Вы тут

Тэа і Вольга Рыжыкава: “Мы знаёмыя ўсё жыццё”


Яны, напэўна, адна з самых яркіх пар беларускага тэлебачання. Сёння Вольга Рыжыкава і Тэа будзяць сваім аптымізмам і добрым настроем усю краіну ў эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1», разам спяваюць і здымаюць сумесныя кліпы. Пра тое, хто галоўны ў сям'і, пра сумесны адпачынак і рэўнасць з-за паклоннікаў і паклонніц артысты расказалі нашай рэдакцыі.


— Ці дапамагае ў працы тое, што вы разам не толькі на экране, але і ў жыцці?

Тэа: У тым, што менавіта сямейная пара знаходзіцца ў прамым эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», ёсць правільны канэкт з аўдыторыяй — сем'ямі, якія пачынаюць свой дзень разам з намі. Таму мы часам дазваляем сабе жарты сямейнага характару, прапускаем нейкія сітуацыі праз уласны досвед. Дарэчы, мы сапраўды разумеем адно аднаго з паўслова.

Вольга: А я дадам, што нам прасцей, у параўнанні з іншымі вядучымі, у плане абмеркавання строяў, сцэнарыяў: мы можам рабіць гэта дома.

Тэа: У рэшце рэшт, у Волі не ўзнікае пытанняў, куды так рана ідзе яе муж. (Смяецца.)

— А ці цяжка прачынацца рана?

Тэа: Шчыра кажучы, калі б мы былі вядучымі праграмы «Добры вечар, Беларусь!», гэта было б больш зручна. У нашай сям'і першай прачынаецца Воля, а ў мяне з гэтым праблемы. І калі б не яна, я б некалькі эфіраў праспаў дакладна.

Вольга: Прывыкнуць да такога графіка — ранняга эфіру праграмы — складана да гэтага часу, бо ёсць яшчэ і іншыя заняткі. Калі б мы працавалі толькі ў «Добрай раніцы, Беларусь!», тады, вядома, можна было б прыстасавацца і засынаць, напрыклад, у 8-9 гадзін вечара. Таму і для мяне, і для Юры гэта заўсёды экстрэмальны пад'ём.

— Як адпачываеце ад працы?

Тэа: Для мяне самае лепшае — гэта сон. А яшчэ я лічу, што часам трэба ладзіць «лянівыя дні», каб аднавіць свае сілы. Калі ты проста праводзіш час перад тэлевізарам — звычайна мы яго не глядзім, на гэта проста няма часу, але ў такія дні — чаму б і не.

Вольга: У нас ёсць такое паняцце — «наша нядзеля». З'явілася яно, калі мы з Тэа пажаніліся. Да гэтага, шчыра кажучы, на нядзелю я часта прызначала здымкі, інтэрв'ю і рэдка калі адпачывала.

Зараз жа, нават калі муж вырашае паспаць, я магу сустрэцца з сяброўкамі, прайсціся па крамах. Для мяне нявыхад з дому цягам дня-двух пагражае адчуваннем таго, што я прапускаю нешта важнае.

Дарэчы, у Тэа ёсць адзін від адпачынку, у якім я наогул не ўдзельнічаю, — гэта рыбалка на Прыпяці.

Тэа: Я не з тых людзей, хто хацеў бы пабудаваць дом у глухім лесе і з'ехаць туды жыць. Але я вельмі люблю прыроду. Мяне сапраўды ўражвае Нацыянальны парк «Прыпяцкі». І еду я туды не столькі па рыбу, колькі для таго, каб атрымаць асалоду ад усяго, што мяне акружае.

— Якое ў вас хобі?

Вольга: Калісьці я пісала вершы, і яны, а таксама спевы, былі маімі захапленнямі. Зараз жа гэта частка маёй працы. Любім у вольны час катацца на веласіпедах. Мінулым летам вандравалі ад парку Перамогі да Чыжоўкі.

— Вы кантактавалі адно з адным і да таго, як сталі парай. А як зразумелі, што гэта каханне?

Вольга: О, я хацела б паслухаць... (Смяецца.)

Тэа: Сапраўды, мы бачыліся вельмі часта па працы на працягу многіх гадоў. І мне складана дакладна сказаць, калі менавіта гэта здарылася... Хоць у Волі, напэўна, ёсць на гэта пытанне адказ з дакладнай датай: «Вось у той дзень ён неяк па-асабліваму на мяне паглядзеў!»

Вольга: Як творчая асоба і музыкант Тэа спадабаўся мне з першай сустрэчы. Але я ніколі не магла ўявіць, што ён можа быць спакойным сямейным чалавекам. Юра здаваўся мне...

Тэа: ...разгільдзяем!

Вольга: ...вясёлым, лёгкім, але легкадумным. Памятаю, я яшчэ думала тады: “Вось калі дамовіцца з ім аб спатканні, ён жа забудзе пра яго!”

Тэа: А Воля мне падалася падчас знаёмства юнай і вельмі адказнай. Яна заўсёды сачыла за тым, ці адправіў я запіс, ці зрабіў тое, што абяцаў.

— Калі вы пачалі сустракацца, потым пажаніліся, ці змянілася ваша творчасць? Ці сталі сумесныя песні больш рамантычнымі?

Тэа: Адназначна. У дуэтах зараз адлюстроўваецца наша з Воляй гісторыя, настрой, у якім мы цяпер знаходзімся. Пісаць пра тое, што ты на самай справе адчуваеш, заўсёды больш цікава для слухача, бо гэта ўсё сапраўднае, не выдумка.

Вольга: Цяпер было б дзіўна пачуць ад нас з Тэа дуэтную песню пра разбітае сэрца. Наогул, у Тэа вельмі мала сумных кампазіцый.

Тэа: Я не люблю пакутаваць. Люблю добрыя пазітыўныя эмоцыі. Праблем у жыхароў планеты больш чым дастаткова. Таму музыка павінна быць скіравана на тое, каб падняць настрой.

— Ёсць меркаванне, што супрацьлегласці прыцягваюцца. У вас здарылася гэтак жа?

Тэа: Гледзячы ў чым. Калі казаць пра музыку, то ў нас зусім розныя музычныя густы, як гэта ні дзіўна. Тое, што падабаецца мне, як правіла, не падыходзіць Волі. Я люблю ацэньваць кампазіцыю, наколькі яна актуальная ці ў трэндзе. Волі ж песня проста падабаецца ці не падабаецца. І ў гэтым няма нічога дрэннага.

Вольга: Мне падабаюцца як новыя песні, так і старыя, якія звычайна любяць людзі старэйшага ўзросту. Часам Юра нават кажа: «Табе колькі гадоў?» Нашыя густы разыходзяцца, дарэчы, і ў ежы...

Тэа: Воля прывучыла мяне да салатаў. Я заўсёды думаў, што салата — гэта калі ў вялікай талерцы намяшана шмат гародніны, якая запраўлена, напрыклад, смятанай. Пасля жаніцьбы я зразумеў, наколькі памыляўся. Цяпер ем салаты з рукалы, палюбіў сельдэрэй.

Вольга: Што датычыцца нейкіх жыццёвых пазіцый і разумення дабра і зла, тут мы заўсёды сыходзімся ва ўсім. У мяне і ў Юры нават сем'і падобныя. У кожнага з нас ёсць старэйшы брат. І ў нейкіх сваіх дзіцячых успамінах у нас шмат агульнага, мы адно аднаго разумеем. Нашыя з Тэа бацькі аднойчы сказалі, што ёсць такое адчуванне, быццам мы знаёмыя ўжо вельмі даўно, ледзь не ўсё жыццё.

— Хто галоўны ў вашай сям'і?

Тэа: У нас абсалютная дэмакратыя. Усе спрэчныя пытанні мы заўсёды абмяркоўваем. Лічу, што так і павінна быць.

Але вось зараз дам параду мужчынам: пры ўсім вашым вопыце і важкіх аргументах трэба не забывацца пра жаночую інтуіцыю.

— Напэўна, у кожнага з вас шмат паклоннікаў і паклонніц. Ці раўнуеце адно аднаго?

Тэа: Усё залежыць ад артыста, ад таго, як ён сябе пазіцыянуе і паводзіць. Калі паказвае, што адкрыты да любых учынкаў з боку паклонніц, — гэта адна справа. Я ж выбіраю варыянт правільнага выстройвання стасункаў, першапачаткова пазначаю межы. Але калі шчыра, то ў адносінах да сябе якіх-небудзь незвычайных сітуацый, звязаных з паклонніцамі, я і не ўспомню.

Вольга: Напэўна, пасля вяселля іх стала менш... (Смяецца.) Я магу сказаць, што, калі толькі пачалі сустракацца (а мы доўга хавалі гэта, не афішавалі), безумоўна, тады актыўнасць паклонніц і паклоннікаў была значна вышэйшая, чым зараз. Сёння ж, напрыклад, фан-клуб, які быў калісьці фан-клубам Тэа, стаў і маім. Я неяк так арганічна ў яго ўлілася. Нас абаіх віншуюць са святамі, разам запрашаюць на сустрэчы.

Наконт рэўнасці скажу, што трэба давяраць, але трымаць вуха востра, бо ў Беларусі, я лічу, жывуць самыя прыгожыя дзяўчаты. Дарэчы, гэта стымулюе мяне трымаць сябе ў форме. Таму скажу, што рэўнасць павінна быць, але здаровая, без хваравітых праяў. Бо, напрыклад, калі Тэа тэлефануе мне і гаворыць, што зараз на здымках і не ведае, калі яны скончацца, я ўспрымаю гэта нармальна. Мы абое артысты і разумеем нейкія моманты, звязаныя з нашай прафесіяй.

Ганна БАГІНО

Фота з архіва Юрыя ВАШЧУКА

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».