22 Верасень, субота

Вы тут

Сангіта Бахадур: Ён прынёс мне свой кінасцэнарый


Калі задумацца, культура Індыі — ёга, індыйская філасофія, медытацыя, балівудскае кіно, знаёмыя музычныя матывы — суправаджае нас паўсюль. Яна нават не патрабуе дадатковай рэкламы, пры гэтым любая інфармацыя аб дамоўленасцях паміж нашымі краінамі раскрывае карты ў дачыненні да стратэгічных напрамкаў кааперацыі, а пра культуру абвяшчае толькі факт: кантакт ёсць. Каб зразумець, што дакладна маецца на ўвазе пад «супрацоўніцтвам у сферы культуры», мы прыйшлі да пасла Індыі ў Беларусі Сангіты Бахадур. Што прыкметна, дыпламат мае непасрэднае дачыненне да акрэсленай тэмы, бо з'яўляецца добра вядомай аўтаркай кніг у жанры фэнтэзі.


— Падпісаныя двухбаковыя дамоўленасці аб культурным супрацоўніцтве звычайна толькі акрэсліваюць рамкі, у межах якіх маюць арганізоўвацца адпаведныя мерапрыемствы. Але я магу сказаць, што ў гэтай сферы паміж Беларуссю і Індыяй дастаткова трывалыя кантакты. Наша пасольства стараецца спрыяць адносінам у як мага больш шырокім коле інтарэсаў. Мы, напрыклад, падтрымліваем выканальніцкае мастацтва — традыцыйныя індыйскія танцы і музыку — тут, у Мінску, а значыць, у пэўным сэнсе робім індыйскую культуру ў Беларусі жывой. Мы таксама запрашаем калектывы з Індыі — адзін з іх выступіць на Дні індыйскай культуры 23 верасня. Мы імкнёмся развіваць адносіны з рознага роду інстытуцыямі ў сталіцы і іншых гарадах, напрыклад Домам дружбы, які я не так даўно наведала, альбо музеямі. З дапамогай гэтага мы не проста маем пэўны дакумент, намінальна накіраваны на развіццё культуры, а на справе паглыбляем дасведчанасць людзей аб Індыі. Мы таксама вядзём перагаворы з бібліятэкамі, у тым ліку ўніверсітэцкімі, каб ствараць у іх індыйскі куток, якому мы маглі б падарыць кнігі і візуальныя матэрыялы, даступныя кожнаму ахвотнаму. У культурнай супрацы я хацела б адзначыць некаторыя асаблівыя рэчы. Ужо чатыры гады ў Мінску праходзіць Міжнародны дзень ёгі — ён карыстаецца вялікім поспехам, у ім удзельнічае шмат людзей, усё больш і больш студый далучаюцца да прасоўвання ёгі ў Беларусі. А пачынаючы з 2 кастрычніка мы на працягу двух гадоў будзем адзначаць 150-годдзе Махатмы Гандзі. У праграме, якую мы рыхтуем, запланавана шмат культурных мерапрыемстваў, якія будуць датычыцца жыцця, часу, работ, думак Гандзі. Налета ў супрацоўніцтве з сеткай гатэляў, прадстаўленай у Беларусі і Індыі, мы плануем арганізаваць фестываль індыйскай ежы. І апошняя ідэя, якая неяк прыйшла мне ў галаву, датычыцца кіно. Я ўжо зразумела, што беларусы любяць ці, прынамсі, любілі балівудскія фільмы, якія ўжо доўгі час не паказваюцца ў кінатэатрах, я нават не ведаю, у чым тут праблема. Я падумала, мы можам арганізаваць кінаклуб і, спадзяюся, ужо з наступнага месяца паказваць балівудскія карціны спачатку для запрошанай аўдыторыі, а пазней са свабодным наведваннем.

— Дзе будуць праходзіць кінапаказы і якія фільмы будуць выбірацца для прагляду?

— У памяшканні пасольства, якое можа ўмясціць 30—50 чалавек. Пазней, я думаю, мы здолеем арганізаваць фестываль накшталт тыдня індыйскага кіно, магчыма, у адным з мінскіх кінатэатраў. Я, канешне, хацела б паказваць сучасныя карціны, бо беларусы, думаю, знаёмыя з Раджам Капурам і фільмамі 1970—1990 гадоў. Варта прадставіць новы Балівуд — ён кардынальна адрозніваецца ад Балівуда мінулых часоў. Новае кіно — я маю на ўвазе прафесійна зробленае — больш не тыя фільмы з песнямі і танцамі, што многія ўяўляюць, і не гісторыі пра тое, як хлопец сустрэў дзяўчыну, дакладней, і пра гэта таксама, але ў іншым — сучасным, міжнародным кантэксце, так што кожны можа супаставіць сябе з сюжэтам і героем. Я не кажу, што кіно Раджа Капура — дрэннае, але хачу падкрэсліць, што індыйскае кіно вельмі змянілася, і менавіта гэта нам цікава адлюстраваць.

— Я ўпэўнена, у нас ёсць шмат людзей, якія самі імкнуцца даследаваць індыйскую культуру і працаваць у гэтым напрамку. Ці прыходзяць да вас з уласнымі ініцыятывамі і ці падтрымліваеце вы такога роду ідэі?

— Так, падтрымліваем. Я працую ў Мінску прыкладна чатыры месяцы і за гэты час сустрэлася з некалькімі людзьмі, ідэі якіх датычацца адносін паміж Беларуссю і Індыяй. Некаторыя пішуць кнігі пра індыйскую філасофію, гісторыю ці нешта іншае, нехта перакладае класічную індыйскую літаратуру з санскрыту на беларускую мову. Тут быў таксама чалавек, які пражыў у Індыі некалькі гадоў: ён прынёс мне свой кінасцэнарый — гісторыю кахання паміж беларускай дзяўчынай і сынам індыйскага дыпламата. Мне было вельмі забаўна яго чытаць. Усе яны прыходзяць з уласнымі праектамі, якія імкнуцца развіваць, і, канешне, мы стараемся ім дапамагаць і падтрымліваць — бясплатнымі візамі альбо кантактамі з неабходнымі арганізацыямі і людзьмі ў Індыі, што могуць дапамагчы. Да нас звяртаюцца і цэлыя інстытуцыі, напрыклад, інтэрнацыянальны ПЭН-цэнтр, што мае аддзяленне ў Беларусі, арганізуе пэўнае мерапрыемства ў Індыі і таксама патрабуе нашага ўдзелу. Гэта як бы пастаянная эвалюцыя — вы разумееце, я не магу сказаць, што кожны, хто прыходзіць да нас з ідэяй, у выніку мае ўсю неабходную падтрымку, але мы з усіх сіл стараемся ўдзельнічаць усё больш і больш.

— Я хацела б запытацца пра вашы кнігі. Ці ўплывае дыпламатычны досвед на вашу літаратуру?

— Гэта складанае пытанне. Я пачала пісаць у трынаццаць гадоў, калі была яшчэ, можна сказаць, дзіцем (напісаныя тады раманы я ніколі і нідзе не публікавала), так што пісьменніцтва ўжо вельмі доўгі час з'яўляецца маім пастаянным кампаньёнам. Я пішу ў жанры гераічнага фэнтэзі, які становіцца спосабам збягаць ад розных працоўных складанасцяў. Мая літаратура адасобленая ад рэальнага жыцця, такім чынам дыпламатычная кар'ера паўплывала на жанр, у якім я пішу. Апроч іншага, я займала шмат пастоў, жыла ў вялікай колькасці краін і ўзаемадзейнічала з рознымі людзьмі — у выніку, калі вы пачытаеце мае кнігі, знойдзеце ў іх ідэі, якія я сабрала ў розных культурах. Спосаб жыцця, філасофія, светапогляд — усё гэта адлюстроўваецца праз маіх персанажаў. Мае кнігі — быццам уяўны свет, але ўсё тут запазычана з рэальнага жыцця, якое мне давялося пабачыць у розных краінах.

— Вы не хацелі б прадставіць свае кнігі беларускаму чытачу?

— Я была б вельмі шчаслівая гэта зрабіць, але з той нагоды, што першапачаткова яны напісаны на англійскай, іх трэба перакласці. Калі нехта хоча гэта зрабіць, я буду рада супрацоўніцтву. Магчыма нават, я магу пачаць з кароткіх гісторый — імі падзяліцца было б прасцей і хутчэй.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота БелТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.