоччы гэтых працэсаў. Калі ж казаць пра творы сталых у сэнсе ўзросту і вопыту аўтараў, то тут пераважае рэалістычная літаратура, але яна таксама, дзякуй богу, яшчэ тоіць у сабе вельмі вялікі патэнцыял.

Хоць, шчыра кажучы, мне вельмі не падабаецца, калі кажуць пра твор, як бы тым самым ставячы яму знак якасці, што ў ім усё — чыстая праўда, што ад першага да апошняга слова — пераказаны рэальны выпадак. Праўда там ці вымысел — справа дзясятая. Галоўнае, каб я аўтару верыў, каб я суперажываў яго героям, а суперажываць я магу, чытаючы і Стывена Кінга, ужо не кажучы пра свайго любімага Міларада Павіча, у прыдуманы свет якога я кожны раз уваходжу як у свет рэальны. І зусім іншы прыклад: мініяцюры Янкі Брыля. Вельмі часта гэта назіранні за тым, што адбываецца вакол. На першы погляд, што можа быць прасцей: убачыў, падслухаў, запісаў, надрукаваў. Але паспрабуйце сваімі словамі пераказаць на паперы якую-небудзь брылёўскую мініяцюру. Ці яшчэ адзін прыклад. Колькі ўжо напісана-перапісана пра акопную праўду твораў Васіля Быкава. Знаходзіліся ветэраны вайны, якія, прачытаўшы тую ці іншую аповесць пісьменніка, у сваіх лістах да аўтара сцвярджалі, што гэта яны былі прататыпамі яго герояў. А на самай справе аказвалася, што тыя героі — зборныя вобразы аўтара, вобразы прыдуманыя, уяўныя. Як і многія падзеі, апісаныя ім. Але апісаныя так пераканаўча, праўдападобна, гэта значыць, так падобныя на праўду, што не дзіва, калі нешта недзе падобнае сапраўды магло быць.

Таму, параўноўваючы маладых і сталых удзельнікаў конкурсу, хачу сказаць, што ніякай «дыскрымінацыі» ў гэтым плане — малады ці сталы, постмадэрніст ці традыцыяналіст — у адносінах да аўтараў няма, пра што сведчаць і самі апавяданні, якія штогод друкуюцца на старонках «Звязды».

Думаю, нашы чытачы таксама заўважылі і тое, што ўсе аўтары знаходзяцца ў роўных умовах — і вопытныя, і пачаткоўцы, і што нярэдка апавяданні якраз яшчэ не вельмі прызнаных празаікаў становяцца пераможцамі.

— Якія новыя імёны асабіста вы для сябе адкрылі за апошнія некалькі гадоў?

— Назаву адно імя: Марына Яўсейчык, якая яшчэ школьніцай удзельнічала ў конкурсе «Звязды» і пры мне таксама стала пераможцай. Гэта цікавы малады празаік, яна не толькі шукае новыя хады ў жанры апавядання, але і ўмее пісаць коратка, што вельмі каштоўна для конкурсу. Бо часта ў нас здараецца адна і тая ж праблема — твор, у прынцыпе, і можна было б надрукаваць у газеце, але яго памер 13—14 старонак, ці, скажам, 35—40 тысяч знакаў. Яго ж немагчыма ўціснуць на газетную паласу, а ў ідэале добра было б, каб ён быў карацейшы ўдвая, што не раз агаворвалася ўмовамі конкурсу. А скарачаць я не маю права, гэта ж конкурс, дый наогул падыходжу да рэдактуры вельмі ашчадна. Таму зноў, карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да аўтараў: калі ласка, не забывайце пра абмежаванні, што датычацца аб'ёму. А чым скарачаць ужо гатовае апавяданне (я наогул не прыхільнік гэтай меры), лепш даслаць іншае.

— У наш пісьменны час, калі з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў кожны сам сабе блогер, літаратар, а пры неабходнасці і выдавец, — на якія крытэрыі варта арыентавацца пачаткоўцам, каб не папаўняць шэрагі графаманаў, але займацца добрай літаратурай?

— Мяркую, што нейкага агульнага рэцэпта, прыдатнага для ўсіх, тут быць не можа. Калі б быў такі рэцэпт, то, напэўна, усе класічныя творы, усе класікі былі б нечым вельмі падобныя адзін да аднаго. Але Купала адрозніваецца ад Коласа, Мележ ад Брыля, Быкаў ад Караткевіча, Танк ад Панчанкі, Барадулін ад Бураўкіна. Таму магу пажадаць толькі адно: імкнуцца быць непадобнымі да іншых, шукаць сваю творчую непаўторнасць і самабытнасць, але пры гэтым адчуваць сябе часткай нацыянальнай літаратуры, у якой багатая гісторыя і, не сумняваюся, вялікая будучыня.

Запісала Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Каб напісанаму — верыць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.