Вы тут

Ялізаўскі шкляны завод зноў працуе на поўную магутнасць*


Сёння ялізаўскі шкляны завод зноў працуе на поўную магутнасць. Прадпрыемства, якое апошнія два гады знаходзілася ў стадыі банкруцтва, атрымала новае жыццё. Зараз гэта філіял Гродзенскага шклозавода. Лета — гарачая пара, слоікі нарасхват. Кансервуюць і хатнія гаспадыні, і заводы. Попыт на бутэльку не меншы, яна таксама доўга на складзе не затрымліваецца. Наколькі тут выпускаюць запатрабаваны тавар, відаць і па чарзе з грузавікоў. Бывае адначасова па 40 і болей машын.


Дырэктар Дзяніс ЮРЧАНКА: «Мы гатовы разглядзець любыя вашы прапановы»

Па еўрапейскіх стандартах

— Пад назвай «Гродзенскі шклозавод «Філіял Ялізава» мы працуем з мая гэтага года, — расказвае дырэктар Дзяніс ЮРЧАНКА. — Дзякуючы гродзенскаму вытворцу завод нават ні на хвіліну не прыпыніў сваю работу. Усе яго работнікі — а гэта 520 чалавек — былі прыняты па кантрактах на «Філіял Ялізава».

Завод выпускае каля 120 відаў слоікаў і бутэлек. Намінал слоікаў ад 100 грамаў да двух літраў, але існуе шмат ахвотных ідэнтыфікаваць свой слой. Атрымліваецца, што слоік па аб'ёме стандартны, але адрозніваецца па надпісе. Таксама і з бутэлькамі. Дастаткова ўспомніць брэнды, якія ўжо на слыху, — «Сваяк», «Бульбаш», «Крышталь» і гэтак далей.

На сцяне дырэктарскага кабінета міжнародныя сертыфікаты — прадпрыемства актыўна пастаўляе сваю прадукцыю ў краіны Прыбалтыкі, Польшчу, Украіну. Але перш за ўсё тут імкнуцца запоўніць беларускі рынак. Завод у Ялізава — адзіны ў краіне вытворца слоікаў.
І адзіны, хто выпускае прадукцыю з белага шкла. Гродна, напрыклад, спецыялізуецца на зялёным шкле, Гомель — на карычневым.

З 10 мая філіял пачаў самастойна шукаць рынкі збыту, тут адкрыўся аддзел продажу, якога раней ніколі не было. Ялізаўскую тару рэалізоўвала асобная арганізацыя.

— Мы плануем працаваць непасрэдна са спажыўцом, цалкам адысці ад пасярэдніка, — кажа дырэктар. — А яшчэ збіраемся па максімуме пашырыць радыус рэалізацыі нашай прадукцыі і больш павысіць яе якасць. Аднак і зараз на яе няма нараканняў. Неяк адзін кліент прызнаўся, што наш слоік хоць і даражэйшы ў параўнанні з расійскім, затое праблем у рабоце з ім не ўзнікае.

На завод паступае шмат прапаноў па выпуску шкляных вырабаў, якіх пакуль няма ў асартыменце.

— Мы разглядаем усе прапановы, — адзначае дырэктар. — Наша вытворчасць дастаткова гнуткая. Цяпер вось вырабляем лампады, якія ідуць на Еўропу. Вядуцца перагаворы па вырабе шклянак таго ж Маліноўскага. Калісьці мы іх ужо рабілі.

Алег ГЕРБАЧ дэманструе эксклюзіўны варыянт бутэлькі.

Майстры шкляной справы

Экскурсія па заводзе — працэс захапляльны. У вялікіх печах пры тэмпературы вышэй за 1500 градусаў з бясформеннай масы нараджаюцца звыклыя нашаму воку слоікі і бутэлькі.

— Калі змяшаць соду, даламіт, пясок і астатнія кампаненты, атрымліваецца шыхта — асноўны матэрыял для вырабу шкла. Плюс дадаецца каля 40 % шклабою. Ён больш легкаплаўкі, і трэба меней газу, каб шыхта плавілася, — інструктуе па дарозе намеснік дырэктара па тэхнічных пытаннях Алег ГЕРБАЧ.

Кіраванне печчу вядзецца ў аўтаматычным рэжыме з аператарскай. У Аляксандра Маліноўскага штучная прафесія — ён шклавар, на гэтай пасадзе 12 гадоў. На заводзе працуюць таксама яго бацькі і сястра. Азы прафесіі спасцігаў у расійскім горадзе Гусь-Хрустальны, потым праходзіў стажыроўку на родным прадпрыемстве. Цяпер ён прафесіянал.

Пад наглядам Аляксандра ствараецца шкламаса, з якой потым будзе выдзімацца гатовы прадукт. Гэты працэс таксама цалкам аўтаматызаваны. Пасля шкляны выраб праходзіць загартоўку ў печцы абпальвання і трапляе на транспарцёр. Каб гарачае шкло не трэснула ад рэзкага перападу тэмператур, на яго перыядычна «дыхаюць» полымем. Аператары тым часам наносяць адмысловую змазку на формы, адкуль сходзіць крохкі тавар, каб шкламаса не наліпала на метал. Збоку ўсё гэта выглядае як невялічкае фаер-шоу.

Цікава, што шклаварная печ з моманту запуску не прыпыняецца ні на хвіліну да самага рамонту. А гэта адбываецца прыкладна раз у восем гадоў! За суткі на заводзе вырабляецца 290 тон шкла! І летам гэтага не заўсёды хапае!

У адным з цэхаў Алег Гербач звярнуў увагу на тое, што ён ацяпляецца ад печы абпальвання. У будучым плануецца забяспечваць «пячным» цяплом і гарачай вадой усё прадпрыемства. Гэта дазволіць адмовіцца ад паслуг існуючай кацельнай.

— Налета плануем запусціць цэх, дзе будзем рабіць «аблегчаную» бутэльку па абсалютна новай тэхналогіі. А яшчэ збіраемся мадэрнізаваць цэх упакоўкі, — дзеліцца найбліжэйшымі планамі суразмоўнік.

​У музеі хапае рэдкіх экспанатаў.

Больш за сто гадоў гісторыі

16 верасня заводу ў Ялізаве спаўняецца 105 гадоў. У тутэйшым музеі захоўваецца ўся яго гісторыя са дня ўтварэння. Цяпер працэс вытворчасці шкляной тары цалкам механізаваны, а раней шкляныя рэчы рабіліся ўручную. Чаго тут толькі не стваралі — чарніліцы, газоўкі, нават мухалоўкі...

— Калісьці ў Ялізаве быў закладзены драўляны палац у гонар Елізаветы Вялікапольскай, а на месцы цяперашняга завода была пабудавана лесапільня, — вяртае ў мінулае памочнік дырэктара Вольга ГАЛАЦЭВІЧ. — Шкляны завод запрацаваў тут у 1913 годзе. Гэта месца выбралі таму, што было зручна дастаўляць сыравіну па рацэ. Захаваўся дакумент, які сведчыць пра запуск завода.

У музеі можна ўбачыць і шкло, якое выдзімалася больш за 100 гадоў таму. Яно тоўстае і, у адрозненне ад сучаснага, зеленаватага колеру. У 1928 годзе завод выпускаў нават слоікі для крэмаў. Адзін з такіх рарытэтаў прынёс на завод мясцовы жыхар. На вочы трапіў шкляны сіфон. Аказваецца менавіта тут выпускалі папулярныя на ўвесь Савецкі Саюз прыстасаванні для хатняй газіроўкі! Іх яшчэ зараджалі ў спецыяльных пунктах. Ёсць фота з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які наведаў прадпрыемства двойчы — у 2002 і 2006 гадах, калі тут запускаліся цэхі. Гэты год таксама выдаўся для ялізаўскага завода знакавы. Яго адраджэнне стала знамянальным і для самога пасёлка. Пятая частка насельніцтва працуе менавіта тут. І шмат хто сем'ямі. Сёння ў іх ёсць цвёрдая ўпэўненасць у будучым. Так што гісторыя працягваецца...

Кантакты аднаго з вядучых вытворцаў шкляных вырабаў у краіне шукайце на сайце.

УНП 701485728

Загаловак у газеце: Новае жыццё ялізаўскага слоіка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.