21 Верасень, пятніца

Вы тут

Чэшырскія казкі


Як сказаў хтосьці са знакамітых: «Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца». Часам цалкам звыклыя кварталы, дамы, пад'езды дзівосным чынам пераўвасабляюцца пад уздзеяннем рук чалавека, яго творчага погляду і ідэй. І хочацца прыгадваць такія прыклады.


Дзі­ця­чая пля­цоў­ка  ка­ля Пей­заж­най ву­лі­цы ў Кі­е­ве.

Пачнём з самага проста — з пад'ездаў. Вельмі рэдка, але часам удаецца трапіць у такія, дзе проста дух захоплівае ад таго, якую прыгажосць можна ўбачыць навокал. Гэта як невялічкі хатні філіял музея. Ну, хіба што мастацтва тут можа быць прымітыўным — але ад таго яно не перастае быць мастацтвам. Адметныя вобразы, яркія колеравыя спалучэнні, часам нават дзіўныя фігуры. Шэра ў такім пад'ездзе дакладна не будзе. Нагледзеўшыся на буянства фарбаў, напэўна ж захочацца і ва ўласнай кватэры дадаць яскравых дэталяў, зрабіць у звыклым інтэр'еры новыя смелыя вырашэнні. Асяроддзе ўплывае на нас. Усведамляем мы гэта ці не.

Прыгажосць пачала з'яўляцца і звонку нашых шматкватэрных дамоў, на фасадах. Зрэдку можна пабачыць прыгожыя мазаікі, зробленыя некалькі дзесяцігоддзяў таму. І гэта — самыя сапраўдныя творы мастацтва, пакуль што ашчадна захаваныя часам.

У апошнія гады на гарадскіх дамах пачалі актыўна з'яўляцца муралы — вялікія выявы на сценах. Іх можна пабачыць у самых розных гарадах — і нават гэтым яны адметныя. У кожным населеным пункце прасочваюцца свае тэмы, агульныя вобразы. Нават не жывучы ў горадзе, а пабываўшы ў ім адзін раз, пабачыўшы такія адмысловыя графіці на сценах, пачынаеш лепш адчуваць атмасферу, уяўляць, чым тут жывуць, што першаснае і што важнае для гараджан.

Ужо колькі гадоў у беларускай сталіцы на сценах з'яўляюцца ўнікальныя муралы, вялізныя малюнкі памерам на ўсю сцяну шматпавярховіка. Іх ствараюць перыядычна дзякуючы арт-праекту Urban Myths. Яго аўтары запрашаюць замежных мастакоў, якія малююць работы ў залежнасці ад атрыманых уражанняў аб краіне: ніякіх эскізаў і падрыхтоўкі. У выніку ў іх атрымліваюцца сапраўды арыгінальныя выявы: з аднаго боку, яскрава прасочваюцца нашы нацыянальныя матывы, а з другога, яны пададзены ў цікавай сучаснай форме.

Неяк спрачаўся са мной адзін знаёмы і казаў, што мурал — гэта не мастацтва. Маўляў, часовая такая выява, не вечная, не пастаянная — куды ёй быць мастацтвам? Аднак па мне ўсё, што робіць жыццё людзей лепшым, — і ёсць мастацтва. І штосьці больш сучаснае і актуальнае ў мастацкай сферы цяпер складана знайсці.

Адметна, што муралы зазвычай ствараюць у спальных раёнах — мастацкіх музеяў і галерэі паблізу няма. Таму такія ўзоры творчасці, хай сабе і вулічнай, значна ўзбагачаюць тых, хто бачыць яе кожны дзень.

Не так даўно была ў Кіеве, наведала трохгадзінную экскурсію па ўкраінскай сталіцы. І найбольш уразіла мяне... дзіцячая пляцоўка! Знаходзіцца яна побач з Пейзажнай вуліцай. Праўда, гэта не самая звычайная пляцоўка. Малады ўкраінскі скульптар Кастусь Скрытуцкі перад тым як стварыць яе, доўга шукаў свой стыль. Спачатку рабіў скульптуры з дрэва. Знаходзіў і іншыя спосабы бюджэтнага стрыт-арту. Але ў выніку пачаў выкладваць мазаіку — і рабіць гэта не так, як іншыя, па-свойму.

Скрытуцкі зрабіў на дзіцячай пляцоўцы вялізныя галовы Чэшырскіх катоў і саму Алісу, якая нібыта сядзіць на пляцоўцы, Маленькага прынца і яго Ліса. Тут жа можна пабачыць лавачкі і горкі ў форме розных звяроў. Таксама сцяну ў выглядзе спіны ката. А на ўваходзе сустракаюць усіх маленькія трубадуры, якія сядзяць на вялізных стосах падушак. І ўсё навокал — гэта фігуркі, абліцаваныя маленькай рознакаляровай мазаікай. Так, на гэтай пляцоўцы, безумоўна, добра дзецям. Аднак дарослыя, якія ў рэальнасці зазвычай не сутыкаюцца з казкамі... тут адчуваюць сябе проста выдатна! Вось ён, чарадзейны свет, але свет рэальны.

Усё геніяльнае проста. Мы самі ствараем сваю рэальнасць. Упрыгожваем пад'езды, робім вялікія пано на ўсю сцяну. Часам укладваем кавалачкі душы ў дзіцячую пляцоўку ці кветнік пад акном. Усё проста. Усё так проста.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!