22 Верасень, субота

Вы тут

Прызначаны два новыя міністры і кіраўнік канцэрна «Белнафтахім»


Услед за кадравымі пытаннямі ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, а таксама дзяржаўных арганізацыях, Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кандыдатуры ў іншыя структуры.


Так, Прэзідэнт узгадніў кадравыя перастаноўкі ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч быў прызначаны міністрам фінансаў, а першы намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч — міністрам энергетыкі.

Звяртаючыся да Максіма Ермаловіча, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ў сферы фінансаў — шмат пытанняў, і вырашаць іх неабходна. Таксама трэба працаваць на знешніх фінансавых рынках. «Грошай цяпер мора і ў Еўропе, і ў Амерыцы. Вы ведаеце, з якіх рынкаў вызваляюцца грошы. Трэба проста варушыцца разам з банкірамі. Памятайце, што Нацыянальны банк — гэта структура, якая павінна працаваць у рэчышчы палітыкі ўрада. А ўрад выконвае той прагноз, тыя планы, якія зацверджаны Прэзідэнтам з вашай падачы», — падкрэсліў ён.

Што датычыцца міністра энергетыкі, то Аляксандр Лукашэнка нагадаў Віктару Каранкевічу, за што быў звольнены яго папярэднік. «Калі міністр недысцыплінаваны, калі ён, напіўшыся, не прыходзіць на работу, то які ён міністр?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, энергетычная галіна — адмысловая і вельмі важная для краіны, а Віктар Каранкевіч у ёй вельмі добра разбіраецца.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Андрэя Рыбакова, які займаў пасаду намесніка старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі, на пасаду старшыні гэтага канцэрна.

«Магчыма, вам прыйдзецца сфармаваць яшчэ аднаго «монстра» ў Беларусі як адзіны энергетычны цэнтр: гэта і электрычнасць, гэта нафта, гэта прыродны газ і іншае. Таму нацэльвайцеся. Але на гэтым этапе я вырашыў не спяшацца: не гарыць», — з такімі ўказаннямі звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Андрэя Рыбакова.

Прэзідэнт падкрэсліў: пасада Рыбакова прыраўноўваецца да міністэрскай, ён у адказе за нафтахімічную сферу ў краіне. Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні «Белнафтахіма» працаваць у цеснай звязцы з віцэ-прэм'ерам Ігарам Ляшэнкам, які таксама адказвае за гэтую галіну.

Былі і іншыя прызначэнні: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык прызначаны на аналагічную пасаду ў Нарвегіі па сумяшчальніцтве, у той час як Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аргенціне і па сумяшчальніцтве ва Уругваі і Чылі Уладзімір Астапенка — на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.

Таксама беларускі лідар узгадніў прызначэнне члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Івана Рабкаўца на пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый.

Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый узначаліць Арцём Сікорскі, які раней займаў пасаду намесніка дырэктара арганізацыі.

Узгоднена прызначэнне старшага саветніка Пасольства Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах Ігара Бондарава ў сувязі з адкрыццём Генеральнага консульства на пасаду Генеральнага консула Беларусі ў Дубаі.

Членам Брэсцкага аблвыканкама стаў начальнік упраўлення КДБ Беларусі па Брэсцкай вобласці Сяргей Гладышаў, членам Гродзенскага — начальнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Аляксандр Невяроўскі, членам Магілёўскага — начальнік упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці Аляксандр Церахаў. Акрамя таго, членам Гродзенскага аблвыканкама стаў першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Павел Міхалюк.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.