Вы тут

Фільм Дар'і Жук «Хрусталь» выйшаў у пракат


Асабліва не шкадуючы гучных слоў, 29 жніўня ў кінатэатры «Масква» адбылася гістарычная для беларускага кінематографа прэм'ера — у нейкім сэнсе беспрэцэдэнтнай карціны беларускі Дар'і Жук «Хрусталь». Прынамсі, пакуль што беспрэцэдэнтнай. Упершыню за доўгі час нашаму гледачу давялося адчуць, што значыць сачыць, ганарыцца і чакаць нацыянальны фільм (лепш сказаць, зняты беларускай, пра Беларусь і для беларусаў). Прасцей кажучы, з'явілася кіно, з якім трэба быць у тэме і аб якім варта мець уласнае меркаванне. Таму што якім бы ў выніку «Хрусталь» не аказаўся, ты разумееш, што немагчыма не паглядзець карціну, якая рыхтуецца быць намінаванай ад Беларусі на Оскар (у новым тысячагоддзі ўпершыню), прэм'ерай адкрыла адну з секцый Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах, атрымала Гран-пры Адэскага міжнароднага кінафестывалю, запрашэнні на дзясяткі форумаў і асвятленне ў замежнай прэсе. А акрамя таго закранула перыяд, што мы прывыклі асацыяваць з раптоўнай свабодай, і паказала гераіню, якой той свабоды здавалася мала.


Індустрыя

Увогуле ўсё пачалося з годнай і дзёрзкай кароткаметражкі «Сапраўдная амерыканка» — у свой час яна паўдзельнічала ў спецыяльных паказах і кінафэстах у Мінску і расказала пра дзяўчыну-падлетка з постсавецкай краіны, што па абмене прыехала ў адну з амерыканскіх сем'яў. Калі стала вядома, што аўтар работы здымае поўны метр, задзейнічае міжнародную каманду і прыцягвае «Беларусьфільм», да будучыні праекта ўзнікла лагічная цікавасць, уласцівая, праўда, толькі досыць вузкаму колу людзей з кінасферы.

Па-сапраўднаму «Хрусталь» прагучаў нават не сваёй міжнароднай прэм'ерай на кінафестывалі ў Карлавых Варах, што ў прынцыпе само па сабе заслугоўвае ўвагі, а агучанай пасля паказу навіны пра вылучэнне фільма на Оскар ад Беларусі. Пакуль разбіраліся, хто намінуе «Хрусталь» на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі і якія працэдуры для гэтага пакуль не выкананыя, аб праекце даведалася яшчэ большая колькасць патэнцыйных гледачоў, якая ўключылася ў перадгісторыю прэм'еры і ўсвядоміла, што ў беларускім кінематографе нарэшце запахла смажаным.

Што ні кажы, менавіта «Хрусталь» нагадаў нам аб атрыбутах сапраўднай кінаіндустрыі — рэкламнай кампаніі, фестывальных узнагародах, солд-аўтах, разагрэтай цікавасці гледачоў і ўрачыстым прадстаўленні фільма ў прысутнасці здымачнай групы. У запоўненым кінатэатры «Масква» падчас прэм'еры каманда ледзь змяшчалася на сцэне — усе прыехалі ў Мінск, каб пажадаць прыемнага прагляду. І адзначыць сваё дасягненне: фільм нарэшце прадстаўляецца гледачу, дзеля якога капрадукцыя Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі, уласна і ладзілася. Прынамсі, калі верыць словам рэжысёра, маўляў, мэтавая аўдыторыя «Хрусталя» знаходзіцца тут. А паколькі прафесійнае, ды яшчэ і з настальгіяй, кіно пра нашу краіну (даруй, «Беларусьфільм») — з'ява вельмі рэдкая, не дзіўна, што для карціны знайшлося шмат месца ў замежных медыя.

Таму сапраўды — у кампаніі беларускіх прэм'ер прэм'ера «Хрусталя», з яе фестывальным шлейфам, прафесійнай камандай і ўвагай прэсы, выглядае беспрэцэдэнтна. Ніякіх табе нацягнутых «падарункаў беларускаму гледачу» і настойліва запрошанай публікі — на гэты раз «Масква» была запоўненая абсалютна шчыра. І калі індустрыя кіно жыве, пакуль вось так вось рэзаніруе навакольны свет, «Хрусталь» гэтую індустрыю запусціў (гэтаксама проста яна і спыніцца).

Кіно

Дзякуючы свайму сюжэту пра 90-я, якія для сённяшніх беларусаў з'яўляюцца несумненна адным з самых цікавых і вызначальных перыядаў, але амаль не прысутнічаюць у айчынным кіно, карціна набрала сабе яшчэ больш балаў выключнасці.

Галоўная гераіня Эвеліна Сарока — нагадаю, «Хрусталь» у нейкай ступені аўтабіяграфічны, але невядома наколькі — жыве з маці ў Мінску, сустракаецца з наркаманам Алікам, разам са сваім бойфрэндам дыджэіць, марыць з'ехаць у сталіцу хаус-музыкі Чыкага і свой дыплом юрыста выкарыстоўвае толькі для падачы заяўкі на візу. Як і падробленую даведку з нібыта месца працы — Хрустальнага завода. Калі ў консульстве абяцаюць патэлефанаваць і ўдакладніць інфармацыю аб зарплаце і іншым, Веля тэрмінова шукае запаветны тэлефонны апарат, па якім адкажуць на гэты званок, і знаходзіць яго ў звычайнай кватэры ў пасёлку Хрустальны. Дзе ёй давядзецца зваліцца з неба на зямлю і задаволіцца той свабодай, якая ёсць, то-бок ніякай.

Шлях да мары аказваецца дастаткова мудрагелістым, але для драматургіі фільма, які павінен паказаць розніцу, ці нават трагічную неадпаведнасць, паміж уяўным светам і суровай рэчаіснасцю, выгадным. Калі галоўная гераіня захрасла ў марах аб Чыкага, канешне ж, каб пасталець, яна павінна трапіць у беларускую правінцыю. Хаця «Хрусталь» — гэта не параўнанне Амерыкі і Беларусі, свабоды і несвабоды, белага і чорнага. І дакладна не самапрыніжальны піетэт перад Злучанымі Штатамі, як раптам некаму падалося, бо яны ў гэтым выпадку — толькі маральны макгафін, калі сутнасць прадмета не мае значэння, але вакол валодання ім завязваецца ўвесь сюжэт. Гераіня захапілася ідэяй з'ехаць за акіян, нават не ўяўляючы, што там можа яе чакаць, таму Амерыка — тут магла быць Грэнландыя ці Ацтлан — носіць сімвалічны характар ідэалу, а фільм тым часам паказвае краіну, з якой хочацца ўцячы. З іроніяй, незласлівасцю і, дарэчы, асцярожнасцю.

Карціна змяшчае ў сабе і гістарычны фон — якое-ніякое маральнае ўпадніцтва 90-х (Мінск гэта ці глыбінка — не важна), і асабістую драму. Веля «ўваходзіць» у сям'ю, якая рыхтуецца да вяселля старэйшага сына Сцяпана, і, пакуль кожны з персанажаў знаходзіцца напярэдадні вызначальнай падзеі, надзея на лепшае непрыкметна растае. Непрыкметна, таму што фільм поўны дэталяў накшталт дываноў на сценах і хрустальных салатніц, іранічных і проста жартаўлівых сцэн накшталт той, дзе хлопчык з'ядае адзінокую катлетку і выцірае рукі аб пакрывала, невыпадковых адсылак да рэалій, актуальных і ў нашы дні. Усё гэта становіцца вельмі займальным і насычаным колерамі, элементамі антуражу і сцэнамі, што часам ніяк не ўплываюць на развіццё падзей, калейдаскопам. Пакуль ён адцягвае ўвагу ад драмы, а то і трагедыі, яшчэ і злёгку карэктуе эмацыянальны эфект, паняцце свабоды і ўвогуле ўсялякіх дабротаў становіцца вельмі неадназначным.

Трэба сказаць, суправаджэнне для разбуральных няўдач Велі тут быццам казачнае: што б ні здарылася, ты глядзіш на гэта як на прыгоду, а не ацэньваеш з пункту гледжання рэальнага жыцця. Быццам становішся сведкам негатыўных падзей, пакуль цябе гладзяць па спіне, — эмоцыі аказваюцца падуладнымі манеры падачы, а ў «Хрусталі» яна гледача шкадуе. Маўляў, усё, канешне, дрэнна, але вось вам новы жарт.

Абстрагавацца ад безвыходнасці 90-х, нават лепей за насычанасць элементамі антуражу, дапамагае галоўная гераіня. Трохі бязладная і адданая сваёй мары, яна думае, што знаходзіцца над гэтым спрошчаным светам з яго семкамі, а ў выніку аказваецца паглынутай настолькі ж, наколькі іншыя. Як, напрыклад, Сцяпан, ледзь не самы цікавы персанаж карціны, — малады хлопец пасля войска згодна з закладзенымі ўстаноўкамі збіраецца ажаніцца з маўклівай бландзінкай. Ні асаблівай любові ён не адчувае, ні неабходнасці, але дзейнічае па правіле «часу, які прыйшоў», і клапоціцца пра гэта крыху менш, чым ніяк. Пры гэтым не абцяжарвае сябе ні мараллю, ні будучыняй.

Кожны персанаж, як і працягласць яго прысутнасці, і колькасць вымаўленых ім слоў, нагружаецца шматзначнымі тыповасцямі, у чым можна знайсці дастаткова прыхаваных знакаў часу і месца. Як і ў тых самых сцэнах, што не ўплываюць на сюжэт, і ў Веліных марах, і ў хрустальным лебедзі, які пакідае свой няўтульны дом.

У рэжысёра атрымалася не столькі выказацца пра 90-я, колькі пагладзіць гледача па спіне; не столькі перадаць дух таго перыяду, колькі намякнуць, што ў ім нешта было не так; не столькі паказаць пэўную тужлівасць, колькі старанна захутаць яе ў яркія колеры. Арыгінальнасць, асабліва ў кантэксце беларускага кіно, іронія, дзе-нідзе трапныя адсылкі да рэчаіснасці склаліся ў фільм, які падпарадкоўваецца законам драматургіі больш, чым цэльнаму выказванню пра свабоду і несвабоду ў 90-х. Пакуль карціна рэтушуе эмацыянальныя эфекты і песціць гледача жартамі, разуменне — што ўсё гэта значыць — губляецца. Адкрыты фінал, які па форме быццам «пакідае надзею», не вяжацца з падспудным разуменнем канцоўкі як нешчаслівай, таму што макгафін не аказаўся ў руках і альтэрнатывы яму не знайшлося.

На жаль, карціна не ўлічыла, што мінулае нацыі патрабуе не толькі ўласцівага яму посуду і перавернутай свядомасці галоўнай гераіні, але і, прынамсі, смеласці гаварыць пра яго. А з той нагоды, што «Хрусталь» — гісторыя ўсё яшчэ не пра дзяўчыну ў 90-х, а пра самі 90-я (прэтэнзія даволі важкая), аўтарскія паўтоны тут надта недарэчы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Хацела ў Амерыку, а трапіла ў Хрустальны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?