Вы тут

Адбыўся сход Генеральнай асамблеі Міжнароднай тэніснай федэрацыі


На ім прайшло галасаванне за шэраг трансфармацыйных рэформаў у дачыненні Кубка Дэвіса, якія ІTF плануе правесці сумесна з міжнародным холдынгам Kоsmоs. Пачынаючы з 2019 года ў фінальнай частцы спаборніцтваў будуць удзельнічаць 18 наймацнейшых зборных, і найлепшыя гульцы свету на працягу аднаго тыдня будуць змагацца за чэмпіёнскі Кубак Дэвіса. Першы турнір у падобным фармаце пройдзе з 18 да 24 лістапада, а ў якасці прымаючага боку разглядаюцца іспанскі Мадрыд і французскі Ліль — першы горад-гаспадар будзе абвешчаны на працягу найбліжэйшых тыдняў.


Прэзідэнт ІTF Дэвід Хагерці пракаментаваў новаўвядзенні: «Я вельмі рады, што ўдзельнікі сёння прагаласавалі за абарону доўгатэрміновых перспектыў Кубка Дэвіса. Прагаласаваўшы за гэтыя рэформы, сумесна з Kоsmоs мы зможам рэалізаваць велізарны патэнцыял турніру і вывесці яго на новы ўзровень. Наша мэта — забяспечыць умовы, каб гэта гістарычнае рашэнне прынесла карысць будучым пакаленням гульцоў на дзясяткі гадоў наперад».

Новаўвядзенні прынясуць значны рост даходаў для тых краін, якія будуць прымаць турнір, а новы прызавы фонд у памеры 20 мільёнаў долараў для гульцоў падыме Кубак Дэвіса да ўзроўню турніраў Вялікага шлема. Новы фармат будзе ўключаць у сябе адборачны раўнд у лютым, у якім 24 каманды прымуць удзел у дамашніх і выязных матчах — ключавым элеменце спадчыны Кубка Дэвіса. 12 пераможцаў кваліфікацыі забяспечаць сабе прамую пуцёўку ў фінальную частку турніру і далучацца да чатырох паўфіналістаў мінулага года. Яшчэ дзве зборныя, якія будуць абвешчаныя да пачатку кваліфікацыйнага раўнда, атрымаюць wіld саrd.

Фінальны турнір будзе праходзіць па кругавой сістэме з панядзелка па чацвер, а ўсіх 18 удзельнікаў падзеляць на 6 груп. Кожны паядынак будзе ўключаць у сябе тры матчы — два адзіночныя і адзін парны, якія будуць праходзіць у трохсэтавым фармаце. Пераможцы груп, а таксама дзве найлепшыя каманды, якія занялі другія месцы, у пятніцу згуляюць у чвэрцьфінале. У суботу адбудуцца паўфіналы, а ў нядзелю — фінал. Дзве найгоршыя каманды групавога этапу будуць паніжаны ў наступным годзе да ўзроўню занальных груп, астатнія ж, якія не выйшлі ў паўфінал, будуць удзельнічаць у кваліфікацыйным раўндзе ў лютым наступнага сезона.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Перамены ў тэнісе

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.