Вы тут

Асіповіцкае УКП «ЖКГ» працуе над стварэннем «вёскі будучага»


Асіповіцкае УКП «ЖКГ» працуе над стварэннем «вёскі будучага» і ўкараняе сучасныя тэхналогіі.


Таццяна БЫЛІНА дэманструе праектна-каштарысную дакументацыю на сучасную кацельную.

Сёння пытанні эканоміі ў краіне ў цэнтры ўвагі. Асабліва што датычыцца камунальных паслуг. Ну хто з нас зімой не войкаў ад лічбаў за цеплаэнергію? Па сутнасці, яны вельмі добра характарызуюць стан цеплагаспадаркі асобнага пастаўшчыка гэтай паслугі. Калі ён паклапаціўся, каб сістэма працавала менш стратна, тады і сумы для спажыўца больш прыемныя. Ва ўпраўленні ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама пра Асіповіцкае УКП адзываюцца як аб адным з найлепшых. Вось і зараз яны прапануюць адзін з прагрэсіўных на сённяшні дзень спосабаў вырабу цеплавой энергіі — на шчэпках з падачай паліва ў аўтаматычным рэжыме і дыспетчарызацыяй. Такіх кацельных у вобласці пакуль адзінкі.

Самі распрацавалі, самі зрабілі

Рэканструкцыя кацельнай аграгарадка Вяззе з заменай газавых катлоў на катлы, якія будуць працаваць на мясцовых відах паліва, у разгары. Ужо зманціравана практычна ўсё асноўнае кацельнае абсталяванне.

— Да 1 кастрычніка, спадзяёмся, наладзім падачу паліва на гэтай кацельнай, — дзеліцца планамі начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УКП «ЖКГ» Таццяна БЫЛІНА. — Яна будзе адбывацца аўтаматычна без удзелу персаналу. Гэта робіцца з мэтай зніжэння сабекошту адной гігакалорыі. Пры рабоце на газе яе кошт складае 160 рублёў, а пры рабоце на шчэпках у аўтаматычным рэжыме плануецца, што будзе каштаваць 92 рублі. Эканомія атрымліваецца за кошт адсутнасці абслуговага персаналу. Бо заработная плата ў агульным аб'ёме затрат складае ад 15 да 20 %.

Дарэчы, увесь гэты праект ад пачатку да канца зроблены ў сценах УКП. Суразмоўніца дэманструе тоўстыя папкі з чарцяжамі і разлікамі. Гэта праектна-каштарысная дакументацыя, распрацаваная сваімі спецыялістамі. Усё, на чым можна сэканоміць, тут улічана. Рэканструкцыя таксама вядзецца менш затратным шляхам — гаспадарчым спосабам.

— Пры будаўніцтве такім чынам эканомія бюджэтных сродкаў складае 20—30 %, — удакладняе начальнік аддзела. — Ёсць, праўда, некаторыя цяжкасці з фінансаваннем. У адрозненне ад падраднага спосабу мы працуем без грашовых паступленняў і не можам браць авансы на набыццё матэрыялаў. Работы вядуцца выключна за ўласныя сродкі. Толькі праз месяц мы маем магчымасць іх забраць. Але мы ўсё роўна ў выйгрышы. На новай кацельнай абслуговага персаналу спатрэбіцца мінімум.

Сёлета новая блочна-модульная кацельная з'явіцца і на базе школы ў аграгарадку Дараганава. Модуль будзе працаваць на пелетах, таксама ў аўтаматычным рэжыме і з дыспетчарызацыяй.

— Усё робіцца з мэтай зніжэння сабекошту, — удакладняе Таццяна Быліна. — На жаль, на пелетах сэканоміць так, як на шчэпках, не атрымаецца. Іх прыходзіцца набываць па дастаткова высокай цане. Але нават з улікам іх дарагавізны такі варыянт найбольш эканомны.

На гэтай кацельнай таксама можна будзе сэканоміць на абслуговым персанале. Працаваць на ёй будзе слесар, які абслугоўвае яшчэ адну дараганаўскую кацельную.

Работа ў новым фармаце

Раней Асіповіцкае УКП «ЖКГ» было выключна цеплаэнергетычным прадпрыемствам, але з 2016 года да яго далучылі шмат іншых. У выніку прадпрыемства цяпер адказвае за бягучы і капітальны рамонт жылфонду, тэхнічнае абслугоўванне, вываз цвёрдых камунальных адходаў, збор другасных матэрыяльных рэсурсаў і шмат што іншае. На яго балансе знаходзяцца могілкі, палігон ЦКА. Ёсць нават дзве рытуальныя крамы і ўчастак па вырабе вянкоў.

Пасля рэарганізацыі ў прадпрыемства з'явілася магчымасць аказваць дадатковыя платныя паслугі. Іх тут цэлы спіс, пачынаючы ад замены батарэй, вокнаў, дзвярэй, заканч-
ваючы афарбоўкай, электрыкай. Для юрыдычных асоб выконваюцца сантэхнічныя, электрамантажныя, праектныя і рамонтна-будаўнічыя работы. УКП сёння прапаноўвае гасцінічныя паслугі, вырабляе аконныя блокі, абслугоўвае вулічна-дарожную сетку.

— Лягчэй сказаць, чаго мы не робім, — усміхаецца начальнік планава-эканамічнага аддзела Таццяна САФОНЦАВА. — Акрамя водазабеспячэння, здаецца, усё. Як той казаў, любы капрыз — за вашы грошы. Нашы паслугі на некалькі лістоў распісаны. Мы і самі сэканомілі на паслугах, якіх раней у нас не было, і мы іх заказвалі. Працуем з поўнай самааддачай. Рэнтабельнасць ад работы прадпрыемства за паўгода склала
6,9 % (летась была 5,9). Але даходная частка ўсё роўна пакуль вымушае жадаць лепшага. Прыбытак прыносіць толькі цеплавая энергія. Што датычыцца астатняга, работы даводзіцца выконваць за ўласныя сродкі. А іх на ўсё не хапае. Балючым пытаннем застаюцца дарогі. Але прадпрыемства штодзённа працуе над пытаннем па зніжэнні затрат.

На сённяшні дзень сярэдняспісачная колькасць працуючых ва УКП «ЖКГ» складае 739 чалавек. У параўнанні з мінулым годам іх стала меней на 36 чалавек. Тая ж аўтаматызаваная кацельная дазваляе паменшыць колькасць абслуговага персаналу на 5-6 работнікаў. Аптымізацыя адбываецца галоўным чынам з-за сыходу на адпачынак пенсіянераў.

Адзін са спосабаў зніжэння страт — замена цеплавых сетак. Штогод атрымліваецца замяніць 4 % трубаправода ад яго агульнай працягласці. Гэта прыкладна 5-6 кіламетраў на год. На пачатак жніўня ў Асіповічах было заменена каля 2 кіламетраў цеплавых сетак, яшчэ 1,5 кіламетра знаходзіліся ў стадыі замены. У планах прадпрыемства да канца года дасягнуць запаветнай лічбы — знізіць цеплавыя страты да 11 %.

Кіраўнік прадпрыемства Дзмітрый КУЛАКОЎСКІ.

Акцэнт на добраўпарадкаванне

Сёння частка работнікаў УКП працуе ў пасёлку Татарка, дзе ствараецца так званая вёска будучага. На прыдамавых тэрыторыях уладкоўваюцца пешаходныя дарожкі і праезды, прыводзіцца ў належны стан вулічнае абсталяванне, устанаўліваюцца дзіцячыя гульнявыя атракцыёны — іх купілі за сродкі, прадугледжаныя абласной праграмай. Фарбуюцца фасады дамоў, робяцца адмосткі — пасёлак прыгажэе на вачах.

— Работы вядуцца з чэрвеня і пад пільным кантролем мясцовай улады, — удакладняе намеснік дырэктара УКП «ЖКГ» Міхаіл БЕЛЫ. — Раз на месяц у Татарцы праводзяцца нарады з удзелам прадстаўнікоў раённай і абласной улады. Выказваюцца заўвагі, карэктуецца працоўны працэс. Гэта вельмі важны для нас аб'ект і адказны, бо працаваць на карысць сваёй малой радзімы заўсёды прыемна. Пасля Татаркі возьмемся наводзіць парадак у пасёлку Ялізава. Гэта два населеныя пункты, якія маюць вялікую гісторыю і адыгрываюць у жыцці Асіповіцкага краю вельмі важную ролю.

Загаловак у газеце: На карысць малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».