Вы тут

Навіны Белпошты


Урачыстая цырымонія памятнага гашэння спецыяльнага канверта да XXV Дня беларускага пісьменства адбылася ў Іванаве.

Мастацкі канверт аддрукаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі тыражом у 20 тысяч экзэмпляраў. Ён упрыгожаны эмблемай свята і гербам Іванава, які ўяўляе сабой варажскі шчыт, на блакітным фоне якога намаляваны сярэбраны храм, размешчаны паміж рагамі залатой падковы. Арыгінальная марка намаляваная ў выглядзе некалькіх кніг, скруткаў, запаленай свечкі, гадзінніка і чарніліцы з пяром. У левым ніжнім куце адлюстравана цэнтральная плошча Іванава з Пакроўскай царквой, Крыжаўзвіжанскім касцёлам і будынкам райвыканкама.

Цырымонія гашэння спецыяльным штэмпелем мастацкага маркіраванага канверта, якую правялі намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс і старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун, прайшла каля павільёна РУП «Белпошта» на цэнтральнай плошчы горада.

Акрамя таго, была пагашана марка «Герб Іванава». Яе тыраж складае 54 тысячы экзэмпляраў. Марка папоўніла серыю «Гербы гарадоў Беларусі».


Зараз у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе праходзіць пазачарговы кангрэс Сусветнага паштовага саюза. Ён будзе доўжыцца да 7 верасня. На афрыканскі кантынент адправілася беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Наталляй Гардзеенкай. Усяго ж у Адыс-Абебе знаходзяцца дэлегаты з 192 краін свету.

Сусветнаму паштоваму саюзу — 144 гады. Але гэты пазачарговы кангрэс, які арганізаваў урад Эфіопіі разам з Сусветным паштовым саюзам, стаў усяго другім у гісторыі. На ім абмяркоўваюцца рэформа саюза і адаптацыя пошты да асаблівасцяў сучаснага свету. У тым ліку — беручы пад увагу змены, якія адбываюцца ў патрэбах кліентаў і ў паштовым асяроддзі ўвогуле. Свае прапановы ўнясе і наша дэлегацыя.


Белпошта працягвае друкаваць маркі, прысвечаныя відам, якія сустракаюцца ў беларускай флоры і фаўне. На гэты раз на друкарскі станок трапілі выявы трох відаў яшчарак, якія можна сустрэць у нашай краіне. Гэта яшчарка порсткая, жывародная і вераценніца ломкая. Аўтар дызайну — Марына Віткоўская. Мастак — Аляксандр Міцянін.

Яшчарку порсткую бачылі ўсе. У яе светлы ніз жывата, а на спіне ёсць палосы. У выпадку небяспекі яшчарка тут жа адкідвае свой хвост. Вылучаецца вельмі рэзкімі рухамі. Жывародная яшчарка, у адрозненне ад порсткай, не адкладвае яйкі ў зямлю, а носіць іх у сабе. А вось вераценніцу ломкую, на жаль, вельмі часта блытаюць з атрутнай змяёй мядзянкай з-за моцнага падабенства і стараюцца знішчыць. Хоць сама яшчарка людзей не баіцца і добра прыручаецца. З-за гэтага яна ўжо трапіла ў Чырвоныя кнігі многіх расійскіх рэгіёнаў.

Маркі аддрукаваны тыражом па 75 тысяч экзэмпляраў кожная. Акрамя таго, яны выйшлі і ў малым лісце. Яго тыраж — 20 тысяч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».