Вы тут

Акцёр «Хрусталя»: У нейкія моманты ледзь не паралюш біў, што нешта ўпусціў


У мінскім пракаце ідзе самы гучны беларускі фільм апошніх гадоў “Хрусталь” Дар’і Жук. Пакуль гледачы абмяркоўваюць, наколькі даставерна карціна адлюстравала беларускія 90-я, мы сустрэліся з выканаўцай адной з самых цікавых роляў — жаніха Сцяпана. Іван Мулін — рускі, што сыграў беларуса — прыехаў у Мінск на прэм’еру карціны, якая адбылася ў кінатэатры “Масква” 29 жніўня, і сам паглядзеў “Хрусталь” упершыню.


— Ваш герой размаўляе на трасянцы, як вы рыхтавалі да здымак сваё вымаўленне?

— Я практыкаваўся, выкарыстоўваў некаторыя назіранні, цэлы шэраг з якіх у працэсе здымак быў скасаваны. Мне было страшна, часам я скочваўся ва Украіну, і Дашка (рэжысёр фільма Дар’я Жук —Аўт.) казала: “Эй, ты крыху паддаеш”. Мы стараліся гэта купіраваць. Проста спрабаваў, ужо непасрэдна падчас здымак у Беларусі падыходзіў да бабуль і пытаўся, як агучыць тое ці іншае слова, стараўся глядзець відэа і вытрымкі з беларускага фільма. Гэта было год таму і назва, на жаль, вылецела ў меня з галавы, але там быў персанаж, які размаўляў з ярка выяўленым акцэнтам. Я не стараўся яго “зняць”, таму што акцэнт — рэч такая выключна асабістая, але пастараўся сфарміраваць яго нажывую. Я ўбачыў шаблон і імкнуўся яго забыць, каб стварыць нешта сваё.

— Гучыць цікава — стварыць сваю беларускую мову. Але ўлічваючы, што ў фільме хапае карыкатурных элементаў, ваша гаворка ў любым выпадку гучыць арганічна.

— Шчыры дзякуй. Я вельмі перажываў менавіта на гэты конт, бо шэраг дэталяў я зразумеў толькі падчас здымак, калі непасрэдна камунікаваў з людам, што сапраўды размаўляюць з гэтым акцэнтам. Маленькія “ць” у канцы слоў, нейкія іншыя штукі — гэта ж усё вельмі тонкая матэрыя. У нейкія моманты мяне ледзь не паралюш біў, бо страшна, раптам па тваёй працы будзе бачна, што ты нешта недагледзеў і ўпусціў.

— Ваш персанаж, як і кожны персанаж у “Хрусталі”, у нейкім сынсе тыповы. Вам падаецца, фільм з яго героямі тычыцца толькі Беларусі альбо таксама асацыюецца з расійскай прасторай?

—Тут як атрымалася наданне нацыянальнай афарбоўкі гэтаму ўсяму… Гісторыя лакальная, мне падаецца. Лакацыя —Беларусь, усе героі адсюль жа, безумоўна, тут і пачынаюцца праблемы Беларусі 90-х гадоў. Але асабіста для маёй асі каардынат нацыянальна-палітычная структура была лішняй, як для акцёра, што выконвае ролю. У мяне быў шэраг задач, якія мы з Дашай паставілі адно аднаму, мянялі іх у працэсе здымак, і атрымалася нешта такое. У любым выпадку гэта адносіцца да прасторы не беларускай і не рускай, а да прасторы чалавека, таму што “Хрусталь” кажа пра людзей, прагу свабоды, перашкоды. Гэта звычайны чалавечы працэс, які адбываецца ў любой краіне, рана ці позна. То бок, у некага. Ну, ў некага не адбываецца. Проста тыя ж самыя праблемы ў Беларусі і Расіі вырашаюцца рознымі спосабамі.Тут жа стаіць візавы цэнтр, як перашкода, якая заганяе Велю Сароку ў такую сітуацыю. Нацыянальны вектар тут прысутнічае ў выглядзе спецыфікі часу, мясцовасці, збегу абставін.

— І ўсё ж, калі гэта, з вашых слоў, лакальная гісторыя, як сыграць беларуса 90-х, што жыве на перыферыі, каб гэта быў беларус, а не хто іншы?

— Я нават зараз складана разумею, чым адрозніваецца беларус, што жыве на перыферыі, ад рускага, што жыве на перыферыі. Хіба што “г” і “ч”, але ты проста ад нараджэння чуеш такое вымаўленне. Яны безумоўна адрозніваюцца, але праблемы ж тыя самыя. У іх ёсць то-сё, пятае, дзясятае, нос, рукі, сэрца, яны ўсё чуюць, бачаць, успрымаюць. Я нават не ведаю, як каментаваць нацыянальнае ў гэтым фільме. То бок яно безумоўна ёсць, але тое, як гэта ствараецца, — не маіх рук справа. Як казаў Панін, царства яму нябеснае, мы ж падманшчыкі, самазванцы. У гэтай карціне мы назвалі сябе беларусамі і калі нехта паверыў, гэта дорага каштуе.

— Раскажыце пра патрэбнасці вашага персанажа. Чаму ён увогуле жэніцца?

— Усё зараджаецца ў дзяцінстве: праблемы, комплексы ствараюць шаблон, з якога ты не можаш вылезці. Ты альбо неяк ускочыш, альбо, хутчэй за ўсё, не будзеш здымаць гэты камуфляж. Не можаш выклікаць дождж — палівай свой садзік. У яго сям’і ёсць пэўная мадэль: маці выйшла замуж за бацьку, яны жывуць, у іх дзеці, гэта нармальна. Так выхоўваюць, гэта ж 90-я, на гэтым трымалася дзяржава. Лагічны ўчынак сельскага мужыка — узяць у жонкі бабу і жыць сабе пажываць, часам водку папіваць.

— Ваш персанаж не закаханы і за дзень да вяселля здзяйсняе амаральны ўчынак.

— Ён жа мужчына. Зоны маралі розныя. Чалавек можа здрадзіць перад вяселлем, але выратаваць кацяня. Адно дазволена, а дазволіць памерці кату нельга. Усе мы людзі, а для Сцяпана гэта быў своеасаблівы хлапечнік. І сродак паказаць каштоўнасць гэтага вяселля, якое для майго героя галачнае.

— Кожны персанаж у фільме і станоўчы, і адмоўны адначасова. А што добрага ў вашым персанажы?

— Ну ён жа спрабаваў дапамагчы Велі, шчыра. Бог яго ведае. Тут адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі: адна матывацыя пераўтвараецца ў іншую і выліваецца ў тое, чым мы займаемся непасрэдна перад вяселлем. Такі нечаканы паварот, можна сказаць, імпульс, мой герой жа ўсё роўна кіруецца закаханасцю, можа быць, іншай якасці, але гэта хімія, цяга, натуральны працэс.

— Можна будаваць розныя здагадкі, што чакае галоўную гераіню, якая з’ехала з Хрустальнага. А што чакае тых, хто застаўся?

— Стабільнасць. Некаму трэба рубіць канцы, а ў некага гэтай прагі пошуку, пачынанняў няма. Не хачу казаць свабоды, гэта так зацёрта. У адной з рэцэнзій на “Хрусталь” было параўнанне з “Братам”. Я вельмі смяяўся, што было абароннай рэакцыяй, бо параўнанне з кіно Балабанава выклікае такія эмоцыі… прыемна ж, цябе ставяць у адзін шэраг з “Братам”, а гэта нешта загранічнае. Я быў у шоку. Але мне падаецца, гэта асацыяцыя ўзнікла з-за трэйлера, дзе ёсць сцэна ў аўтобусе.

— Рускамоўная прастора станоўча паставілася да фільма, я бачыла проста захопленыя рэцэнзіі.

— Ды заказныя, напэўна.

— Вы здымалі пад Мінскам, як будаваліся вашы будні ў гэты час?

— Паколькі ўдзельнікаў было шмат, людзі былі розныя, мы стварылі інтэрнацыянал. Каб усе разумелі, абвяшчаўся “куку-тайм”. Гэта калі за дванаццаць ты пачынаеш іншы ўзровень работы, нічога не разумеючы, у нейкім дзэне без сіл. Даша цудоўная — накіроўвала, нічога не ламаючы. Дзіўна. У чалавека дэбют, і ўнутры ты прымаеш рашэнне давяраць рэжысёру. Гэта ж часам не адбываецца ўвогуле. А тут усе балелі за справу, гэта адразу падкупіла. Ты пачынаеш глядзець у рот, хоць і не без сваіх унутраных блокаў і закавырак, але ў моманты, калі пазіцыі не сыходзяцца, усё роўна завальваешся ў бок Дашы. Я проста паверыў, што яна ведае, як рабіць. Сапраўды паверыў. Класна было.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».