Вы тут

І ў Сібіры мы – суродзічы


Актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага сустракалі ў сябе госця з Цюмені: навукоўца Рамана Фёдарава, у якога таксама ёсць беларускія родавыя карані


 У ліпені ў Іркуцку пабываў даследчык, кандыдат філасофскіх навук Раман Фёдараў. Ён працуе старшым навуковым супрацоўнікам у Цюменьскім навуковым цэнтры Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. (Якое, дарэчы, з восені мінулага года ўзначальвае акадэмік Валянцін Пармон: таксама этнічны беларус — хоць і нарадзіўся ў Германіі, дзе служыў ягоны бацька. — Рэд.). У сувязі з гэтым разважалі мы: беларусы па ўсёй велізарнай Сібіры жывуць — а вось не губляюцца на яе прасторах, сустракаюцца. Хоць між нашым Іркуцкам і Цюменню звыш 3000 кіламетраў. Галоўнае ж, мусіць, мець пачуццё нацыянальнай роднасці, быць адкрытымі для кантактаў — і цікавымі для іншых. Як вядома, нашы суродзічыбеларусы, супляменнікі жывуць у многіх краінах, і культура беларуская перадаецца паўсюль з пакалення ў пакаленне: дзе толькі ў сямейным коле, а дзе й праз беларускія суполкі таксама. Беларусы ў шматнацыянальным Іркуцку не згубіліся — мы маем тут сваё месца пад сонцам, у тым ліку й дзякуючы беларускім грамадскім суполкам.

Думалі: як сустрэць госця, што яму паказаць? “Іркуцк — горад з багатай гісторыяй, жыве цяпер у хуткім рытме, у сваёй “дынаміцы” — што ж, пакажам яго такім, — разважала Алёна Сіпакова, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. — Пакажам таксама іркуцян: як людзей адкрытых і гасцінных, па-купецку кемлівых”. А ўвогуле мы гасцям заўжды рады, бо, як кажуць беларусы, хата гасцямі багата.

У Іркуцк Раман Юр’евіч прыязджаў у навуковую камандзіроўку: ён вывучае жыццё беларускіх перасяленцаў у Сібіры. Зацікавіўся гэтым не выпадкова: продкамі яго “па кудзелі”, гэта значыць па мамінай лініі, былі беларусы з Мінскай губерні. Даследчык ужо трохі знаёмы з Іркуцкам, ведаў раней і пра гасцінных, сяброўскіх людзей з ІТБК. Таму мы прапанавалі яму, як вандроўнаму беларусу, пачаць збор матэрыялаў з этнарэсторана “Беларуская Глеба”, што на вуліцы Карла Маркса, 26. Там створаны ціхі ўтульны куток у беларускай стылістыцы, што нагадвае нам пра далёкую зямлю продкаў. У рэстаране сытна й смачна гатуюць па рэцэптах, якія захавалі беларусы і ў Сібіры.

Пасля вячэры, душэўнай размовы гулялі мы з госцем па гістарычных мясцінах, адміністрацыйным цэнтры горада. Раман Фёдараў казаў, што яму падабаецца вывучаць гісторыю асваення Сібіры. Яго кандыдацкая прысвечана была вывучэнню культурнага значэння гістарычных маршрутаў асваення Сібіры, называлася: “Освоение Урала и Западной Сибири как социокультурный процесс: структура, коммуникации, ценности”. У апошнія 10 гадоў яны з калегамі правялі шэраг этнаграфічных экспедыцый на тэрыторыі 12 рэгіёнаў Урала, Сібіры і Далёкага Усходу, у якіх жывуць нашчадкі беларускіх сялянперасяленцаў канца XІX — пачатку ХХ стагоддзяў. Даследчык удакладніў: самы заходні з іх — Башкірыя, самы ўсходні — Прыморскі край. Раман Фёдараў працаваў сумесна з беларускімі й сібірскімі этнографамі, былі выдадзеныя калектыўныя манаграфіі “Белорусы в Сибири: сохранение и трансформации этнической культуры” (Новасібірск, 2011, галоўны рэдактар А. Ф. Фурсава) і “Традиционная культура белорусов во времени и пространстве” (Мінск, 2013, галоўны рэдактар А. В. Цітавец).

Мы запыталі ў суродзіча: што ў ягоных навуковых планах на бліжэйшы час? “Асноўная мэта на бліжэйшы час — напісаць доктарскую дысертацыю і абагульняльную манаграфію, прысвечаную захаванню ды адаптацыі традыцыйнай культуры беларускіх перасяленцаў на тэрыторыі Сібіры й Далёкага Усходу, — адказаў Раман Юр’евіч. — У сферы першачарговых навуковых інтарэсаў і вывучэнне трансфармацый этнакультурнай ідэнтычнасці беларускіх перасяленцаў, іх каляндарнай і сямейнай абраднасці, матэрыяльнай культуры й гаспадарчай дзейнасці”. Па словах навукоўца, яму тое вельмі цікава, да таго ж ён ганарыцца сваімі беларускімі родавымі каранямі.

Што да Іркуцкай вобласці, то яна займае ў жыцці суродзіча сваё асаблівае месца: “Сюды я рэгулярна прыязджаю для таго, каб правесці этнаграфічныя экспедыцыі ды паразмаўляць з сябрамі ўжо цягам апошніх шасці гадоў. За гэты час былі палявыя даследаванні ў Баяндаеўскім, Брацкім, Куйтунскім, Заларынскім і Тайшэцкім раёнах. А ў будучыні хацелася б аб’ехаць іншыя куткі рэгіёну: каб глыбей акунуцца ў самабытную культуру, паназіраць, як жывуць тут нашчадкаў беларускіх перасяленцаў”.

Ад жыхароў Прыбайкалля ў яго — толькі станоўчыя ўражанні: “Сюды мяне вельмі прыцягвае прыгажосць душы многіх людзей, з якімі я сустракаўся. І прыгажосць тая сугучная з неапісальнай прыгажосцю прыроды Прыбайкалля. Многія з тых, каго я тут сустрэў, — гэта яркія натуры: адкрытыя, бескарыслівыя, з непадробнай любоўю да сваёй малой радзімы. Таму я абавязкова, і яшчэ не раз, прыеду ў Іркуцк”.

Этнаграфічныя паездкі па беларускіх вёсках Іркуцкай вобласці сезона‑2018 Раман Фёдараў ацаніў станоўча. Ён будзе пісаць нарыс пра вандраванне, новыя знаёмствы й знаходкі. Спадзяемся, гэта будзе цікава!

Марыя Лойка, г. Іркуцк


Ад рэдакцыі.

Мы ведаем па тэкстах, што раней знайшлі ў інтэрнэце, пра вялікую ўвагу Рамана Фёдарава да жыцця, традыцый беларусаў Сібіры. Пры добрым збегу абставін маглі б і сустрэцца з ім восенню 2013‑га: тады журналісты Іван і Валянціна Ждановічы былі ў камандзіроўцы ў Цюмені, райцэнтры Вікулава, наведвалі тамтэйшыя беларускія вёскі Ермакі, Асінаўку. Артыкулы потым змяшчаліся ў газетах “Голас Радзімы”, “СОЮЗ”, “Российской газете”, часопісе “Беларусь. Belarus”. Мяркуем, тэксты ад няштатных аўтараў з розных рэгіёнаў Сібіры, што друкуюцца ў “ГР”, таксама трапляюць на вочы шаноўнаму супляменніку. Таму — спадзяемся на супрацоўніцтва, Раман Юр’евіч! Плёну вам у падзвіжніцкай працы, якая дапамагае глыбей спазнаваць Беларускі Мацярык у свеце.

Уладзімір Крыловіч — стрыечны дзядуля Рамана Фёдарава

Уладзімір Крыловіч (1895–1937) быў адным з першых акцёраў і заснавальнікаў беларускага нацыянальнага тэатра і кіно. Нарадзіўся ён 1 лістапада 1895 гады ў вёсцы Крыловічы паблізу Койданава: цяпер гэта Дзяржынскі раён Міншчыны. З 1915 году ўдзельнічаў у аматарскіх спектаклях. Іграў розныя ролі ў спектаклях рускіх і ўкраінскіх труп, якія гастралявалі па Беларусі. Пазней быў удзельнікам Грамадзянскай вайны. З 1921 году Уладзімір Крыловіч працаваў у першым Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) у Мінску. (удакладніць) Кіраваў тэатральнай студыяй пры тэатры. Іграў рамантычных і сацыяльных герояў у спектаклях, што ставіліся ў тэатры па п’есах беларускіх, рускіх савецкіх драматургаў. Тэатральныя крытыкі пісалі, што ў акцёра Уладзіміра Крыловіча быў яркі тэмперамент, якія спалучаўся з мяккасцю і лірызмам. Ён любіў надаваць сваім героям рамантычную афарбоўку. Памёр (ці быў рэпрэсаваны?) Уладзімір Крыловіч 23 кастрычніка 1937 года. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».