Вы тут

Быццё — марнае. Ну і што?


Быццё — марнае. Ну і што?

Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вашай адной чалавечай галаве, калі вы чуеце словы «брытанскі гумар»? Яны вандруюць у вашых думках, шукаючы, да чаго б прыляпіцца. Што яны знойдуць у вас? Гэтае словазлучэнне можа быць сказана з такой колькасцю разнастайных няўлоўных адценняў, якія спрабуеш схапіць пальчыкамі, каб вызначыць, што думаць пра брытанскі гумар.

Для мяне «брытанскі гумар» перш за ўсё дастае з галавы «Monty Python’s Flying Circus» (ведаеце, іспанская інквізіцыя — гэта філасофія нашага жыцця: ты кожны раз кажаш, што не чакаў сутыкнуцца з іспанскай інквізіцыяй, а яна ўжо за дзвярыма тваёй гасцінай; як гаворыцца, ніколі не кажы «ніколі» — вам жа не патрэбна іспанская інквізіцыя пад вашымі дзвярыма?); потым, блукаючы па дзіўных алагічных асацыятыўных сувязях, дастае з маёй чарапной каробкі ўсе англійскія ідыёмы са словам «селядзец»* (асабліва чырвоны, чамусьці чырвоны селядзец — гэта самае важнае, таму што часцяком у размове самым важным аказваецца менавіта чырвоны селдзец); потым нам трэба скончыць гэты неймаверна доўгі сказ нечым, што ўсё ж адносіцца напрамую да тэмы, таму я ўпішу сюды Дугласа Адамса, які рабіў настолькі брытанскія рэчы, што яны будуць брытанскімі нават на малекулярным узроўні.

Дуглас Адамс — гэта чалавек, міма якога, як, практычна, міма ўсяго добрага, што ёсць у Брытаніі, не здолела прайсці ВВС. Я не змагла прайсці міма, практычна, усяго, што знайшло ВВС, таму я дакладна не магла прапусціць Дугласа Адамса, які стаў часткай кампаніі. Біяграфія гэтага аўтара заслугоўвае шматстаронкавага пераказвання; уціснутая ў пару сказаў, яна не перадае ўсёй бесшабашнасці і вынаходлівасці чалавека, які ўвасабляў сабой брытанскі гумар і — часам — ВВС. Так што, калі вы любіце ВВС, Дугласа Адамса або вышэй пералічанае разам, то атрымлівайце асалоду ад яго біяграфіі як ад асобнага віду мастацтва. А мы пойдзем далей.

«Аўтаспынам па галактыцы» — гэта першы раман аднаіменнай серыі, які быў выпушчаны ў 1979 годзе. Ён складаецца з глаў і падглаў, якія складаюцца са сказаў, якія, у сваю чаргу, складаюцца са слоў, як бы дзіўна гэта ні гучала. А каб упэўніцца, што гэта сапраўды так, чытайце, калі ласка.

«— Усё, што тут адбываецца, — не прычына для трывогі, — працягваў голас. — Па першым часе вам, відаць, будзе моташна — вас жа выратавалі ад вернай смерці з імавернасцю два ў ступені дзвесце семдзесят шэсць тысяч супраць аднаго. Цалкам магчыма, нават з яшчэ меньшай імавернасцю. Цяпер мы ляцім два ў ступені дваццаць пяць ты сяч супраць аднаго. Як толькі мы будзем упэўнены наконт таго, што такое нармальны парадак рэчаў, мы яго адразу ж адновім. Дзякуй за ўвагу. Два ў ступені дваццаць тысяч супраць аднаго…»

Павал Касцюкевіч змог зрабіць вельмі бртанскую кнігу вельмі беларускай. Адаптаваны пераклад займаецца перастварэннем рэалій, на якія абапіраецца аўтар, перакладчык змяняе адну апору пад рукой аўтара на іншую, не даючы яму страціць прытомнасць ад таго, што чытач не бачыць і не разумее, на што ён там абапіраецца. У гэтай кнізе змяняецца імя персанажа, змяняюца назвы, няўлоўна змяняюцца жарты і адсылкі, апелюючы ўжо не толькі да брытанскай культуры, але і да беларускай. Спачатку мне падалося, што я бачу адсылку да Васіля Быкава. Потым здалося,што адсылка да Васіля Быкава, напісаная прыемным воку шрыфтам, бачыць мяне. Пасля гэтага я палічыла за лепшае думаць, што мне не падалося.

«Паколькі Фольксваген Гольф так і не навучыўсявымаўляць сваё імя на роднай мове, яго бацька памёр ад сораму, які ў некаторых сектарах галактыкіпа–ранейшаму ёсць смяротнай хваробай. У школе дзеці дражнілі Фольсвагена “Піхто”, што па–бетэльгейзіянску–5 азначае “хлопчык, які не можа ўцямна патлумачыць, што такое Вялікі Бух і чаму ён прылучыўся менавіта на Бетэльзейзэ–7».

А далей самі шукайце імёны знаёмых спадароў па тэксце. І калі вы ўпэўненыя, што вам не трэба чытать беларускамоўны пераклад, таму што вы ўжо чыталі рускі ці арыгінальны тэкст, то вы страчваеце шмат добрых жартачкаў, якія зрабіў аўтар. Ніколі не кажыце «ніколі», памятайце пра іспанскую інквізіцыю.

А далей — пра аўтарскі тэкст.

Быццё — марнае. З гэтым усё ж даводзіцца змірыцца на нейкім этапе жыцця. Або кожны раз змірацца нанова на кожным новым этапе жыцця — гэта як вам пашанцуе. І як добра, калі можна пасмяяцца з гэтай марнасці быцця. У адваротным выпадку можна было б паміраць, не пачынаючы жыць. Уявіце, сядзіце вы ў дзіцячым садку, задумваючыся, у чым сэнс вашага знаходжання тут. Уявіце, што вы думаеце пра сэнс жыцця і яго адсутнасць, тупаючы па калючым дыванку на зарадцы ў дзіцячым садку. І немагчымасць асэнсаваць ўвесь гэты глабальны свет з аўсянай кашай на сняданак у самай яго сярэдзіне ўводзіць вас у глыбіні экзістэнцыяльнага крызісу, які не дае вам магчымасці жыць далей. І чым далей пстрыкае ўзрост, тым больш складана. І калі б над экзістэнцыяльнасцю гэтай аўсянкі ў прынцыпе нельга было смяяцца, стала б зусім ужо па–сартраўску моташна.

«Аўтаспынам па Галактыцы» — якраз пратое, што трэба расслабіцца. Расслабцеся і атрымлівайце задавальненне. Задавальненне ад аўсянкі, дарэчы, я пачала атрымліваць толькі спалучаючы яе з зефірам на дваццатым годзе жыцця, але гэта так, чырвоны селядзец у тэксце.

«Вобраз Зямлі кісельнай млосцю расцёкся па яго і без таго знуджаным розуме. Яго ўяўленне было, ясная рэч, не ў стане перастрававаць той факт, што ўся планета Зямля спыніла сваё існаванне — для яго гэта было занадта. Артур паспрабаваў падсцёбнуць сваё ўяўленне думкамі, што ягоных бацькоў і сястры больш няма. Ніякай рэакцыі. Потым ён падумаў пра аднаго абсалютна незнаёмага чалавека, за якім ён стаяў у чарзе два дні таму і адчуў шчыменне ў грудзях — таго супермаркета больш няма, усе, хто быў у ім, зніклі таксама».

Казаць сур’ёзна пра сур’ёзныя рэчы — страшна. І не ўсе хочуць яшчэ чытаць ці слухаць сур’ёзныя рэчы, жывучы з імі побач. Казаць пра бюракратыю сумна. Але калі пасмяяцца з бюракратыі, то гэта можа быць нават падставай пагаварыць пра яе. І майстэрства аўтара ў тым, што пра сур’ёзныя рэчы ён кажа мімаходзь, надаючы дробязям, якія атачаюць гэтую сур’ёзнасць, самае вялікае значэнне. Дуглас Адамс гуляе з акцэнтамі, перастаўляючы іх мудрагелістым чынам, каб асвятліць звыклыя рэчы з нязвыклага ракурсу. І акцэнт на нечым нязначным — на дробязі, глупстве — падкрэслівае значнасць (або яе адсутнасць). Ці гэты ж акцэнт перагортвае звыклую карцінку з ног на галаву, каб даць чытачу паглядзець на ўсё пад нязвыклым вуглом. Ці каб усё пад нязвыклым вуглом паглядзела на свайго чытача.

«Вось цяпер я бачу крыніцу непаразумення! Чуеце, усё наадварот: гэта мы ставілі вопыты на іх. Мышэй часцяком выкарыстоўвалі для вывучэння паводзін чалавека… Акадэмік Паўлаў і якія з ім… Дзеля гэтага мышы праходзілі ўсялякія розныя тэсты: вучыліся званіць у званочкі, бегалі па лабірынце і гэтак далей… Каб мы, людзі, даведаліся пра ўвесь працэс навучання. Каб з назіранняў за іхнімі паводзінамі змаглі зрабіць усякія–розныя высновы пра нас саміх…»

У нас існуе мноства звыклых рытуалаў, пра значэнне якіх мы звычайна не задумваемся. Вось з’яжджаеш надоўга з хаты — трэба абавязкова прысесці на дарожку. На чорта тое прысяданне, у сям’і ўжо ніхто дакладна не памятае, але прысесці трэба, абавязкова. Пытаеш: «Навошта?», — а табе адказваюць сакральнае: «Трэба». Прысядаць, прысядаць, а потым — у сярэдзіне прыседу — вы задумаецеся:

— Навошта?

«Аўтаспынам па галактыцы» якраз пра такі прысед: аўтар аддзірае пломбу звычкі і стандарту, прапануючы задумацца, што і наколькі добра працуе (ці не працуе).

«Спадар Просер увайшоў у ролю адказнага па ідэалагічнай працы. Гэтая роля вымагае прадукавання бяздоннай гаварнечы з мэтай пераканання, а таксама патрабуе правядзення лекцый на тэмы: “Памяркоўная большасць — усё, адмарожаная меншасць — нішто”, “Аб элегантнай перамозе прагрэсу”, “Не вы першы, не вы апошні”, “За квітнеючую і стабільную магістраль”, да таго ж падбухторвае на ўжыванне ўсялякіх іншых рытарычных хітрыкаў і красамоўных пагрозаў».

Яшчэ праблема нашага свету ў тым, што ён падпарадкоўваецца логіцы, але пры гэтым абсалютна алагічны. Я думаю: «Так, гэта было б лагічна, гэта павінна працаваць», але маё «лагічна» глядзіць мне ў вочы і кажа: «І не разлічвай». «Аўтаспынам па Галактыцы» — якраз пра прысутнасць у свеце Рухавіка Бясконцай Неймавернасці. Інтуіцыя, як ні дзіўна, існуе, манета час ад часу становіцца на рабро і ёсць шанец выжыць у вакууме (апошняе лепшне правяраць на сваім вопыце, таму што касмічныя караблі, якія могуць вас падабраць з гэтага вакууму, у неабходны вам момант абавязкова праляцяць з іншага боку Зямлі, падбіраючы яшчэ аднаго аматара праверыць — памятаеце, што працуе не толькі алагічнасць сусвету, але і статыстыка, а статыстыку, як і бюракратыю, цяжкавата пераспрачаць).

«— Калі, — пачаў разважаць ён [студэнт], — існаванне Рухавіка Бясконцай Неймавернасці немагчымае ў прынцыпе, тады — разважаючы лагічным чынам — яго стварэнне мае канцавую неверагоднасць. Стуль вынікае, што ўсё, што трэба зрабіць, каб гэтую неверагоднасць здабыць, — гэта падлічыць, наколькі яна неверагодная, загрузіць гэтую лічбу ў генератар Канцавой Неймавернасці, запарыць свежай гарбаты… і ўвамкнуць!»

Адказ на Вялікае пытанне пра Сэнс жыцця, пра Сусвет І Усё Такое. І тыя, хто не чытаў, ведаюць, што адказ на гэта пытанне гучыць як «сорак два». І ў тым увесь Сэнс. Вы павінны знайсці свой Сэнс.

І яшчэ дадам — сорак два.

Ды яшчэ, спадарства: вучыцеся быць дакладнымі — спатрэбіцца.

«— Я скурпулёзна пераправерыў гэты адказ, — прамовіў камп’ютар. — І гэта, клаву даю на адсячэнне, менавіта Той Самы Адказ. А каб ужо быць абсалютна шчырым з вамі, дык дадам, што праблема палягае ў тым, што вы самі не надта ведаеце, як гучыць пытанне».

Заўсёды памятайце, што трэба мець з сабой ручнік.

«Ручнік стала ўвайшоў у народную творчасць. Вось, да прыкладу, словы са старажытнай песні аўтаспыннікаў: “У касмапорт ты мяне на зары праваджала і ручнік вышываны мне на шчасце, на волю дала"».

І галоўнае: памятайце, што напісана на «Падарожнай кніжцы».

СПАКУХА, спадарства.

P.S. Пагугліце, як выглядае Павал у шапачцы з фольгі.

Святлана КУРГАНАВА

*Red herring (даслоўна — чырвоны селядзец,) — гэты англійскі фразеалагізм азначае адцягваць ўвагу або ўводзіць у зман. Выраз стаў распаўсюджвацца пасля напісанага ў 1807 годзе артыкула брытанца Уільяма Кобэта, дзе аўтар адказваў свайму палітычнаму апаненту. Па версіі Кобэта выраз red herring з’явіўся яшчэ тады, калі сабаку вучылі паляваць на зайца: гаспадар знарок збіваў сабаку са следу (а сабака, адпаведна, вучыўся «не губляць» зайца).

 

 

 

 

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.