Вы тут

З чаго пачыналася Ільінка


165-ы дзень нараджэння адзначыла сяло Новае Ільінскае, заснаванае беларусамі ў Заураллі.


Беларусы на свяце ў Нова-Ільінскім

Чытачы газеты ведаюць: у Петухоўскім раёне Курганскай вобласці расійскага Зауралля ёсць вёскі, заснаваныя беларускімі перасяленцамі. Людміла Урванцава з Кургана паведаміла ў рэдакцыю: 2 жніўня, на Ілью, як кажуць у беларусаў (у расіян гэта Ильин день) тамтэйшае сяло Новае Ільінскае адзначала 165-ы дзень нараджэння. І ў той жа дзень жыхары яго прымалі ўдзельнікаў тэрытарыяльнага этапу тэлеконкурсу каляндарных святаў народаў Зауралля, прысвечаных 75-годдзю Курганскай вобласці. Паўдзельнічаў у свяце й гурт беларускай песні “Журавачка” з Нацыянальнага культурнага цэнтра “Батькавщина”: гэта Курганская абласная грамадская арганізацыя. Ды яно й зразумела: свае ж да сваіх заўсёды цягнуцца.

Вядучыя свята расказвалі пра гісторыю паселішча: як з-за малазямелля ды неўраджаяў цяжка жылося даўней сялянам вёскі Кітава Максюцінскай воласці Себежскага павета Віцебскай губерні. Сабраўшы грошы, яны ў 1850-м адправілі Мацвея Гвоздзева хадаком у Сібір. Хадзіў, кажуць, доўга, Калі ж вярнуўся, то расказаў: ёсць за Каменным поясам (Уральскімі гарамі) вялікае салёнае возера. Лясы там непраходныя, аднак жа месца для жыцця — падыходнае, нікім не занятае. Параіліся людзі (а былі гэта этнічныя беларусы), запраглі коней, пасадзілі ў вазы дзяцей ды рушылі ў далёкую дарогу. І толькі ў 1853-м, кажуць, прыйшлі самаходам на новае месца жыхарства. Лагчыну, якая з усходу падбягала да возера, запрудзілі ды селішча назвалі: Пруды. На пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы было 185 двароў і 1079 чалавек.

Абжывалася вёска, мацнела. З’явіліся там і царква (1905), і школа (1908). На пачатку ж ХХ стагоддзя ў вёску прыязджаў каморнік (землеустроитель), нарэзалі зямлю ў ваколіцах: па 15 дзесяцін на мужыка. Тады ж каморнік Ілья Аташланаў і нанёс паселішча на карту ды назваў яго: НоваІльінскае. З таго часу яно так і называецца.

Былі на свяце і стравы беларускай кухні, і этнаграфічная экспазіцыя “Белорусская изба”. На ўрачыстасці ж кіраўніца мясцовай адміністрацыі Алена Акімава казала, што гэтае сяло — будзе жыць: “І ўсіх яднае наша Ільінка, гасцінная і дабрадатная зямля”.

Франц ЯЦКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.