Вы тут

Адзінота паэта


 Сёлета намінацыя «Лепшы дэбют» магла б гучаць як «Лепшы паэтычны дэбют», бо намінанты Нацыянальнай літаратурнай прэміі — тры маладыя паэтэсы.


Да ўвагі журы прадстаўлены зборнік паэзіі Вікторыі Курбекі, якая, акрамя вершаў, піша казкі на беларускай і рускай мовах. Сваё першае самастойнае выданне «Наш мир — это звёзды» (Мінск, «Колорград», 2017) паэтэса прысвяціла тэмам кахання, шчасця і ў сувязі з гэтым — праблемам грамадства. Паэтычная думка сканцэнтравана на асэнсаванні тонкасцей жаночай душы. Таму галоўнай гераіні, увасабленню яе аўтарскага «Я», часам уласцівы паказная абыякавасць, перажыванне болю і здрады, пачуцці непаразумення, адзіноты і недаацэненасці і, разам з тым, вера ў магутнасць кахання, бязмежная адданасць. Паэтэса змагаецца за простае і адначасова незямное, ідэалізаванае шчасце: жадае раздзяліць усё на дваіх, перавярнуць свет дзеля сваёй палавіны, аддаць апошняе. І ўсё ў яе з душэўным надрывам. Увогуле, творы Вікторыі Курбекі характарызуюцца ідэйнай канкрэтнасцю: шматсэнсоўнасці і расплывістасці ў зборніку няма. Іншая справа, ці даспадобы будуць гэтыя ідэі і іх увасабленне чытачу.

Кніга вершаў і перакладаў Юліі Алейчанкі «Пад чароўным шкельцам» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2017) суправаджаецца прадмовай Алеся Карлюкевіча, дзе адзначаецца, што паэтэса «знаходзіцца ў дарозе якраз да вялікай паэзіі». Ніхто не ведае, які кірунак прыме творчасць паэтэсы ў далейшым, але зараз ён характарызуецца разнастайнасцю і часам рознапалярнасцю пачуццяў, інтымнасцю і філасафічнасцю, насычанасцю сімваламі і іншасказаннямі. Першазначнасць у паэзіі Юліі Алейчанкі мае каханне, якое суправаджаецца сімваламі маладога, неабдымнага, чыстага, амаль казачнага шчасця:

Давай сустрэнемся ў Сонечным горадзе,

Дзе ўсе пацалункі на целе не змесцяцца,

Збяжым па гулкай параднай лесвіцы

У сад, дзе-птушкі-сірыны водзяцца.

Ёсць і трывожныя ноткі ў тэкстах Юліі Алейчанкі: вобразы чорнай ночы, атруты і зелля, гругана, што б’ецца ў шыбу, бадзяжных душ ідуць поплеч з лірычнай гераіняй, якая, бывае, знаходзіцца ў палоне самоты, смутку і страху, спрабуе ператварыць сваё сэрца ў камень, звяртаецца да каханага з недаверам, амаль заўсёды адчуваючы ненадзейнасць, небяспеку, скруху. У зборнік уключаны пераклады вершаў іншых паэтаў з розных краін: Эквадора, Непала, Удмуртыі, Туркменістана і Кітая. У кожны з іх аўтар укладвае часцінку сваёй душы.

Настасся Каротчыкава дэбютуе з выданнем «До мінор» (Мінск, «Колорград», 2017), якое прываблівае сваёй філасафічнасцю і сур’ёзнасцю. У слове ад аўтара паэтэса заўважае, што вершы і музыка заключаюць у сабе шмат судакранання, бо ў кожнага з іх ёсць свая мелодыя. І нягледзячы на тое, што паэтэсе няма нават 22 гадоў, яна стварыла паэтычны зборнік аднароднага настрою, сугучны з трывожнай і крыху трагічнай мелодыяй «до мінор». Ён напоўнены адчуваннем хуткаплыннасці часу, і, здаецца, аўтар ужо адчувае сябе пасталелай не па гадах — шмат твораў прысвечаны пройдзенасці жыццёвай дарогі. Прыкмячаючы ўсю супярэчлівасць свету і пастаянна знаходзячыся ў пошуках, паэтэса прымярае на сябе некалькі роляў, некаторыя вершы нават напісаны ад мужчынскага імя. Падсумоўванне адбываецца вершам даволі самакрытычным:

 И разве назовёшь стихами

Души моей чернильный след?

Моё из мыслей оригами?

Из строчек искренний букет?

Мой рок, измеренный листами?

Нет. Я не поэт. Нет...

Храналагічна і структурна гэта апошні твор зборніка. Ён дае чытачу нагоду для разважання, ці будзе Настасся Каротчыкава працягваць творчыя пошукі. У вершах адчуваецца ўплыў рускіх паэтаў на кампазіцыйным і ідэйным узроўнях. Супрацьпастаўленне сябе натоўпу, тэма чужога чалавека ўласціва творчасці Настассі Каротчыкавай у поўнай ступені. Усё ж такі існуе ўнутраны канфлікт гераіні, які наўрад ці дасць скончыцца плённай творчасці. Галоўны герой у аповедзе Настассі Каротчыкавай — час, які бяжыць, імкнецца, дадае вопыту, але адбірае шмат дарагога. Менавіта ён і пакажа, чым будуць цікавы асоба паэтэсы і яе творы.

Пры асэнсаванні вершаў любога паэта галоўнай мэтай з’яўляецца перадача тых вобразаў, пачуццяў, што ўзнікаюць пры чытанні і пасля яго. Бясспрэчна, гэта цалкам суб’ектыўная рэч, з якой можна і не пагадзіцца. Але нават суб’ектыўнасць чытачоў так ці інакш надае значнасці і ўвагі творам пачаткоўцаў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.