Вы тут

Францыск Скарына (? — каля 1552)


Францыск Скарына — гонар беларускай нацыі. Ён сапраўдны феномен — гістарычны, культурны і проста чалавечы. Чалавек, пра жыццё якога мы ведаем даволі мала, але пра яго напісана вельмі шмат. Ён хіба не самы вядомы беларус у свеце. Юнак з купецкай сям'і «из славного града Полоцька» (як ён пазней адзначаў у сваіх кнігах) здолеў паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт і спасцігнуць таямніцы тагачаснай навукі, стаць сакратаром караля Дацыі (Даніі), уразіць сваімі пазнаннямі ўмудроных прафесараў славутага Падуанскага ўніверсітэта. У грамаце ад 9 лістапада 1512 года адзначалася: «Ён праявіў сябе настолькі слаўна і дастойна ў час гэтага свайго строгага экзамену, калі выкладаў адказы на зададзеныя яму пытанні і калі абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх вучоных без выключэння і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны». Грамату падпісалі 24 магістры. І ў далейшым пра Фрацыска Скарыну як пра выдатнага чалавека і культурнага дзеяча з пахвалой казалі надзеленыя высокай уладай асобы. Вось прускі герцаг Альбрэхт паведамляе 16 мая 1530 года віленскаму ваяводзе Альбрэхту Гаштольду аб прыездзе ў Кёнігсберг Францыска Скарыны, называючы яго «даравітым выкладчыкам», адзначаючы як ягоны «дзівосны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе са здзіўляючым бляскам і вопытнасцю». У 1532 годзе Скарыну ўзяў пад сваю асабістую апеку кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч, «лічачы вартай даверу дабрачыннасць, незвычайную вучонасць у мастацтве, медыцыне, дасведчанасць і ўменне». Зразумела, што такога высокага прызнання не мог заслужыць звычайны пасрэдны чалавек, нават магнат.

Гра­вю­ра з пра­жскіх вы­дан­няў Ска­ры­ны 1517 го­да.

Сапраўднай гістарычнай з'явай стала выданне Скарынам у 1517 годзе ў Празе першых друкаваных беларускіх кніг (і ўвогуле ўсходнееўрапейскіх). Далёка ад радзімы, без трывалай падтрымкі, без аднадумцаў, амаль у адзіночку ён пачаў вялікую справу. Ягоная асветніцкая дзейнасць яскравым метэорам расквяціла небасхіл тагачаснай беларускай культуры.

Пра Скарыну можна казаць як пра асветніка, які сваімі кнігамі даў «детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце»; вучонага-лінгвіста, які першы пераклаў Свяшчэннае Пісанне з царкоўнаславянскай мовы на размоўную мову народа — сваю родную, «наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил», як пра друкара-наватара, які выкарыстаў у кнігадрукаванні шэраг новаўвядзенняў — тытульны ліст і кампактны фармат кнігі; як пра мастака-дызайнера, які ўпрыгожыў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, застаўкамі, прыгожымі віньеткамі і ініцыяламі; як пра мысляра, які сцвярджаў гуманістычныя ідэі і праслаўляў творчую дзейнасць чалавека; як пра патрыёта, які ганарыўся сваім слаўным Полацкам; як пра медыка, які быў асабістым лекарам віленскага біскупа Яна; як пра батаніка, які даглядаў каралеўскі сад у Празе; як пра гандляра і нават авантурыста. І ён па-ранейшаму застаецца для нас загадкай. Ад Скарыны, як ад напасці, у 1525 годзе ўцякае з Вітэнберга сам бацька Рэфармацыі Марцін Лютэр. Нібыта доктар Францыск прыехаў у Вітэнберг зжыць Лютэра. Загадкавы эпізод з біяграфіі Скарыны. Загадкавы іншы выпадак, калі Скарына ў 1530-м з'ехаў з Кёнігсберга, звёўшы з сабой лекара і друкара, што выклікала прыкрасць у прускага герцага. Таямнічая паездка Скарыны ў Маскву, дзе публічна спалілі яго кнігі. Не яснай падаецца і гісторыя арышту Скарыны ў 1532 годзе за пазыкі ягонага брата Івана Скарыны. Як высветлілася, Францыск да братавых пазык не меў дачынення. Але відавочна выконваў таемныя даручэнні віленскага біскупа Яна — пазашлюбнага сына караля Жыгімонта Казіміравіча. Ці не таму кароль выдаў Скарыну прывілей на асаблівую каралеўскую ласку, вызваліў яго ад усіх павіннасцяў і гарадскіх службаў, забараніў усім саноўным умешвацца ў ягоныя справы, якія ні былі б яны важныя ці нязначныя. Якія мог справы шэрага кардынала ўрада Вялікага Княства Літоўскага выконваць Скарына? Як бачым, шмат чаго з жыцця Францыска Скарыны застаецца па-за ўвагай гісторыі, ахутана завесай таямніцы.

Феномен Скарыны праявіўся ва ўсім яго жыцці і дзейнасці. Ягоная цяга да ведаў — гэта праява духоўных патрэбнасцяў тагачаснага беларускага грамадства. Ягонае асветніцтва — гэта ўжо духоўная патрэба самога Скарыны быць карысным «людям простым, посполитым». Ягоныя кнігі сталі ўзорам для кнігадрукароў. Ягоныя думкі — узорамі філасофскага разумення чалавечага жыцця і прызначэння. Ягоная культурная дзейнасць далучыла беларускую культуру да еўрапейскай. Ягоныя гравюры — гэта своеасаблівыя мастацкія навелы аб тагачасным жыцці. Багатыя сімвалічнымі азначэннямі яны і дагэтуль прыцягваюць сваім схаваным сэнсам даследчыкаў. Філолагі вывучаюць найбагацейшы моўны пласт скарынаўскіх кніг.

Не будзе перабольшаннем, калі скажу, што з імем Францыска Скарыны беларусы выйшлі з гістарычнага небыцця, калі ў XVІІІ стагоддзі ягоная постаць прыцягнула ўвагу даследчыкаў. Ягонае імя сведчыла аб высокай культуры продкаў беларусаў. Яно стала ў ХІХ стагоддзі своеасаблівым паролем беларусаў у сусветнай культурнай прасторы, нашым гонарам у гісторыі. Яно прайшло з беларусамі драматычнае ХХ стагоддзе ў час змрочных рэпрэсій нацыянальнай культуры і гісторыі. Яго выкрэслівалі з гісторыі, але не змаглі выкінуць з яе. Зрэшты, даводзілася прызнаваць ягонае культурна-гістарычнае значэнне для ўсіх усходнеславянскіх народаў. Беларусам «дазволілі» мець Скарыну! Ягонае імя ўключылі ў падручнік па гісторыі СССР — адзінае, апроч Канстанціна Каліноўскага, імя беларуса. Але і гэтага было дастаткова для сведчання аб нашай гісторыі. З'явіліся мастацкія творы, прысвечаныя Скарыну, нават фільм «Я — Францыск Скарына» з маладым тады Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі. Нарэшце ў першыя гады незалежнай Рэспублікі Беларусь галоўны сталічны праспект (былы Ленінскі) называўся праспектам Францыска Скарыны, а цяпер яго імя носіць вуліца каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі, дзе стаіць і помнік першадрукару. Той, хто прысвяціў сябе пашырэнню сярод людзей «мудрости, умения, разуму и науки», варты не толькі пашаны, але і нашага гонару. І з далёкіх часоў гучыць яго мудры заклік: «Да совершен будет человек Божий и на всяко добро уготован!»

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».