Вы тут

Асіповіцкую Жорнаўскую эксперыментальную лясбазу добра ведаюць у Беларусі


На ўсю краіну такіх толькі тры — у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Гэта своеасаблівыя навуковыя цэнтры ляснога ведамства. У

Асіповічах, напрыклад, сур'ёзна займаюцца даследаваннем і аднаўленнем дуброў. Вопыт каласальны, эксперыментальнай базе больш за 90 гадоў.


— У склад нашай базы ўваходзяць Лапіцкае і Жорнаўскае лясніцтвы. Тут мы займаемся апрабаваннем тэхналогіі стварэння і вырошчвання складаных высокапрадукцыйных і ўстойлівых культур дуба чарэшчатага і лістоўніцы еўрапейскай. На сённяшні дзень мы маем больш за 50 навуковых аб'ектаў, якія занесены ў адмысловы рэестр. Яны неаднаразова дэманстраваліся на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных канферэнцыях, семінарах і нарадах па розных напрамках лесагаспадарчай навукі і практыкі, — кажа дырэктар Жорнаўскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі Руслан КАЗАЧОК.

На працу ў навуковы аддзел прыходзяць ужо добра падрыхтаваныя спецыялісты, як правіла пасля аспірантуры. Пад кіраўніцтвам прафесіяналаў яны вядуць назіранні, збіраюць важныя для лясной навукі даныя. Да іх паслуг багатая навуковая бібліятэка, сабраная папярэднікамі.

Загадчыца навуковага аддзела Хрысціна СТАРАЖЫШЫНА працуе на базе ўжо 10 гадоў, пад кіраўніцтвам свайго тутэйшага настаўніка нават дысертацыю напісала.

— Мы распрацавалі новы спосаб стварэння культур дуба — палосна-групавы, — кажа яна. — Пры такой схеме гэта культура хутчэй расце, яна больш устойлівая. Мы параўноўваем яе з культурамі, якія ствараюць па тыпавой тэхналогіі, і можам смела сцвярджаць: наша лепшая. Ёсць такая прымаўка, што дуб любіць расці ў футры, але з адкрытай галавой. Наша схема дазваляе стварыць футра на першапачатковым этапе росту, але пры гэтым мы не зацяняем верхавіну. Пры такой пасадцы атрымліваюцца цудоўныя дубровы. Няма тых зараснікаў, якія часта сустракаюцца ў іншых лясгасах. Нашым дубровам ужо больш за 30 гадоў. Кожныя 5-10 гадоў мы глядзім вынікі і параўноўваем іх. А яшчэ арганізоўваем семінары для работнікаў лясной гаспадаркі і навукоўцаў.

Вучоныя працуюць па плане, і галоўная ўвага ўдзяляецца перш за ўсё эксперыментальным пляцоўкам. Спецыялісты вымяраюць асветленасць, кантралююць рост, не дазваляюць цясніць дуб бярозам і асінам. А вось з клёнам і ліпай гэта дрэва вельмі добра сябруе. Ліпа наогул з'яўляецца яго біяагентам, павялічвае прадукцыйнасць. На тэрыторыі базы ёсць спецыяльна створаныя аб'екты, дзе дуб з ліпай суіснуюць ужо на працягу больш чым 80 гадоў.

— Тое, што мы апрабоўваем (у нас гэта ідзе як навуковая распрацоўка), потым укараняецца лясгасамі. Пакуль па дубровах у рэспубліцы ёсць пэўныя праблемы. Спадзяёмся, што дзякуючы нам плошча дуброў павялічыцца. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва, — адзначае Хрысціна Старажышына.

Клімат у апошні час змяняецца. Дэкаратыўныя пасадкі туі і іншых ядлоўцавых у горадзе добра прыжываюцца, ці не чакаць нам у будучыні нейкіх кардынальных змен з ляснымі пародамі?

— Тая ж лістоўніца таксама інтрадуцэнт, — супакойвае навуковы работнік. — У нас ёсць добры вопыт па вырошчванні насаджэнняў гэтай пароды. Але гэта дарагі пасадачны матэрыял.

— На тэрыторыі Асіповіцкага раёна лясы на 85 % ліставыя, — дадае дырэктар. — Елкі сапраўды сохнуць, а вось для дуба, алешыны, бярозы, асіны — умовы выдатныя. Але іх таксама трэба даглядаць, асабліва ў першыя гады жыцця. Праводзім адукацыю сярод тых, хто даглядае лес. Апошнім часам больш становіцца доследна-вытворчых лясніцтваў. Мы робім ім дакументы, пашпартызацыю. Яны самі ўжо могуць нейкі доследны аб'ект закласці і прааналізаваць, што трэба для захавання лесу. Мы іх, да таго ж, кансультуем. Што датычыцца дуброў, спецыялістаў, такіх як мы, па іх вырошчванні ў краіне няма. У Жорнаўскім лясніцтве ёсць нават 300-гадовая дуброва — гэта заказнік, адзін з унікальных прыродных аб'ектаў Беларусі. Не захапіцца яго прыгажосцю нельга. Мы падкажам, як стварыць не менш уражальную дуброву на сваёй тэрыторыі.

Загаловак у газеце: Дуброва на зайздрасць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?