Вы тут

Вольга Жалезкая: Першы букет быў... пластыкавы


Штодзённыя рэпетыцыі, грым і дэвіз: «Бачу мэту, не бачу перашкод». Менавіта ў такім тэмпе жыве і працуе гэта актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Вольга Жалезкая не толькі таленавітая артыстка і вакалістка, але і вельмі цікавая суразмоўніца. З гутаркі з ёй мы даведаліся шмат пра яе саму, а таксама пра тэатр, у сценах якога і прайшла наша сустрэча.


— У вашай сям'і былі творчыя асобы ці вы «першаадкрывальнік» у гэтай сферы?

— У бацькоў тэхнічныя прафесіі, але ўсе вельмі любяць мастацтва ва ўсіх яго праявах. З самага дзяцінства мы сям'ёй кожны тыдзень хадзілі ў тэатры, на выстаўкі, наведвалі канцэрты. У кампаніі бацькоў былі артысты, так што любоў да музыкі і мастацтва, як той казаў, з «кухонных вячорак». Па расказах маці я ведаю, што бабуля і дзядуля вельмі добра спявалі: ні адно вяселле ці вечарынка, якія ладзіліся ў вёсцы, не абыходзілася без іх. Думаю, што артыстызм, вакальныя даныя, жаданне дарыць свой талент і любоў гледачу ў мяне менавіта ад бабулі. Але без мамінай упартасці і татавай любові, упэўнена, наўрад ці што-небудзь бы атрымалася.

— Ці памятаеце свой першы букет, падораны ўдзячнымі гледачамі за выступленне?

— Гэтыя першыя кветкі я ніколі не забуду! Мне было тры гады, на адным з дамашніх мерапрыемстваў, гледзячы на сяброў бацькоў, якія выдатна спявалі, я вырашыла таксама «бліснуць» і праспявала нейкую песню. Усім вельмі спадабалася, мне апладзіравалі, і ў падарунак за выступленне гаспадыня дома паднесла тры пластыкавыя цюльпаны. Вось такі быў мой першы букет. Дарэчы, ён да гэтага часу стаіць дома, нагадваючы аб тым поспеху.

— А з чаго пачалася ваша музычная адукацыя?

— Музыкай займаюся з пяці гадоў. Пачынала з гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, потым вырашылі, што зручней будзе хадзіць у музычную школу пры музычным каледжы імя Глінкі, якую, дарэчы, я пяць разоў кідала. І толькі ўпартасць мамы і любоў выкладчыкаў не далі мне зрабіць гэта канчаткова. Музычную школу ў выніку скончыла на «выдатна» як піяністка. Потым паступіла ў музычны каледж на спецыяльнасць «дырыжор (акадэмічны хор)», які таксама скончыла на «выдатна».

Наогул з педагогамі ў жыцці ў мяне нейкая неверагодная гісторыя. Я ўсе гады вучобы павінна была быць у зусім іншых выкладчыкаў, але лёс упарта вёў мяне і я аказвалася ў патрэбны час у патрэбным месцы. Далей паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на вакальную кафедру. ВНУ скончыла зноў жа на «выдатна».

У гэты час былі паездкі на конкурсы, бясконцыя канцэрты, фестывалі, гастролі... Бурнае творчае жыццё. І завяршыла сваю прафесійную падрыхтоўку паступленнем у магістратуру ў Акадэмію музыкі на спецыяльнасць «магістр мастацтвазнаўства».

— Як пасля гэтага аказаліся ў музычным тэатры?

— Ніколі не думала, што буду працаваць тут. Заўсёды марыла спяваць у оперы і на гэта настройвалася. Як лічу сама, у тэатр трапіла выпадкова, але палюбіла яго ўсёй душой і засталася назаўсёды!

Пачалося ўсё з конкурсу вакалістаў імя С. Манюшкі, які праходзіў у Мінску ў Музычным тэатры. Пасля яго мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр тэатра запрасілі мяне на галоўную ролю ў першы нацыянальны гістарычны мюзікл «Соф'я Гальшанская». Уласна з гэтага і пачалося маё прафесійнае тэатральнае жыццё. Пасля Соф'і былі іншыя пастаноўкі: «Вяселле ў Малінаўцы», «Лятучая мыш», «Юнона і Авось» і г. д. Увогуле, Музычны тэатр стаў для мяне другім домам.

— Ці цяжка было ўліцца ў калектыў?

— Па першым часе — так, вельмі. Напэўна, мяне яшчэ выратавала тое, што я цалкам не адчувала адказнасці за ўскладзеныя на мяне абавязацельствы і велізарны крэдыт даверу, які аказала кіраўніцтва. Я проста працавала, шмат працавала і старалася прыйсці да годнага выніку. І ён з'явіўся: на трэцім конкурсе тэатральнага мастацтва спектакль быў удастоены Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

— Ці часта вы ездзіце на гастролі?

— Увогуле ў нас сям'я інтэрнацыянальная, сваякі жывуць у розных краінах на розных кантынентах. І цяпер, не без маёй дапамогі, мы набылі прыхільнікаў ужо па ўсім свеце. Хацелася б верыць, што Музычны тэатр будзе толькі пашыраць свой гастрольны спіс. Нашых артыстаў усюды любяць, усюды чакаюць, і я ўпэўнена, што з такім прафесійным узроўнем падрыхтоўкі, з неверагоднай самааддачай і любоўю, з якой яны працуюць, немагчыма не заваяваць нават самых патрабавальных гледачоў.

Гастролі — заўсёды яркія эмоцыі для артыста. Мы заўсёды вельмі чакаем іх, таму што ў першую чаргу гэта магчымасць прывезці і паказаць часцінку нашай цудоўнай краіны за мяжой, нашы найцікавейшыя спектаклі. А нам — пазнаёміцца з новай культурай, даведацца і паглядзець, як працуюць артысты ў іншых краінах, у іншых тэатрах, павучыцца, паглядзець і ўзяць для сябе нешта для таго, каб зноў здзіўляць гледача, атрымліваць яркія эмоцыі, зараджацца пазітыўнай энергетыкай. І вядома, магчымасць пабыць у кампаніі сваіх аднадумцаў. Не так часта атрымліваецца сабрацца разам. У нас няма карпаратываў, выездаў на прыроду. Усе святы мы адзначаем на працы! Таму гастролі — гэта той час, калі мы можам не толькі разам шчыраваць, але і разам адпачываць!

— Вы працуеце ў жанры аперэты...

— Распаўсюджана памылковае меркаванне, што ён — лёгкі і вясёлы: песні, танцы... Здавалася б, нічога складанага. А насамрэч — гэта неверагодна цяжкі і, мабыць, самы сінтэзаваны музычны жанр, дзе артыст павінен не проста прыгожа і правільна спяваць, ён павінен добра танцаваць і быць выдатным драматычным акцёрам, каб не страціць тэмпарытм спектакля, які канцэнтруецца і ўстанаўліваецца праз музычныя і танцавальныя нумары.

— Якія ролі вы іграеце? Ці ёсць у вас любімыя?

— Я моцна люблю сваіх гераінь, таму кожная роля для мяне — любімая. Соф'я — дарагая за яе самаадданасць і моцны характар. Разам з тым яна шчырая, вельмі чыстая і ў яе вялікая добрая душа, якая і выратавала гераіню ад немінучай смерці. Ярынка — гэта іскра, эмацыянальнасць, яна вельмі шустрая, смелая, баявая, але ў той жа час вельмі мяккая, кахаючая, гатовая аддаць жыццё за праўду і сумленнасць. Гераіня «Лятучай мышы» Адэль захапляе мяне сваёй упартасцю. Яна сваім дапытлівым розумам, сваім какецтвам, вытанчанасцю і велізарнай працаздольнасцю дамагаецца пастаўленай мэты: сціплая вясковая дзяўчына атрымлівае ролю ў вядучым тэатры. Вельмі любіла ролю Канчыты з «Юноны і Авось» — там наогул цэлае жыццё пражываеш у маленькім адрэзку сцэнічнага часу.

— А чым адрозніваюцца дзіцячыя ролі ад дарослых?

— Вельмі люблю дзіцячыя спектаклі. У мяне іх няшмат, усяго два: «Прыгоды Герды і Кая» і «Баль у Папялушкі». Дзеці — гэта зусім іншы глядач. Яны заўсёды сумленныя, шчыра выказваюць свае эмоцыі. Калі ім падабаецца, ты гэта адчуваеш: табе суперажываюць, дапамагаюць, удзельнічаюць у спектаклі. Таму заслужыць прызнанне дзяцей заўсёды больш важна і складана, чым дарослых!

— Як вы праводзіце свой вольны час?

— У нашай прафесіі трэба вучыцца пастаянна. Як толькі спынішся — адразу рэгрэс. Я заўсёды стараюся не сядзець на месцы. Мне цікава ўсё: люблю оперу, аперэту, імкнуся бываць на ўсіх даступных гастрольных спектаклях іншых тэатраў. Вельмі люблю драматычныя: Рускі тэатр, Тэатр беларускай драматургіі, у іх геніяльныя пастаноўкі. Люблю тэатр антрэпрызы «Альфа канцэрт», хаджу ў філармонію на сімфанічныя канцэрты.

Я вельмі актыўны чалавек. Займаюся спортам, стараюся часцей бываць за горадам, на свежым паветры. Мне цікава ўсё новае, усё незвычайнае для мяне. Люблю працаваць на пераадоленне сябе і звычайна заўсёды працую на вынік.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІI курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?