Вы тут

Пра што пісалі падпольныя выданні ў 1942 годзе?


Нягледзячы на тое, што з Вялікай зямлі на акупаваную тэрыторыю Беларусі закідвалася многа друкаванай прадукцыі, пытанне аб выданні газет і ўлётак стаяла даволі востра. Усё ж дастаўка надрукаванага праз лінію фронту не была рэгулярнай, часам ужо гатовыя тыражы залежваліся на складах. Акрамя таго, патрэбны былі органы, якія маглі б адсочваць, збіраць інфармацыю аб падзеях, што адбываліся ў тыле ворага, і аператыўна адгукацца на гэта.


Ужо ў канцы 1941 — пачатку 1942 года падпольшчыкі Беларусі наладзілі выпуск улётак, бюлетэняў, зваротаў. Першыя падобныя агітацыйныя матэрыялы часта друкаваліся на пішучых машынках ці наогул былі рукапісныя. Зразумела, тыраж такой прадукцыі быў абмежаваны. Але ўжо ў 1942 годзе пачалі выходзіць газеты Віцебскага, Рудзенскага, Чэрвеньскага, Бярэзінскага, Кіраўскага, Клічаўскага і іншых падпольных партыйных камітэтаў.

Давайце паспрабуем дакрануцца да гісторыі і зазірнём у некаторыя з гэтых выданняў. Тут можна знайсці не толькі палымяныя заклікі да змагання, апісанне партызанскай барацьбы, але і рэальныя малюнкі, якія даюць уяўленне пра той час.

«Сотні і тысячы мірных грамадзян Клічаўскага, Бярэзінскага, Акцябрскага і іншых раёнаў загінулі ад рук тыранаў. Так у вёсцы Язвенец ад усяго насельніцтва засталося ў жывых толькі 5 чалавек. У вёсцы Суша ў адну яму закапалі паўжывымі 130 жыхароў, у вёсцы Чырвонае Бярэзінскага раёна перабіта большасць жыхароў і г. д.

Ніколі яшчэ ў гісторыі наш народ не даводзіўся да такога эканамічнага становішча, каб восенню не мець дастаткова хлеба. Немцы рабуюць насельніцтва, забіраюць хлеб, скаціну. А нам падносяць рэцэпты, як прыгатаваць хлеб з жалудоў, з лясных траў і іншых сурагатаў...

У горадзе становішча яшчэ горшае. Працоўныя атрымліваюць 150 г хлеба ў дзень. Жанчыны, не маючы сродкаў да існавання, вымушаны гандляваць сваім целам. У Бабруйску немцамі арганізавана тры публічныя дамы. Кожны сумленны чалавек сёння разумее, што фашызм — гэта галодная смерць», — пісаў «Бабруйскі партызан» у нумары 1(23) за 7 лістапада 1942 года.

Між іншым, са старонак падпольных выданняў можна даведацца і пра тое, якую агітацыю вялі акупанты на захопленай тэрыторыі. Беларускія аўтары выказваюць свае меркаванні наконт заяў, зробленых немцамі ў іх газетах і лістоўках. Напрыклад, у нумары 3 (29) за 7 снежня «Бабруйскі партызан» (дарэчы, выданне выходзіла тыражом у 500 экзэмпляраў) выкрывае: «У сваіх улётках немцы пішуць, што яны не толькі не забіраюць у сялян апошніх кароў, а, наадварот, прывозяць з Германіі ў Расію пародзісты скот і машыны. Але няхай бы яны назвалі хоць адну вёску, куды прывезена гэта скаціна». Што ж насамрэч везлі немцы на нашу тэрыторыю, можна даведацца з гэтага ж нумара, тут падрабязна апісана дыверсія на чыгуначнай магістралі Мінск—Бабруйск. Партызаны знішчылі нямецкі эшалон, браневікі і аўтамашыны, якія знаходзіліся на платформах, выведзены са строю пасля абстрэлу бранябойна-запальнымі кулямі.

Здраднік у бочцы

Уласна, з такой задачай, пастаўленай перад падпольным друкам, як супрацьстаяць нямецкай прапагандзе, што шырока вялася на захопленых тэрыторыях, журналісты выдатна спраўляліся. Падпольныя выданні раілі не пагаджацца на работу ў Германіі, не пераходзіць на бок ворага, паказвалі рэальную абстаноўку на фронце і абвяргалі заявы пра «захопленыя» Маскву і Ленінград, друкавалі зводкі Саўінфармбюро. Партызанскія злучэнні і падпольныя райкомы КП(б) Беларусі мелі свае рацыі і радыёпрыёмнікі. Дзясяткі, а пасля і сотні радыстаў рэгулярна слухалі паведамленні з Масквы. Час перадачы зводак быў дакладна вядомы, і для іх прыёму назначаліся дзяжурствы.

Трэба ўспомніць і пра ўмелае абыходжанне са словам. У падпольных газетах, якія ў той час распаўсюджваліся па Беларусі, аўтары па-свойму расшыфравалі заяву нямецкіх улад аб «вызваленні» нашых зямель ад камуністычнага рэжыму.

«Агнём яны прыйшлі вызваляць беларусаў ад сваёй хаты, ад сваёй маёмасці, мячом яны вызваляюць ад хлеба, сала, солі, мяса і вопраткі, — пісала 6 лістапада 1942 года газета «В бой за Родину»(орган Рудзенскага РК КП(б)Б і партызанаў). — Немец цябе вызваляе ад бацькі і маці. Ён іх забівае ці адсылае на катаргу. Немец цябе вызваляе ад сям'і. Ён вешае, расстрэльвае, рэжа тваіх дзяцей... У цябе было жыццё, сапраўдная свабода, мары пра светлую будучыню. Немец цябе вызваляе ад усяго таго, што табе дорага, міла, нават ад права чалавекам называцца».

Умелі аўтары і добра пакпіць над захопнікамі ды іх памагатымі, выставіць дурнымі і палахлівымі. «Местачковы бургамістр Лескавец Мікалай начуе ў свінарніку. Начальнікі паліцыі Іўчык і Агар'ян трымаюць у сваіх хатах узмоцненыя нарады паліцыі. А што стала з Юрыем Дабравольскім? Ён мне па сакрэце гаварыў, што начуе ў бочцы з-пад капусты», — так з гумарам аўтары «Сцяга Леніна» (выдання Бярэзінскага падпольнага райкама) 13 жніўня 1943 года перадаюць стан здраднікаў.

Трэба сказаць, што не толькі падпольныя і партызанскія газеты, якія выходзілі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, заслугоўваюць увагі даследчыкаў. Шмат інфармацыі можна адшукаць і ва ўлётках, якія распаўсюджваліся на акупаванай тэрыторыі, і ў межах нашага праекта мы будзем расказваць і пра іх.

Так, кінулася ў вочы ўлётка 1942 года з паведамленнем: «27 верасня эсэсаўцы зрабілі ў Мінску аблаву на беспрытульных. Каля вакзала і ў развалінах дамоў гітлераўцы затрымалі каля 100 беспрытульных дзяцей і расстралялі іх».

Пра месцы масавых забойстваў паведамляецца яшчэ ў адной улётцы за 1942 год: «Тры дні варушылася зямля над магіламі людзей у Шклове, многія сотні якіх немцы закапалі жывымі. У мястэчку Шуміліна Віцебскай вобласці, да ўскраю лесу немцы сагналі 365 чалавек і загадалі капаць яму. Потым усіх расстралялі. Дзяцей і старых закапвалі жывымі». Таксама тут называюцца прозвішчы расстраляных сялян з вёскі Мікалаева, якія адмовіліся ехаць працаваць у Германію...

Місія — захаваць

Падпольны і партызанскі друк яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Адна з прычын, чаму да гэтага часу такія крыніцы недастаткова вывучаны — іх разрозненасць. Друкаваная спадчына «Вялікай Айчыннай вайны» захоўваецца не толькі ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага архіва і Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, добрая падборка беларускай перыёдыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны і архіўныя дакументы патрапілі ў Расію. Частка матэрыялаў раскідана па рэгіянальных музеях.

На сёння ўжо многае ўдалося сабраць і аблічбаваць, але асобныя партызанскія газеты ўсё яшчэ прадстаўлены адным нумарам.

Але і да гэтага часу здараюцца выпадкі, што людзі прыносяць у бібліятэку старыя выданні — разбіраюць паперы, якія захоўваліся ў іх дзядоў і бацькоў, і знаходзяць там газеты і ўлёткі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Да нас трапляюць экзэмпляры ў самым розным стане: ёсць і ў амаль ідэальным, нават адчуванне такое, быццам толькі што з друкарні. Былі і выданні, парваныя папалам, пашарпаныя, — расказвае Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце.

Калі газета «рассыпаецца», яна мае патрэбу ў кансервацыі. Натуральна, што ў час вайны магла выкарыстоўвацца папера дрэннай якасці. З цягам часу яна акісляецца, становіцца крохкай. І тут, каб захаваць каштоўную крыніцу, не абысціся без дапамогі спецыялістаў.

— Можа праводзіцца абескісленне, пераважна пры дапамозе хімічных рэагентаў. Калі ж папера даволі тонкая, у нас ёсць адмысловая лістадалівачная машына, якая дадае папяровага слою, і такім чынам умацоўваецца гэты экзэмпляр, — дзеліцца сакрэтамі Алесь Суша. — Каштоўныя асобнікі захоўваюцца ў асаблівых умовах. Само сховішча адмыслова спраектавана, каб забяспечыць тэмпературны і вільготнасны рэжым. Ёсць спецыяльныя скрынкі ці канверты з бескіслотнага кардону, у якія ўкладаюцца газеты і ўлёткі. Падпольны і партызанскі друк трапляе адразу ў фонд рэдкай кнігі. Ён захоўваецца разам са старадрукамі, рукапісамі і з самымі каштоўнымі кнігамі і дакументамі, і на тых жа ўмовах.

— Падобныя ўмовы захавання наўрад ці зможа забяспечыць невялічкі школьны музей. Ды і ў сямейных архівах таксама газеты могуць пашкоджавацца. Ці можна іх перадаць на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку?

— Мы з радасцю прымем не толькі друкаваныя газеты і ўлёткі, але і любыя іншыя паперы і дакументы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, у тым ліку рукапісныя выданні, плакаты, пошту, фотаздымкі. І не толькі забяспечым умовы захавання. Усё апішам — і ў любы час можна будзе знайсці патрэбны вам дакумент, заказаць, паказаць нашчадкам. Напрыклад, у музеі колькасць залаў не павялічыць, і той жа ваенны здымак можа і не патрапіць у экспазіцыю.

— Як давезці старыя дакументы, калі яны знаходзяцца ў дрэнным стане?

— Можна проста пакласці ў папку. Ні ў якім разе не трэба склейваць скотчам ці клеем. І нельга друкаваную прадукцыю доўгі час захоўваць у цэлафане, у ім папера не дыхае, так вы нішчыце дакументы. Калі ёсць магчымасць, важна максімальна запісаць інфармацыю, звязаную з гэтымі помнікамі: калі і адкуль яны патрапілі, у каго захоўваліся, прозвішчы тых дзядуль і бабуль, якія вам перадалі гэтыя дакументы, іх узрост. Часам такая інфармацыя можа аказацца і больш каштоўнай, чым сам дакумент. Здараліся і такія выпадкі, што пасля вайны знаходзілі падпольныя друкарні разам з паперай і нават аддрукаваным тыражом. Зразумела, трэба апісаць падобныя знаходкі.

— Хто можа ў бібліятэцы працаваць з выданнямі часоў Вялікай Айчыннай?

— Гэта стэрэатып, што такія выданні немагчыма ўзяць. Мы бібліятэка, а не музей. У нас нават школьнікі прыходзілі працаваць з падпольнымі газетамі. (Сёння вучні старэйшых класаў могуць запісвацца ў Нацыянальную бібліятэку і працаваць у ёй.) Мы не патрабуем адмысловых папер ад устаноў адукацыі, каб маладыя даследчыкі маглі карыстацца выданнямі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Інфармацыя ёсць у электронных каталогах. Пакуль яшчэ аблічбаваныя не ўсе выданні, але работа ў гэтым кірунку працягваецца. І калі ў пэўнага экзэмпляра ёсць электронная копія, з любога камп'ютара ў бібліятэцы яе можна адкрыць, паглядзець. Адзінае, такія газеты мы не даём на ксеракапіраванне, толькі на сканаванне (бескантактнае, халодным святлом), усё ж важна максімальна захаваць арыгіналы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Ад чаго вызваляе вораг?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».