Вы тут

На Бацькаўшчыне добра мастаку


Рэдакцыю наведаў даўні сябар газеты Вячаслаў Ігнаценка — вядомы беларускі мастак з Кішынёва.


Мастак Вячаслаў Ігнаценка

Прыцягненне родных мясцін асабліва востра, падаецца мне, на ўзроўні падсвядомасці адчуваюць натуры творчыя. Таму ў планах на лета й вылучаюць часу, каб наведаць зямлю бацькоў, нават калі жывуць ад яе далёка. І Вячаслаў Ігнаценка, расказвалі мы раней, імкнуўся праведваць матулю сваю, што жыла, чакала сына ў роднай яму палескай вёсцы Пярэдзелка. Гэта Лоеўскі раён Гомельшчыны. Дзівосныя мясціны там пры Дняпры — паказваў раней фотаздымкі. Хораша глядзіцца старая шляхецкая сядзіба, у якой была школа... Але маці не стала, і ў хуткім часе бацькоўскую хату сястра Вячаслава, што жыве ў Гомелі, прадала добрым людзям — каб не пуставала. Як ні балюча было тое перажыць мастаку, ды прыйшлося. І нібы аддалілася вёска, хоць і незабыўная па-ранейшаму, страціўшы два такія найважнейшыя колеры, дзве непаўторныя і незаменныя рысы ў сваёй светабудове: маму і хату.

Калі мы сустракаліся з Вячаславам Ігнаценкам у ліпені, ён казаў: абавязкова ў родны кут паеду, ну як жа без гэтага... Цяпер, у апошнія гады, месцам адпачынку й натхнення для яго ў Беларусі становіцца сястрынскае лецішча пад Гомелем. Адтуль і завітаў у Мінск — да сяброў, родных, блізкіх. У Мінску, дарэчы, сын яго працуе ў аддзеле кадраў адной ІТфірмы. А ўнучка, расказваў, якраз сёлета паступіла ў Мінскі прафесійнатэхнічны каледж чыгуначнага транспарту: мае інтарэс да чыгункі.

Гаварылі трохі пра жыццё беларусаў у Малдове. На жаль, прызнаваўся, людзям там няпроста цяпер выжываць, таму й часу на грамадскую дзейнасць не ўсім хапае. Аднак узяў на заметку, што прадстаўнікі малдаўскай дыспары, якія актыўна сябе праяўляюць, у прыватнасці, пад Мінскам, у Дзяржынскім раёне, зацікаўлены ў кантактах з беларусамі Кішынёва. Пакуль, гаварылі мы шчыра і па-сяброўску, не вырашана там пытанне з гуртком юных мастакоў, заняткі ў якім раней вёў Вячаслаў Ігнаценка, і пра нядзельную беларускую школу ў Кішынёве, прызнаўся, пакуль нічога не чуў. Зрэшты, можа ўвосень штось азначыцца, калі актывізуецца жыццё ў суполках.

Ды як бы ні складваліся знешнія абставіны, а Вячаслаў Ігнаценка ўсюды застаецца мастаком. Ён прывёз, падпісаў, падарыў рэдакцыі прыгожыя буклеты, што выйшлі да ягоных мінулагодніх выстаў: яны прысвячаліся гораду Рашкаву і храмам Кішынёва. Казаў, праводзіць перамовы ў Гомелі, каб і там зладзіць выставу — але тое пакуль “без канкрэтыкі”. Як заўсёды, паказваў новыя невялічкія замалёўкіэскізы алоўкам, гелевай ручкай. Апошняя тэхніка, гаварыў, пры ўсёй простасці вымагае вялізнай канцэнтрацыі ўвагі. Вобраз, што творыцца ў свядомасці, даводзіцца ўвасабляць на паперы дакладнымі штрыхамі, лініямі ў адпаведнасці з задумай. Чырк — і ўжо нічога не падправіш, не пераробіш. А малюе ён усюды й кожны дзень. Нават, паказваў, рабіў эскізы ў цягніку. І не лецішчы яму — добра. Знаходзіць шмат чаго маляваць. А чаго няма ў мясцовых краявідах, нацюрмортах — тое лёгка дапаўняе, сыходзячы з задумы, вобразамі й дэталямі, што жывуць у ягоным уяўленні. Часам, кажа, і не ведаю, што атрымаецца: на паперу апускаюцца, бывае, нейкія аскалёпкі медытацый. А то з маленькай дэталі раскручваецца цэлая карціна.

Мастацкая хроніка жыцця летам 2018-га на лецішчы пад Гомелем

З дзясяткаў мініэскізаў я паспрабаваў раскласці на рэдакцыйным стале, пакуль гаварылі ды пілі каву, невялічкую кампазіцыю. І атрымалася гэткая “Мастацкая хроніка жыцця летам 2018-га на лецішчы пад Гомелем”. Толькі варта па гэтых непаўторных зорных картах душы мастака не слізгаць “замыленым” вокам, а паспрабаваць угледзецца, паглыбіцца ў дэталі, сюжэты таго, што ўбачыў, як адлюстраваў Вячаслаў на Бацькаўшчыне. Сам ён, дарэчы, паказвае свае накіды толькі ў вузкім коле сяброў і тым, каму ягоныя эксперыменты цікавыя. Аднак жа, гаварылі мы, каштоўнасць мастацтва — і ў такой вось нестандартнасці таксама. Сучасныя ж тэхналогіі дазваляюць як павялічыць гэтыя “чацвяртушкі” ў памеры (каб зрабіць іх паўнацэнным экспазіцыйным матэрыялам), так і манціраваць у тэматычныя блокі — скажам, па 6, 9, 12 эскізаў на лістах прэсаванага пенапласту. Апошняе важна, калі рабіць выставу перасоўнай: тады яна лёгка змесціцца ў звычайны чамадан.

І, будзем спадзяюся, можа такі чамаданвыстава эксперыментальнага мастацтва ад малдаўскага беларуса Вячаслава Ігнаценкі калінебудзь прыедзе з Кішынёва і ў Мінск, і ў Гомель, і ў Лоеў з Пярэдзелкай.

Іван Ждановіч 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.